Читать книгу Кніга пра Нішто (зборнік) - Валянцін Акудовіч - Страница 17

Мяне няма
Частка другая
Калі тэкст быцця напісаны і прачытаны

Оглавление

Мера таясамасці я-чалавека посттэкставай эры (на пярэднім акрайчыку якой мы знаходзімся) з тэхнагеннымі комплексамі быцця перасягае ўсе межы значэння я-чалавека, з чаго я-чалавек апынаецца ў сітуацыі, якая пакідае яму адно месца прысутнасці пры быцці. Я-чалавек ужо не прытулак фізічных стыхіяў быцця, а нешта ўвогуле пабочнае быццю, нешта, што толькі туліцца да цела звышскладанага камбайна сусветнай цывілізацыі, які аднолькава інтэнсіўна ахоплівае сваёй дзейнасцю і кванты, і галактыкі, але пакідае незапатрабаваным я-чалавека. І хаця гэты камбайн пакуль не можа абыйсціся без чалавека як калектыўнага цэлага, але кожны я-чалавек паасобку ўжо не мае для яго аніякага істотнага значэння. Камбайн сам забяспечвае сябе сабой і нагэтулькі эфектыўна, што ў яго даволі магчымасцяў, каб за свой кошт яшчэ ўтрымліваць я-чалавека як дарэшты спрацаваную форму быцця існага – так грамадства ўтрымлівае ў багадзельні спрацаванага перастарка (хаця, магчыма, тут болей пасавала б параўнанне не з багадзельняй, а з рэзервацыяй для амерыканскіх індзейцаў).

Натуральна, што і ў Віртуальную эру біялагічны лёс я-чалавека застаецца тым самым, як і ва ўсе астатнія часы (нарадзіўся, апладніўся ды знік у невараці), але сітуацыя адбывання тэрміну быцця выглядае інакш, чым раней. Яна нечым нагадвае тую, што была ў эру Татэму – гэта значыць, сітуацыя чалавека без чалавека.

Я-чалавек – гэта ўсяго толькі міф пра чалавека. Дарэчы, склаўся гэты міф не ў эру Міфу (у тую пару я-чалавек сам сябе не вельмі цікавіў), а ў эру Тэксту. Тады ж я-чалавек быў сакралізаваны праз лучнасць са Словабогам. На гэтым сакралізаваным міфе дасюль трымаецца вера (апошнімі часамі, праўда, не зусім пэўная) у я-чалавека як у нешта большае ды іншае, чым ён ёсць са сваёй сапраўднасці.

Дэсакралізацыя Тэксту і, адпаведна, Словабога лагічна запатрабавала і дэсакралізацыі я-чалавека, што неўнікова паклікала і ягоную дэміфалагізацыю. Апранаха вялікага міфу пакрысе спадае з я-чалавека, і мы пачынаем бачыць яго тым, што ён ёсць (што яго няма). Ён сябе таксама пачынае бачыць такім, і яму робіцца няўтульна і ў значэнні раба Божага, і ў значэнні цара Прыроды, і нават у значэнні звышчалавека тэхнакратычнай цывілізацыі.

Час чалавека сканчаецца – у самых розных сэнсах. І ў сэнсе часу, дарэчы, таксама.

Прычына і мера часу, як добра вядома, я-чалавек. Без я-чалавека, без таго, што мае ўласную гісторыю бытнавання, вымкнутую з каляндарнага кругазвароту быцця, лінейны час ні для чаго не прыдатны і нікому не патрэбны (нават калі ён насампраўдзе ёсць як нейкая «матэрыяльная» якасць). Але паколькі ў Віртуальную эру на месца чалавека заступае «тэхна», гэта значыць тое, што знаходзіцца адно ў прасторы, дык мера часу зноў губляе сваю актуальнасць, як тое было, скажам, у пару Татэму.

