Читать книгу Знак Вялікага магістра - Вольга Іпатава - Страница 10
Люфча
ОглавлениеЧырвоныя бярвенні здаваліся вогненнымі, ад іх ляцелі сляпучыя пырскі, і Даніла заплюшчыў вочы. “Можа, ў Ірыі?[33] Ці ў пекле, пра якое ўвесь час кажа хрысціянскі святар у замку?” – падумаў ён і асцярожна прыадкрыў павекі. Жахацца не выпадала: гэта ўсяго толькі ранішняе сонца радасна апраменьвала сцяну насупраць Данілы.
Ён няўцямна азірнуўся, пасьля зьдзіўлена паспрабаваў ускочыць і, застагнаўшы, зноў паваліўся на сьпіну.
Калі пякучы боль крыху аціх, хлопец ужо спакайней стаў аглядаць сваё нечаканае прыбежышча: невялікае круглае памяшканне з дзвюма вузкімі байніцамі, драўляную столь і тоўсты сяннік, на якім ён ляжаў, накрыты жорсткай ваўчынай скурай.
“Дзе я? Што на са мной?” – шалёна закруціліся ў галаве думкі.
Ён узгадаў паляну, вояў на ёй і мёртвае цела бацькі. Ці не прысьнілася яму ўсё гэта? Можа, зараз ён прачнецца, як заўсёды, на печы, а маці пакліча ўставаць ды, памыўшыся, сядаць да стала есці бліны са здорам, яшчэ гарачыя ад вогненнага жарала печы?
Але сцены з чатырохвугольных, шчыльна прыгнаных і добра выштукаваных бярвенняў, магутныя бэлькі над галавой і ваўчыная скура на голых плячах не знікалі. Правае яго плячо было шчыльна абвязана ільняным пасам, моцны пах бярозавай кары – мабыць, дзёгцю – струменіўся з-пад павязкі на шчацэ. Ён быў не ў Ірыі, а на гэтым свеце, і хтосьці выратаваў, падабраў, даглядзеў яго і прывёз сюды.
Чыё гэта жытло? Каму спатрэбіўся ён, гнаны, ледзь не забіты чужынцамі, прададзены чалавекам, каму давярала сама княгіня, а не толькі заўсёды разумны і спакойны бацька?
Зноў узгадаў паляну. І толькі цяпер, з усёй сілай адчаю зразумеўшы, што адбылося, нечакана для самога сябе заплакаў, па-хлапечы абціраючы твар усёй даланёй. Плач быў нястрымным, раптоўным, яго калаціла, выкручвала сутаргай, а ў галаве была адна несціхальная думка: што скажа маці? Як перажыве такую страту? І як далей жыць ім без бацькі? Раз за разам уяўлялася адно і тое ж імгненне, якое ён прагледзеў, хаця быў побач, і віна за гэта мучыла яго мацней за рану: ляціць варожая страла, упіваецца ў шыю – моцную, жылістую, цёплую, за якую ён любіў чапляцца яшчэ малым, калі слухаў казкі, што расказваў яму і дзвюм сястрычкам альбо дзед, альбо сам бацька. Пазьней, растучы, радзей прытуляўся да бацькі, саромеўся паказваць сваю любоў да яго, хацеў хутчэй стаць дарослым. Але цяпер, адзін, у незнаёмым, можа, небяспечным месцы, у чаканьні яшчэ больш страшных падзеяў, ён разгубіўся.
“Тата!” – крычала ў ім нешта тое, малое, цёплае, безабароннае, што раптоўна выйшла пры ўспамінах, на якія накладаўся адзін і той жа вобраз – страшэнны боль на родным татавым твары, калі страла ўпілася ў ягонае горла. Каб жа ён здагадаўся пра здраду, каб жа быў хаця разам з бацькам!
Можа, адчай яго і гэты крык самі, неўпрыкмет, вырваліся з горла, але праз колькі хвілінаў звонку пачуліся крокі і зарыпелі цяжкія, акаваныя жалеззем дзверы, разам перарваўшы Данілаў плач. Ён ускочыў, рука сутаргава абмацвала скуру, а вочы міжвольна абеглі ўсё навокал, – дзе знайсці хаця якое палена, якім ён будзе адбівацца да апошняга? Але ратавацца не было патрэбы – у пакой прасьлізнула маладая жанчына ў белай ільняной намітцы, у гарсэціку і доўгім клятчастым андараку. Яна спынілася перад Данілам і супакоіла яго:
– Не бойся, дзяцюк, я цябе забіваць ня буду! Не для таго я разам са сваёй пані валакла цябе ў вазок. Але ж ты і цяжкі, хаця, мабыць, зусім нядаўна ў порты ўлез![34]
Хлопец глядзеў на яе. Непрыгожы даўганосы твар, прышчы на лобе, вузкія ярка-чырвоныя вусны надавалі твару нешта драпежна-хітрае, але невялікія чорныя вочы пад доўгімі, аж да скроняў, брывамі глядзелі разумна і з прыхаванай іроніяй.
