Читать книгу Кніга пра Нішто (зборнік) - Валянцін Акудовіч - Страница 16

Мяне няма
Частка другая
Не было. Няма. Не будзе

Оглавление

Я-чалавек не можа сам з сябе аб’явіцца.

Я-чалавек не можа адбывацца сам у сабе.

Я-чалавек не можа быць сам сабой.

Я-чалавека няма. Ёсць своеасаблівае ўтварэнне самых розных праяваў быцця існага на прасторы я-чалавека. Гэтае ўтварэнне, індывідуалізаванае пэўнай экзістэнцыяй, натуральна, неяк павінна пазначацца, мець сваю семантычную марку, але традыцыя надання значэнняў саматоеснасці і самадастатковасці, а тым болей сакральнасці гэтаму ўтварэнню, здаецца, абумоўленая ўсяго толькі неабачлівым пераносам сінкрэтычнай цэласці знака на ўсю тую шматсэнсоўнасць, што ім пазначаецца.

Я-чалавек не належыць сам сабе, ён уласнасць шматлікіх рэальнасцяў, якія паходзяць з розных вымярэнняў быцця існага (нельга выключаць, што нейкім сваім акрайчыкам кранаецца чалавека і «трансцэндэнтнае вымярэнне», з чаго і паўстаюць рэфлексіі містычнага кшталту) і на пэўны момант гуртуюцца на прасторы я-чалавека, кожная, як на сваёй уласнай прасторы, адпаведна магчымасцям канфігурацыі менавіта гэтага я-чалавека.

Разуменне я-чалавека як прытулку розных «стыхіяў» (першапачаткова самых простых: вада, зямля, агонь, паветра…) сфармавалася ўжо на самым пачатку асэнсавання феномену чалавека, і канцэптуальна яно пасюль застаецца нязменным, адно мяняліся складнікі ды акцэнты – з «ідэалістычных» на «матэрыялістычныя» ці наадварот.

Разам з тым, за выняткам зацятых матэрыялістаў (і ў старажытнасці, і потым), што канцавалі я-чалавека сумай тых «стыхіяў», якія ў ім апазнаваліся, – усе астатнія вышуквалі яшчэ нешта звыш «стыхіяў», каб праз гэтае «звыш» надаць я-чалавеку значэнне чалавека.

Гэты «элемент чалавека» ў я-чалавеку шукалі ва ўсялякую пару, калі я-чалавек сам сябе хоць трохі цікавіў. Але не знайшлі, не зважаючы на яго, здавалася б, відавочную наяўнасць, бо хоць каму амаль немагчыма ўявіць такое складанае структурнае ўтварэнне, як я-чалавек, зыходзячы з таго, што сітуацыя я-чалавека ствараецца па-за ім самім і зусім незалежна ад яго самога ці хаця б ад нейкай трансцэндэнтнай сілы, што трымае апеку над ім.

Паколькі «элемент чалавека» ніяк не жадаў аб’яўляцца на людзі, давялося пазначыць ягоную наяўнасць гіпатэтычна, выкарыстоўваючы дзеля гэтага самыя розныя гіпотэзы ды паняткі. Бадай найбольш устойлівым сярод мноства самых неверагодных версіяў і па сёння застаецца тое, што звычайна называецца душой (у сваім вышэйшым вымярэнні – духам). Сярод філасофскіх гіпотэзаў «элемента чалавека» асабіста мне падаецца найбольш цікавай версія Лейбніца, якая трымаецца яшчэ да яго здумленай манады.

Уласна, «манадалогія» Лейбніца – гэта ў пэўным сэнсе арыгінальная інтэрпрэтацыя «эйдалогіі» Платона. Але калі эйдасы Платона праектуюць сваю ідэалогію на ўсё сінгулярнае аднекуль з універсуму трансцэндэнцыі і такім рэтрансляцыйным чынам абавязваюць сінгулярыі прыпадабняцца тым ці іншым эйдасам, дык манады непасрэдна ўдзельнічаюць у форме і спосабе адбывання быцця ўсялякім атрыбутам існага. Паводле Лейбніца кожная жывая істота (неарганічная структура таксама) мае сваю апрычоную манаду – духоўную, душэўную, энергетычную адзінку субстанцыі быцця.

Манады бесцялесныя і гранічна індывідуалізаваныя. Яны замкнутыя самі ў сабе і не маюць ні «вокан», ні «дзвераў». Аднак, з другога боку, усялякая манада ёсць «жывым люстэркам універсуму» і справа толькі ў тым, наколькі менавіта ў гэтым фармаце яна здольная разгарнуць свае складкі, каб выявіць універсальнае цэлае быцця.

Манадалогія Лейбніца яшчэ доўга будзе выклікаць да сябе ўвагу гісторыкаў філасофіі. Але калі б гэтая гіпотэза XVII стагоддзя нейкім чынам рэальна зафіксавала сваю ісціннасць, дык і тады яна не шмат чаго дадала б на карысць сапраўднасці я-чалавека ў тых значэннях, якія яму тут падшукваюцца. Хутчэй наадварот. Бо манада зусім не набліжае я-чалавека да таго, што паўстае з сябе дзеля сябе, а адсоўвае яго ў чын таўталагічнага элементу ўніверсальнай праявы быцця. (Гэта нават калі не зважаць на тое, што сваім паходжаннем манады абавязаныя ўсё таму ж Богу. Ён, як сейбіт зерне, жменяй раскінуў манады па ўсім Сусвеце, і з таго часу яны, не стамляючыся, прарастаюць каліўцамі існага.)

Пры ўсёй сваёй гранічнай апрычонасці, манада – толькі энергія, вітальная сіла, якая на пэўны час арганізуе тую ці іншую форму рэальнасці. Як толькі форма зношваецца, трухнее і рассыпаецца ў парахню, манада ўмомант стварае сабе што-небудзь яшчэ. А таму ніяк нельга сказаць, што ёсць манада – «Готфрыд Лейбніц». Ёсць манада, якая была нейкі час «Готфрыдам Лейбніцам» (ці ён быў ёй?), але з гэтага зусім не вынікае, што было нешта яшчэ акрамя таго, што пазначалася гэтымі двума словамі, біяграфіяй у колькі там падзеяў і экзістэнцыяй, даўно апалай у нікуды.

Дарэчы, Лейбніц лічыў метэмпсіхоз «схаластычным забабонам». Згодна ягоным сцверджанням, ніякае перасяленне душы немагчымае, бо душа не можа аддзяліцца ад цела… І хаця шмат хто не менш аўтарытэтны за Лейбніца меркаваў зусім наадварот, мы не станем нават зазіраць у бясконцы прасцяг тэалагічных і проста інтэлектуальных спекуляцый з нагоды душы, духа і да таго падобнага, бо з «душой» ці без «душы» я-чалавек:

– не ёсць прычынай самога сябе;

– не сам з сябе паходзіць;

– не з’яўляецца ўласнікам самога сябе. Асабіста мне гэтага дастаткова, каб запэўніцца, што я-чалавека не было і няма. Натуральна, калі хацець ад я-чалавека нечага большага за тое, што ён ёсць.

Кніга пра Нішто (зборнік)

Подняться наверх