«Тэхна» не ведае часу ў тых значэннях, якія надаў яму я-чалавек. І хаця аб’екты «тэхна» таксама некалі паміраюць («смерць» – базавая ўмова для існавання катэгорыі часу ў дыскурсе чалавека), аднак у адрозненне ад біялагічных аб’ектаў «смерць тэхнікі» залежыць не ад меры вітальнасці, а ад колькасці руху, закладзенага ў меру іх тэхнічных характарыстык. Таму не час (працягласць) дзейнасці, а колькасць ды якасць дзейнасці кладуцца ў парадыгму параметраў Віртуальнай эры. Але не тут, не ў гэтым асноўная прычына сыходу падзеі часу са стратэгіяў быцця на ягоную ўзбочыну.

Як ужо казалася, раней я-чалавек належыў двум часавым вымярэнням (было і ёсць). І хаця Тэкст вынайшаў і замацаваў трэці складнік часу – будзе, але наяўнасць будучыні заўсёды заставалася гіпатэтычнай. Гіпотэза пра будзе высноўвалася з эмпірычнага досведу я-чалавека, ёсць якога несупынна адсоўваецца ў было і на гэтае мейсца наступае новае ёсць. Калі безліч ёсць перасунулася ў было, дык натуральна меркаваць, што ёсць будзе і надалей, гэта значыць, што ў нас яшчэ маецца бясконцая магчымасць будзе, з якога не перастануць вымыкацца ўсё новыя ёсць.

Але гэта толькі лагічная выснова, сканструяваная на подзе эмпірычнага досведу. Ніякіх «канкрэтных» сведчанняў пра будучае чалавек ніколі не меў, хаця ў Тэкставую эру ўжо лічыў сябе жыхаром трох часавых вымярэнняў.

Аднак я-чалавек напраўдзе стане жыць у трох часавых вымярэннях адно тады, калі ён будзе мець будучае як наяўнае рэальнае хаця б у той меры, у якой мае мінулае. (Зразумела, мінулага таксама няма як ёсць, але яно застаецца з намі ў фактаграфіі, матэрыяльных аб’ектах, памяці і г. д і да т. п.)

Дык вось, цалкам верагодна, што Віртуальная эра (і ў гэтым яе найвялікая навіна ад Тэкставай ды ўсіх папярэдніх) насамрэч унаявіць будучае (будзе) – і быццё я-чалавека стане часава трохмерным. Рэальна, а не гіпатэтычна трохмерным. Знакі будучага запрысутнічаюць у сучасным з той жа аднолькавай мерай сапраўднасці, што і знакі мінулага.

Уласна, ужо цяпер, адно балансуючы на пярэднім акрайчыку Віртуальнай эры, я-чалавек досыць упэўнена ведае не толькі прагноз надвор’я на бліжэйшыя дні, але і бальшыню тых падзеяў, што яго чакаюць наперадзе. Ён дакладна, да хвіліны, уяўляе, у колькі падыме яго будзільнік, якім транспартам паедзе на працу, колькі аперацыяў яму давядзецца выканаць на канвееры, якія тэлеперадачы будзе глядзець цягам тыдня… Але ён ужо ведае не толькі расклад сваіх дзеяў і паводзінаў на бліжэйшыя дні, але і шмат чаго з больш аддаленага. Па гадзінах на гады распісана праграма яго школьнай адукацыі, тое самае і з адукацыяй вышэйшай, задоўга да нараджэння вядомы пол дзіцяці, на дзесяцігоддзі наперад вызначаны тэрмін выхада на пенсію і г. д. і да т. п.

Сцежку на сенажаць можна таптаць хоць кожны дзень новую, чыгунка ці хуткасная магістраль прадвызначае вектары руху на гады і гады… Інфраструктура Віртуальнай эры пакуль яшчэ толькі складваецца ў сваіх камунікатыўных і вытворчых парадыгмах, але ў пару свайго росквіту яна нагэтулькі абмяжуе магчымасці нязмушанага выбару, што ступень уніфікаванасці і запраграмаванасці я-чалавека на пэўную якасць і колькасць руху наблізіцца да ступені ўніфікаванасці і запраграмаванасці «тэхна». Адно гэта ўжо дае падставы меркаваць пра фармальную прысутнасць будзе ў ёсць, бо «тэхна» заўтра робіць тое, што і сёння, і прыватныя адхіленні ды зрэдзьчасныя выпадковасці сутнасна тут нічога не мяняюць…

Але ўсё гэта вонкавы бок, так бы мовіць, фармальная падстава рэальнага абнаяўлення будучыні. А карэнная прычына гэтай падзеі ў тым, што на месцы лінейнай прасторы Тэксту паўстала ўжо шматмерная, нелінейная прастора віртуальных дыскурсаў.

