Читать книгу Кніга пра Нішто (зборнік) - Валянцін Акудовіч - Страница 13

Мяне няма
Частка другая
Аблуда сэнсу жыцця

Оглавление

Уласна, пытанне «хто я?» паклікаецца з моўкнасці досыць рэдка, звычайна яно застаецца ўтоеным у праблеме сэнсу жыцця, як у сваёй кідкай агортцы, якая для прафаннай свядомасці выдае сябе за займеннік сакральнага «хто я»?

Падмена пытання «хто я?» праблемай сэнсу жыцця верагодна паходзіць з нястрымнага жадання я-чалавека зразумець калі не сакральнае «хто я?», дык хаця б яго прафаннае алібі, прытоенае ў суплёце ідэальных універсаліяў ці, зніжана, сярод этычных, сацыяльных ды пабытовых імператываў.

Аднак у сюжэце стасункаў паміж «хто я?» і сэнсам жыцця, здаецца, прыхаваная зусім іншая ад той, што бачыцца на першы погляд, фабула. Пазней мы яе паспрабуем разгарнуць, а пакуль толькі зазначым, што, магчыма, тое, дзеля чаго жыве я-чалавек (сэнс жыцця) і ёсць тым, хто жыве дзеля гэтага. (Пра нешта падобнае ёсць згадка ў Святым Дабравесці паводле Матвея:

«Дзе скарб ваш, там будзе і сэрца вашае».)

Хаця пачнем мы, як быццам, нават з адваротнага…

У досведзе чалавека няма хоць колькі-небудзь пераканаўчых аргументаў на карысць таго, што персаналізаванае існаванне мае нешта, што неўнікова сведчыла б на карысць нейкага сэнсу жыцця.

За тое, што сэнс жыцця анталагічна не ўгрунтаваны ў сутву чалавека, сведчыць нічым не ўтаймаваная фантасмагорыя тых сэнсаў, на якія чалавек арыентуецца ў розных гістарычных сітуацыях, і, што больш аглядна, – неістотная наяўнасці хоць якога сэнсу ўвогуле.

Адсутнасць універсальнага сэнсу ў жыцці я-чалавека не ёсць для яго рэальнай праблемай. Я-чалавек аднолькава інтэнсіўна існуе і тады, калі быццам ведае сваё «сакральнае» прызначэнне, і тады, калі не ведае яго. Увесь гістарычны досвед сведчыць, што логіка прысутнасці я-чалавека ў быцці не абумоўліваецца логікай разумення гэтай прысутнасці. У кантэксце існавання бытнага я-чалавек нічым не адрозніваецца ад расліны ці жывёлы: ён жыве таму, што з’явіўся жыць. (І знікае таму, што з’явіўся.) Але ні ягонае з’яўленне, ні ягонае знікненне не залежаць ад таго, у сістэму якіх намысленых каардынатаў ён дастасоўвае сваё жыццё. Да таго ж сутнасць ягонага жыцця ў значэннях існавання ад гэтага таксама не залежыць. Яно, як у расліны ці жывёліны, нічым не зарыентавана на нешта яшчэ, акрамя як на прысутнасць у жыцці.

Пра тое, што ў персаналізаванага існавання няма нейкага іншага ад існавання сэнсу жыцця, гаворыць (акрамя шмат чаго яшчэ) як «інстытут смерці» ўвогуле, так і – лакальна – непарыўная адвеку чарга самагубстваў, і адтуль жа бясконцы гвалт над чалавекам у самых розных формах, ад крымінальных забойстваў да сусветных войнаў.

Калі б я-чалавек не проста прысутнічаў у быцці, як адна з формаў існавання бытнага, а прысутнічаў з нейкай уласнай я-чалавечай мэтай, выяўляў сваёй прысутнасцю нейкі іншы ад свайго існавання сэнс, дык тады гвалт над я-чалавекам якімсьці чынам карэктаваўся б на гэтае яго мета-значэнне. А паколькі ніколі нішто не адсланяла я-чалавека ад смерці, у тым ліку і гвалтоўнай, дык цяжка ўхіліцца ад банальнай канстатацыі, што я-чалавек не мае каштоўнасці большай за сваё існаванне.

Тады адкуль гэтае вярэдлівае пытанне пра сэнс жыцця, калі яно не вынікае з логікі і запатрабаванняў непасрэднага існавання, якое цалкам задавальняецца само сабой?

Відавочна, што праблема сэнсу жыцця – гэта праблема не існавання я-чалавека, а праблема ягонага мыслення, якое ніяк не адбіваецца на жыцці як адбыванні жыцця. Калі б праблема сэнсу жыцця раптам выпала з інтэлектуальнага дыскурсу а-рэальнасці, дык ландшафт гэтага дыскурсу напэўна перамяніўся б кардынальным чынам, але ў прасторы рэальнага існавання я-чалавека з гэтай нагоды не ссунулася б ні адна канцэптуальная для існавання парадыгма.

Іншая рэч, што калі праблема сэнсу жыцця трапляе ў вір той ці іншай ідэалогіі і трансфармуецца там у нейкі ідэалагемны наратыў (імператыў), дык тады яна найістотным чынам уплывае на фармаванне гісторыі падзеяў, што ўрэшце непасрэдна кранае кожнае персаналізаванае існаванне. Сэнс жыцця, атаясамлены з вераю ў Бога, два тысячагоддзі рашуча ўздзейнічаў не толькі на ідэалагемны змест, але і на сацыяльна-эканамічны канструкт еўрапейскай цывілізацыі. Аднак што ад гэтага перамянілася ў самой сутве я-існавання? З тым ці іншым богам (як сакралізаваным сэнсам жыцця) ці ўвогуле без яго, я-чалавек меў бы тое, што мае, – калі не зважаць на форму маральных канонаў і вектары тэхнакратычных стратэгіяў.

Аднак вызнаўшы, што сэнс жыцця не з’яўляецца нечым анталагічна ўгрунтаваным у сутву чалавека, нейкай яго неад’емнай экзістэнцыйнай прыналежнасцю, мусім узяць пад увагу і тое, што сваёй наяўнасцю разбэрсаны, пераменлівы, неакрэслены сэнс жыцця, калі ён зведзены ў нейкую выразную сукупнасць, ставіць пад пытанне існаванне як галоўную каштоўнасць чалавека.

Калі б існаванне чалавека было забяспечана само сабой як сэнсам самога сябе, калі б яно было самадастатковым, экзістэнцыйна ды ідэалагемна самазавершаным у самім сабе, дык тады наўрад ці я-чалавека неадпрэчна вярэдзіла пытанне пра сэнс ягонага жыцця.

З апошняга, падобна, вынікае, што існаванне як прысутнасць у быцці таксама не ёсць той самадастатковай каштоўнасцю, якая б цалкам задавальняла я-чалавека, прынамсі такой каштоўнасцю яно з’яўляецца далёка не заўсёды, і таму я-чалавек шукае свайму жыццю падставы ды абгрунтаванні за прасторай самога сябе… Але чаму, не маючы большай за сваё існаванне каштоўнасці, я-чалавек шукае «свой скарб» дзе заўгодна, толькі не ў самім сабе?

Кніга пра Нішто (зборнік)

Подняться наверх