Читать книгу Кніга пра Нішто (зборнік) - Валянцін Акудовіч - Страница 5

Мяне няма
Частка першая
Эра тэксту

Оглавление

Міф ведаў час як прасторава-паслядоўную множнасць адной тойсамай падзеі – Тэкст пераняў у Міфа сюжэт множнасці, але пераніцаваў яго ў множнасць бясконца розных падзеяў, якія апазнаюцца не адно ў наяўнасці ёсць-цяпер, але і рэтраспектыўна, у наяўнасці былі да таго, як сталася ёсць.

Тэкст, зафіксаваўшы прастору было, вылучыў ідэю часу як а-рэальную і ў сваёй а-рэальнасці цалкам самадастатковую праекцыю быцця існага, з чаго на месцы статычнай а-рэальнасці Міфу паўстала дынамічная а-рэальнасць Часу, і гэтая перамена дазволіла павялічыць аб’ём быцця да той меры, якая ўжо змясціла ў сабе і адзінкавае вымярэнне персаналізаванага чалавека.

Тэкст – прарадзіма персанальнага чалавека. Тэкст апазнаў я-чалавека ў існым, вылучыў яго адтуль і знайшоў яму месца ў прасторы а-рэальнасці – і тым самым пазначыў яго каардынаты і ў рэальнай прасторы. Праўда, напачатку эры Тэксту чалавек быў яшчэ больш падобны да героя міфу, аднак пакрысе ён усё болей таясаміўся з падзеямі ўласнага лёсу, хаця, заўважым, адно ў той меры, якая была закладзена ў выяўленчыя магчымасці Тэксту. (Апошняе досыць істотна, бо сучасны чалавек ёсць такім, якім ён ёсць, не таму, што ён насампраўдзе, па «адпрыроднай задуме» менавіта такі, а таму, што ў патэнцыяле Тэксту была менавіта такая магчымасць фармавання чалавека.)

Здольнасць Тэксту вымыкаць я-чалавека з наяўнага рэальнага ў а-рэальнае найперш праявілася інфарматыўна. Вось чаму першапачаткова чалавек Тэксту – гэта чалавек сваёй біяграфіі.

Біяграфія я-чалавека як фактаграфія ягоных дзеяў, патрапіўшы ў сіло Тэксту, пачала мацаваць было ў ёсць, з чаго было паўстала ў новай якасці – было як ёсць цяпер, што і прадвызначыла феномен рэфлексіі: спачатку – спробу вытлумачыць факт падвоенай наяўнасці быцця чалавека (адно быццё ў ёсць, другое – у было), да чаго пакрысе дадалося і жаданне звесці нічым не ўтаймаваны вэрхал адзінкавых біяграфічных падзеяў у нейкі агульны сэнс, у пэўную ідэалогію, у апрычоную дэтэрмінацыю ўсяго з усім.

Міф не ведаў рэфлексіі, міфалагічны чалавек адно фіксаваў наяўнае ў вобразна-метафарычных малюнках, што паходзілі з яго ўяўлення аб наяўным існым. У пэўным сэнсе міфалагічны чалавек яшчэ не мысліў, а толькі бачыў і пераказваў бачанае намінатыўным ці метафарычным словам. Спрашчаючы, міфалагічнага чалавека можна параўнаць з люстэркам, якое люструе карціну, сфакусаваную ў міфалагеме свету. Ён, як люстэрка, яшчэ ні на чым не акцэнтуе ўвагу, нічога не вылучае, не дадае, не адымае, тым болей – не асэнсоўвае, не тлумачыць. Каб апошняе сталася магчымым, трэба было, каб сфармавалася тэхналагічна інакш арганізаваная роўніца люстравання быцця. Такой інакш арганізаванай роўніцай і стаўся Тэкст, які мог вымыкаць з ёсць ці было тыя альбо іншыя актуаліі, гуртаваць іх і замацоўваць у якасці стала прысутных. З чаго паступова, праз механізм параўнання трывала прысутных знакаў актуальнасці, сталася магчымай аналітыка як самога наяўнага, так і ўяўленняў чалавека пра гэтае наяўнае. Тэкст дадаў да зместу чалавечага бытнавання два найістотныя моманты: час як час і мысленне як мысленне, – і гэтым завершыў распачатае Міфам стварэнне чалавека як каланізатара быцця.

Тэкст канчаткова падзяляў быццё чалавека на прысутнасць у быцці і рэфлексію над быццём, на наяўнае і намысленае; на рэальнае як змест таго, што было і ёсць і а-рэальнае як змест рэфлексіяў над тым, што было і ёсць, у тым ліку і рэфлексіяй над усімі папярэднімі і самымі апошнімі рэфлексіямі. І яшчэ: Тэкст пачаў намацваць тэарэтычныя падставы для пашырэння ўласна часавай прасторы а-рэальнасці ў наступную праекцыю – у будзе.

Татэмны чалавек быў тым, што ёсць.

Міфалагічны чалавек быў тым, што ёсць і было.

Тэкставы чалавек быў тым, што ёсць, што было і што, магчыма, будзе.

Але ці быў пры гэтым сам чалавек як нехта акрамя таго, што нараджаецца, апладняецца і памірае?

Кніга пра Нішто (зборнік)

Подняться наверх