– Хто ты? І дзе я?
– Я Краска, пакаёўка яе міласці пані Офкі, удавы Кіянавай. Ты ў ейнай сядзібе ў Любчы. У ейным і яго міласьці швагры… – паправілася яна. – Яны тут абодва гаспадараць. Яшчэ ёсць маладая гаспадыня, але яна пад апекай пані. Што ты яшчэ хочаш ведаць?
– У Любчы? – прамовіў ён агаломшана. – Так далёка?
– Не так ўжо і далёка ад дарогі, на якой ты кінуўся пад ногі нашым коням.
– Дарогі?
Ён зусім не памятаў, як дабраўся да дарогі. Памятаў толькі мёртвыя целы, на якія глядзеў з кустоўя, калі страх і жаданне пахаваць іх, падпаўзьці бліжэй змагаліся ў ім са страхам, памятаў таксама словы Гердзеня пра тое, што ён вернецца і прагледзіць тут кожны корч. А болей нічога, як быццам адразу ж упаў у чорную бездань. Але Краска перапыніла яго маўчанне і роздумы.
– А як жа ты, хлапчына, там апынуўся, на гэтай дарозе? І хто ты такі? І што з табой сталася?
Ён памкнуўся адказваць… Але што, калі гэта нейкая хітрасць? Ці можа ён тут казаць нешта адкрыта? І ці ў Любчы ён сапраўды?
– Колькі я тут?
– Ды ўжо тры дні.
Ён зноў атупела заварочаў мазгамі. Як тры дні? Ці можна гэтак доўга ляжаць без прытомнасці? І ці цяжкая рана, з-за якой ён тут ляжыць? А што, калі з-за яе апынецца спаралізаваным?!
Краска ўсё стаяла, пранікліва гледзячы на яго. Здаецца, яна прачытала ўсе хлапечыя сумненні, таму што зноў іранічна ўсміхнулася:
– Ну, тады раскажаш пра ўсё адразу нашай гаспадыні. З ёй ты не хітруй – яна цябе ад смерці ўратавала. Каб не яна, расклявалі б цябе вараны, бо ты быў ужо напалову ў Ірыі. Ці, можа, ты ўжо хрысціянін і верыш у рай?
Даніла маўчаў. Што можна казаць, а пра што лепей памаўчаць? Заныла рана на плячы – моцна, уладна. Адчуў, што выпарына праступае на твары.
– Бач ты які! Таямніцы ды таямніцы! А якім жа багам тады маліцца за тваё ацаленьне, ці скажаш? А есці ты, маўчальнік, хочаш?
Ці хоча ён есці? Пры напамінку аб ежы голад ірвануў вантробы. Яна прачытала гэта па ягонай міжвольнай грымасе.
– Пайду, прынясу аўсянай поліўкі. А ты, маўчун, сядзі тут і не высоўвайся. Так гаспадыня загадала. Бо нашкодзіш сабе яшчэ больш, а можаш і ёй нашкодзіць. Хто ты і што за птушка, мы не ведаем. Можа, ты пляндраваў некага на дарозе? – Яна накіравалася да дзвярэй.
– Я не злодзей, – сказаў ёй услед Даніла. – Я… я…
– Ён, зноў прыкусіўшы язык, безнадзейна замоўк.
Спачатку трэба агледзецца, пад’есці і супакоіцца. Цягнула легчы. Слабасць адолела яшчэ з большай сілай, і ён, як ні стараўся, але так і не змог падняцца і падысьці да вакна, каб хаця трохі агледзецца.
…Поліўка ў глыбокай глінянай місе аказалася на дзіва смачнай, а жытні хлеб быў чысты, без паловы і мякіны. Даніла з’еў усё да апошняй крошкі, а пасля, неяк адразу ап’янеўшы ад з’едзенага, прылёг на свой сяннік і амаль адразу праваліўся ў сон. Ён не чуў, як у пакой зайшла Офка і доўга глядзела на яго хаця і забінтаваны з правага боку, але чысты і па-юначы акруглы твар, на смуглявыя рукі і плечы, што ўжо наліваліся спрытам і моцай. Прыўзняла воўчую скуру, вопытным вокам агледзела вузкія клубы, моцны торс і стройныя, у бялявых валасінах ногі. Пасля чамусьці ўздыхнула і ціха выйшла з пакою. Пакаёўка ішла за ёю і маўчала. Калі б азірнулася Офка, яна ўбачыла б на тонкіх, ярка-чырвоных вуснах прыслужніцы злую ўсмешку. Але яна не азіралася, дый усмешка хутка прапала, і пакаёўка зноў стала такой, як заўсёды, – ветлівай, гатовай услужыць сваёй пані ў любую гадзіну і ва ўсім, чаго тая ні пажадае…
33
ірый – у дахрысьціянскія часы так называлі рай
34
у порты ўлез – звычайна хлопчыкі да 12 гадоў хадзілі ў ка- шулях без портак