Тэкст праз фокус ёсць фіксаваў у прасторы а-рэальнасці адно тое, што было ў рэальнасці, хаця здаралася і спекуляваў на будзе. І гэта натуральна, бо магчымасцяў яго аднамернай прасторы, як і тэхналагічнага начыння, ніяк не хапала, каб «пралічыць» і зафіксаваць усю метаінфарматыку таго, што можа быць, гэта значыць, увесь аб’ём будзе, нават хай сабе лакалізаваны канкрэтным перыядам. (Між іншым, будзе зусім не бязмежнае і ў сваім цэлым, яно таксама мае сваю рамку, як і было.)

А вось бясконца шматмерная віртуальная прастора, прынамсі ў прынцыпе, дазваляе фіксаваць і ўтрымліваць усе верагодна-магчымыя варыянты будучага як на макра-, так і на мікраўзроўні, і пры наяўнасці патрэбы (ды напрацаванай метадалогіі) выбіраць для кожнай канкрэтнай падзеі (я-чалавека таксама) з усяго корпусу нелінейна магчымых будзе лінейна-паслядоўную фактакграфію гэтай падзеі.

Не кажучы пра макрарэчаіснасць, мапы будучыні якой заменяць ужо сёння мала патрэбныя геаграфічныя мапы, але і ўся канкрэтыка быцця будучага зробіцца падлеглай, прынамсі метадалагічна, семантычнай прысутнасці ў цяпер. Цяжка сказаць, ці палічаць тады мэтазгодным рабіць кожнаму асобнаму чалавеку падрабязную «дыяграму» яго ўласнага лёсу (ці нават «дыяграму» альбо нешта накшталт відэафільму пра жыццё наперад), але калі нават з нейкіх меркаванняў гэтым не стануць займацца, дык усё роўна, хай сабе і апасродкавана, будучае я-чалавека заселіць сваёй прысутнасцю ягоную сучаснасць, паколькі ўся прастора бытнавання я-чалавека будзе насычана знакамі будучага не ў меншай меры, чым сёння яна насычана знакамі мінуўшчыны…

Маючы за апірышча папярэдні футуралагічны экскурс, паспрабуем зрабіць наступную выснову. Калі будзе семантычна канкрэтна і непасрэдна аб’явіцца ў змесце ёсць, дык час у звыклым для нас сэнсе сканае.

Падзея часу анталагічна паходзіць з наяўнасці пачатку і канца ўсяго, што адбываецца ў існым (гіпотэза «вечнасці» гэтаму ані не замінае), а рух часу ініцыюецца вымыканнем феноменаў існага з патаемнага ў непатаемнае. На гэтым пераходзе з няма ў ёсць, а пасля з ёсць у было і трымаецца ўся «механіка» часу.

Віртуальным (да іх падобным і яшчэ нам пакуль невядомым) тэхналогіям новай эры наканавана стварыць сітуацыю, калі семантычна ўсё быццё ёсць адразу. Усё мінулае, усё цяперашняе, усё будучае ёсць адразу, у адным часавапрасторавым кантынууме.

