Читать книгу Кніга пра Нішто (зборнік) - Валянцін Акудовіч - Страница 7

Мяне няма
Частка першая
Нараджэнне я-чалавека

Оглавление

Самаанігіляцыя антычнай цывілізацыі – адна з найвялікіх тайніцаў Тэкставай эры. Не выдавала б на нешта дзіўнае, каб антычнасць трансфармавалася ў нешта іншае, прарасла новымі формамі сацыяльнасці ды мыслення, нават, хай сабе, абярнулася нечым супрацлеглым, нейкай апазіцыяй самой сабе. Аднак нічога гэтага не сталася, антычнасць, лічы, без рэшткаў знікла з кантэксту еўрапейскай цывілізацыі.

Зноў жа, чаго толькі не знікае дазвання з гэтага свету, але за тое, што антычнасць мела ў сабе магутны патэнцыял для наступнасці, сведчыць яе татальнае вяртанне (герменеўтычна сканструяванае з ацалелых рэшткаў) ужо ў сусветны культуралагічны дыскурс.

Антычнасць вярнулася, і нават сваім вяртаннем пазначыла цэлую эпоху (Рэнесанс), і з таго часу застаецца сярод загалоўных чыннікаў ды дзейнікаў прынамсі еўрапейскай культуры… Дык што здарылася тады? Чаму вялікая і, як на тую пару, дасканалая цывілізацыя з безліччу адмысловых міфаў, магутнай філасофіяй, упарадкаванай сацыяльнасцю неўпрыкмет змарнела ў нішто?

На гэтае пытанне існуе шмат адказаў, але іх занадта, каб хоць нейкаму даць веры, нават найбольш папулярнаму, які ў самых розных мадыфікацыях абапіраецца на адну і тую ж версію: маўляў, чалавеку нарэшце адкрыўся сапраўдны Бог і тым самым быў «пастаўлены крыж» на паганскіх кумірах і паганскім ладзе жыцця.

Антычная міфалогія ведала даволі багоў і герояў, якія пераўзыходзілі Хрыста ў пакутах за людства, антычная філасофія мела колькі заўгодна інтэлігібельных канструкцыяў, кожная з якіх пры неабходнасці магла актуалізавацца ў монатэістычнага Бога, антычная этыка ў сваіх маральных тэзах нічым не саступала этычнаму імператыву Нагорнай казані (згадаем хаця б «Залатыя вершы» піфагарыйцаў)… Дык чаму антычнасць не змагла вымкнуць з сябе нешта падобнае да хрысціянскага Бога, які б з сярэдзіны перарэфармаваў яе структуру і лад адпаведна наспелым патрэбам, а чакала (дачакалася!) прышлага, што яе, урэшце, і згубіла?

Бадай, адна з асноўных прычынаў татальнага адыходу еўрапейскага людства ад антычнай стратэгіі быцця палягала не ў тым, што хрысціянства запрапанавала яму «лепшы» міф, «лепшую» этыку, «лепшага» Бога (усё гэта «лепшае» – падкрэслім яшчэ раз – мелася і ў інтэлігібельным дыскурсе антычнасці), а ў тым, што ў хрысціянскай мадэлі быцця знайшлося персанальнае месца асобнаму чалавеку.

Хрысціянства вылучыла кожнага асобнага чалавека з эйдасу чалавека і адкрыла яму: ты ёсць як Ты. Але яно не толькі пазначыла персанальную наяўнасць я-чалавека ў каардынатах рэальнага быцця, яно яшчэ і паабяцала яму месца ў быцці ірэальным. Займеўшы магчымасць быць не толькі тут і цяпер, але яшчэ там і потым, я-чалавек не схацеў болей быць як не-быць энтылехіяй эйдасу чалавека тут і ўласна эйдасам там. Таму ён без асаблівай шкадобы да назапашаных багаццяў пакінуў залатыя харомы антыкі ды схаваўся ў смуродлівыя прыцемкі катакомбаў, каб там намацаць самога сябе як найвялікшую з магчымых для сябе каштоўнасцяў быцця.

Заакцэнтуем увагу на слове «пакінуў», бо ў маім разуменні яно з’яўляецца лёсавызначальным, што да антычнай цывілізацыі: ніхто гэтую цывілізацыю не бурыў, не знішчаў, не заваёўваў (хаця, натуральна, і бурылі, і зніштажалі, і заваёўвалі – ды не пра тое тут гаворка) – чалавек яе проста пакінуў, пакінуў з ўсёй матэрыяльнай і духоўнай раскошай дзеля раскошы мець самога сябе.

Інакш кажучы, у антычнай цывілізацыі, здаецца, было ўсё, што трэба чалавеку, акрамя патэнцыі да актуалізацыі я-чалавека як адзіна перспектыўнай для яго падзеі быцця – адкуль і вядомы вынік, які сама яна нават не здолела асэнсаваць: неўпрыкмет сканала, шчасліва не разумеючы, што здарылася і з чаго так здарылася?!

Кніга пра Нішто (зборнік)

Подняться наверх