Читать книгу Кніга пра Нішто (зборнік) - Валянцін Акудовіч - Страница 14

Мяне няма
Частка другая
Навошта чалавек сам сабе патрэбны?

Оглавление

Само гэтае пытанне і нават яго пазначэнне, лічы, заўсёды праміналася ўвагай. Пэўна, з гэтага нешта мусіць вынікаць?

Зрэшты, у тую пару, калі не было дзе і з чаго паўставаць праблеме чалавека ўвогуле, натуральна, не магло быць і размовы пра прычыны патрэбы я-чалавека ў самім сабе. Як не было месца рэфлексіям з гэтай нагоды і тады, калі я-чалавек належаў Богу.

Створаны Богам я-чалавек з’яўляўся ўласнай патрэбай Бога і разам з тым сам быў боскай кропляй, апалай на зямлю з нябёсаў. У нейкі момант духоўная эманацыя гэтай кроплі перасягала ў адваротным кірунку ўсе дзевяць нябёсных сфераў і апыналася ў Эмпірыі – жытле Бога, дзе і ўтаймоўвалася, мабыць, назаўжды.

У розную пару ў ідэалагічнай схеме «я-чалавек – патрэба Бога» Бог мяняўся на «дзяржаву», «нацыю», «грамадства», «сям’ю», тую ці іншую адцягненую мэту (прыкладам – камунізм), але сутнасць кампазіцыі, наўзбоч усіх гэтых пераменаў, выяўлялася той самай – я-чалавек заставаўся аб’ектам патрэбы нечага, што было па-за ім. І сам сябе ён не разумеў інакш, як прыналежнасцю адцягненай ад яго самога нейкай універсальнай патрэбы: не разумеў інакш нават тады, калі ўжо суб’ектывізаваў, а потым і экзістэнцыяваў сябе.

Адсюль, са сваёй «сакральнай» прыналежнасці да нечага ўніверсальнага іншага, а не да ўласнага, сінгулярнага «я», я-чалавек і выбудоўваў сабе сістэму вартасцяў (сэнс жыцця), якой ацэньваў каштоўнасць ды сапраўднасць уласнага перабывання ў быцці.

Пэўна ж, такая ўпартая няўвага я-чалавека да значэнняў самога сябе для самога сябе зусім не выпадковая і няўхільна падсоўвае да думкі аб адсутнасці ў чалавеку хоць нейкіх значэнняў, якія маглі б сведчыць пра наяўнасць у ім каштоўнасцяў большых за тыя, што абумоўленыя ягонай прысутнасцю ў бытным. Верагодна, згаданую сітуацыю можна было б адразу заакцэнтаваць і разгарнуць, але ёсць яшчэ «сёе-тое», што замінае гэта зрабіць адразу.

Рэч у тым, што хаця стратэгіі інтэлігібэльных рэфлексіяў я-чалавека ў пошуках сэнсу жыцця скіраваныя вонкі, туды, дзе яго самога непасрэдна няма, але ўласнае жыццё я-чалавека татальна абумоўленае клопатам пра сябе нават у тых выпадках (не кажучы пра ўсе астатнія), калі для самога я-чалавека гэты клопат застаецца закамуфляваным у той ці іншай ідэалагеме.

Клопат пра сябе – неад’емная якасць я-чалавека і яго найбольш выразная характарыстыка. У гэтай ягонай якасці сыходзяцца разам і біялогія, і сацыяльнасць, і, калі заўгодна, нават ідэалогія. У рэшце рэшт менавіта інтэнсіўнасць і чын клопату пра сябе вымалёўваюць фігуру «Я» чалавека. Калі пакарыстацца з адкрытай для бясконцых інтэрпрэтацыяў дэкартаўскай формулай, дык можна сказаць: «Я турбуюся пра сабе, значыць, я існую». А турбавацца найперш азначае забяспечваць сябе як існаваннем, так і самім сабой. І другое ці не больш істотнае за першае, бо клопат пра сябе – гэта нешта іншае ад шапэнгаўэраўскай волі да жыцця, і хаця ён пэўным чынам звязаны з універсальнай вітальнасцю, але вылучае з яе менавіта тое, што патрэбнае я-чалавеку, каб забяспечваць сябе менавіта сабой.

У звязку з апошнім звернем увагу на тое, што стварае аснову жадання чалавека быць самім сабой і што мы ўжо звыкліся называць экзістэнцыяй.

Экзістэнцыя ёсць спосабам майго існавання, якое па адпаведных памерах фармуе з агульнага цэлага быцця персанальную фігуру ўласна мяне. Інакш кажучы, экзістэнцыя – гэта нішто іншае, як мой прыватны лапік універсальнага быцця (я-быццё). З гэтага вынікае, што ў анталагічным значэнні мяне па сутнасці няма як ёсць. У гэтым сэнсе я-чалавек ёсць адно персанальным фрагментам быцця, якое адбываецца на прасторы, пазначанай я-чалавекам.

Разам з тым, экзістэнцыя ёсць тое, што вылучае я-чалавека і з быційнай плыні вітальнасці, і з рацыянальнага цела сацыяльнасці ў нешта такое, з чаго мажліва казаць пра я-чалавека як пра ўтварэнне, тоеснае адно само сабе.

Верагодна, гэта сапраўды так, і таму ў экзістэнцыйным сэнсе я-чалавек верагодна ёсць як «я». Аднак ці можна з гэтага зрабіць выснову, што ў я-чалавеку ёсць нешта, што з неабходнасцю патрабуе я-чалавека для самога сябе і тым самым тлумачыць, навошта я-чалавек сам сабе патрэбны?

Здаецца, такой высновы зрабіць аніяк нельга найперш таму, што я-чалавек не ёсць прычынай самога сябе. А калі не ён прычына самога сябе, дык і ягоная патрэба ў самім сабе, па сутнасці, не ёсць уласнай патрэбай, а нейкім апасродкаваным следствам патрэбы тых прычынаў, якія сваёй наяўнасцю абумовілі я-чалавеку магчымасць тут-быцця.

Кніга пра Нішто (зборнік)

Подняться наверх