Усё ёсць – нічога няма (няма няма). З гэтага атрымліваецца, што часу болей не выпадае кудысьці рухацца, паколькі рух часу абумоўлены пераходам быцця з няма ў ёсць, а тут усё, што можа быць, ужо ёсць, прынамсі ёсць у магчымасці ведання я-чалавекам семантыкі ўсяго, што можа быць і што будзе… Сфінкс засмяяўся і час сканаў…

Натуральна, гаворка тут ідзе не пра біялагічны час і не пра час узнікнення і распаду формаў матэрыяльнасці, якія, бадай, ніколі не ўнікнуць лінейна-часавай паслядоўнасці, а пра спыненне руху часу ў прасторы а-рэальнасці, якая рана ці позна семантычна цалкам асягне ўсё, што можа быць у існым, – і на мапе быцця не застанецца белых плямаў.

Веданне пра «ўсё быццё», пэўна ж, не адменіць уласна жыцця, руху падзеяў, бясконцасць чаргі нараджэнняў (і скону), але, як у эру Татэму, верне я-чалавека да звычайнага адбывання быцця, якое ідэалагемна ўжо не зможа нічым правакавацца.

Гэтаму вяртанню да я-чалавека без ідэі чалавека (міфа пра чалавека) будзе папярэднічаць, недзе супадаючы, некалькі найістотных падзеяў. Адна з іх досыць выразна пачынае праяўляцца ўжо сёння, пра што шмат дзе казалася – у гэтым тэксце таксама.

Усё істотнае (у метафізічным сэнсе), што магло быць прадумана – прадумана, выяўлена і прылучана да эйдычнага суплёту ідэяў. Таму мысленне ўжо амаль нічога не азначае, тым болей існавання. Хто сёння ўсур’ёз скажа: я мыслю, значыць я існую?! Урэшце, амаль мысліць ужо і «тэхна»…

Але калі пра «мяжу розуму» было сказана даволі, дык праблема «мяжы жаданняў» дасюль застаецца па-за належнай увагай, хаця яна куды болей значыць у праблеме я-чалавека, бо і самое мысленне – гэта толькі адна з формаў жадання, жадання мысліць.

Жаданнем, аб’ёмам і кшталтам «хачу» я-чалавека вызначаецца сутнасць і змест ягонага быцця-для-сябе, як называў чалавека Сартр. Заўважым, не «магу», а менавіта «хачу» адыграе ў гэтым заканадаўчую ролю. Я-чалавек можа толькі тое, што ён хоча (нават калі ён не можа дасягнуць таго, чаго ён хоча). Памкненне да здзейсненасці жаданняў рухае махавік быцця-для-сябе.

Хачу я-чалавека – модус, разгортванне якога ў бок здзяйснення абумовіла фармаванне цывілізацыі. Віртуальная эра – завяршэнне гэтага разгортвання, форма максімальнага забеспячэння хачу здзейсненасцю як на фізіялагічным, так і на духоўным узроўнях.

Дарэчы, жаданні я-чалавека адно здаюцца бязмежнымі, насамрэч іх патэнцыял не такі ўжо і вялікі. Быційна ён вызначаецца патрэбай забеспячэння сябе існаваннем ды самім сабой, а пабытова вельмі рэдка сягае далей запатрабаванняў фізіялогіі і ўяўленняў я-чалавека пра неабходны яму матэрыяльна-духоўны інтэр’ер. Таму належны ўзровень дабрабыту і мабільныя структуры камунікатыўнага дыскурсу ўжо сёння дазваляюць «залатому мільярду» задавальняць сваё хачу амаль напоўніцу. Натуральна, калі не блытаць хачу як экзістэнцыйную патрэбу з фантазіямі на тэму «хачу». Я-чалавек можа мроіць пра валадарства над Сусветам, але з гэтага зусім не вынікае, што ён рэальна жадае хоць якога валадарства.

Карацей кажучы, у Віртуальную эру хачу як праблема пакрысе будзе губляць сваю канцэптуальную актуальнасць (спачатку метафізічна, затым быційна і, урэшце, пабытова). З усіх жаданняў, з усіх хачу актуальным у бучым застанецца хіба хачу хацець, але дамінаваць будзе не яно, а хачу не-хацець, гэта значыць, хачу быць як не быць, быць паўз самога сябе.

Страта падзеі часу, асягнутая мяжа магчымасці розуму і набытая мера магчымасцяў жадання ў сваёй сукупнасці вынікнуць тым, што я-чалавек у перспектыве канчаткова страціць сакральную значнасць як у кантэксце самога сябе, так і ў метакантэксце быцця існага.

Я-чалавек будзе як не-будзе. Будзе без хоць якой-кольвек ідэі самога сябе. Зрэшты, такім ён быў заўсёды раней, пакуль не прыдумаў міф пра чалавека.

Дарэчы, а чаму мы павінны думаць, што гэты міф быў апошнім?

Апошнім! Прынамсі, падобнага кшталту. І справа вось у чым…

Да Тэхнагеннай эры чалавек заўсёды жыў альбо ў свеце, створаным Прыродай, альбо ў свеце, створаным Богам (багамі). З усіх чатырох бакоў чалавека атачала рэальнасць, якая паўставала не з яго волі і мазаля. Апрацаваны ім самім лапік зямлі, некалькі будынкаў на падворку, трохі прыладаў у жытле, як і ўсё селішча разам выглядалі такой драбніцай, раўнуючы з усім астатнім светам, зробленым некім іншым, што чалавек не мог не сакралізаваць гэтага магутнага іншага ў якой-кольвек трансцэндэнтнай універсаліі. (Прынцыпова сітуацыю не мянялі вялікія гарады, якія мела кожная эпоха. У тых «мегаполісах», як і за іх мурамі, аднолькава панавалі зямля, неба, агонь ды іншыя прыродныя ці боскія стыхіі…)

А вось чалавек Віртуальнай эры месціцца ў свеце, непасрэдна створаным ім самім… Рыхтавалася гэтая перамена спакваля, і хаця анталагічна яна паходзіць з сутвы самога чалавека, але гістарычна яе пачатак датуецца часам, калі чалавек ужо вылучыў сябе з цела існага і пазначыў усё адкрытае яму існае як існае-для-чалавека. Гэтым актам ён заканстытуяваў свае правы на валоданне і карыстанне ўсёй цялеснасцю быцця дзеля сваёй спажыўнай хэнці. Такім чынам адбыўся прарыў да сучаснай цывілізацыі, якая ёсць ні што іншае, як тэхналогія татальнай перапрацоўкі існага згодна запатрабаванням хачу чалавека.

Цывілізацыя як тэхналогія перапрацоўкі існага, замкнутая на чалавеку, перайначыла космас бытнавання чалавека да той меры, за якой гэты космас ужо не таясаміцца ні з чым (кім) яшчэ, акрамя як з чалавекам. З усіх бакоў, і побач, і ўдалечыні, уся прастора каланізаваная чалавекам і густа напакаваная здзяйсненнямі яго фізічнай альбо інтэлектуальнай працы. Усюды, куды вокам ні кінь, не Прырода, не Бог, а ён сам – чалавек. Дык скуль тут хтосьці яшчэ, акрамя чалавека, яго розуму і працы?!

Верагодна, падобнае абгрунтаванне немагчымасці новай трансцэндэнтнай фігуры, якая б падтрымала сакральныя міфы (і пра чалавека таксама), выглядае залішне спрошчаным, бо ўсё гэта не адмаўляе містычнага жаху перад нябытам, з чаго найперш і ўзнікае патрэба ў нейкай трансцэндэнтнай волі як аптымізацыі гэтага жаху. Але пры ўсёй спрошчанасці аргументацыі на карысць немагчымасці новага Бога старога кшталту, чалавек наўрад ці зможа пераадолець сітуацыю непасрэдна ім зробленага свету, якой ён неўпрыкмет абгарадзіўся ад магчымасцяў лучвы з сакральным і тым самым пакінуў сябе на адзіноце з самім сабой, ды яшчэ без сябе.

Адзін. Будзе туліцца на ўзбочыне быцця, ні для чаго і нікому не патрэбны.

А сам сабе ён ніколі не быў патрэбны.

Кніга пра Нішто (зборнік)

Подняться наверх