Читать книгу Знак Вялікага магістра - Вольга Іпатава - Страница 13
Вітаўт у Луцку
ОглавлениеНевысокі, маладжавы, з глыбока пасаджанымі шэрымі вачыма і тонкімі, рэзка акрэсленымі вуснамі, князь Вітаўт сядзеў у сядле так, нібы ў ім нарадзіўся. Ягоны дрыкгант, на якім любіў ён ездзіць на паляванне, скакаў цяжка, але звычайна ў доўгіх пераходах апярэджваў прывезеных з Усходу капрызных кабыліц, якіх любілі яго жонка і прыдворныя. Тыя, спачатку ўзяўшы шалёны тэмп, выдыхаліся даволі хутка, але затое былі нашмат прыгажэйшыя за ягонага ўлюбёнка.
Зараз, стоячы за магутным ясакарам у чаканні, пакуль лясная аблога выганіць на паляну зайцоў, дзікоў, а калі пашанцуе, то і зубра, ён ніяк не мог адагнаць ад сябе ўсё тое, што напаўняла яго трывогай і нецярпеннем.
Пакуль што не вываланец,[46] не выгнаннік, ён, аднак, жывучы тут, на поўдні велізарнай дзяржавы, адчуваў сябе так, нібы пад ім пачынае курыцца зямля, гатовая, як у тарфяніку, імгненна праваліцца пад нагамі, зацягваючы ў бездань.
Бесперапынна працавалі яго пасланцы, ездзячы ад аднаго магната да другога, угаворваючы, радзячы, пытаючыся. І яго прыхільнікі таксама не сядзелі ў сваіх маёнтках – ні Іван Гальшанскі, ні сын яго Андрэй Вязынскі, ні Леў Друцкі, ні брат Жыгімонт і пляменнік Юры Наваградскі. Eздзілі, гаварылі, даказвалі. Староннікамі Вітаўта за гэты час сталі магутныя ліцьвінскія князі Юры Пінскі, Міхал Заслаўскі, Аляксандар Старадубскі, ды шмат хто яшчэ з патрыётаў, якія не хацелі зьмірыцца са зліццём іх краіны з іншай, чаго дамагаліся паны каронныя. Тварылася вялікая змова, гатовая разарваць цянёты, накінутыя Ягайлам на Вялікае Княства Крэўскай уніяй 1385 году.
Спачатку і Вітаўт падтрымаў тую унію. Думалася: калі Ягайла з’едзе ў Кракаў, а ён, Вітаўт, застанецца ў Вільні, яны змогуць знайсці паразуменне ў справах абароны абедзвюх краінаў, і не важна, хто будзе на гэты раз нападнікам: Масковія, Арда ці Ордэн. Сумесныя сілы дзвюх дзяржаў змогуць процістаяць любой моцы, таму аб’яднанне неабходнае для сумесных ваенных дзеянняў і зладжанай абароны. З гэткай умовай, – пастараўшыся забыцца на смерць бацькі і сваіх блізкіх – згаджаўся Вітаўт і на унію, і на хрышчэнне ў рыма-каталіцкую веру.
Ягайла пераконваў: гэта выб’е меч з рук крыжакоў, якія на ўсю Eўропу крычаць аб тым, што яны не ваююць і не рабуюць, а толькі паварочваюць у сапраўдную веру схізматыкаў і язычнікаў.
І што ж адбылося пасля? Ягайла тут жа, як звычайна, парушыў пагадненні: паставіў замест сябе кіраваць Вялікім Княствам Скіргайлу, але сапраўдным кіроўцам зрабіўся паляк Маскажэўскі, які стаў гвалтам уводзіць у Вільні кракаўскія парадкі. Значыць, трэба вырываць Княства з чэпкіх рук іншаземцаў, якія, мабыць, мелі на ўвеце нешта зусім іншае, калі кляліся ў Кракаве і Крэве, што ні на мезенец не замахнуцца на звычаі і вольнасці Княства і будуць берагчы ягоную вольнасць гэтак жа, як і вольнасць Польшчы. А для гэтага патрэбныя, як паветра, дзве рэчы: грошы і воі. І людзі, гатовыя здзейсніць задуманае.
Грошы ў князёў, якія падтрымліваюць яго, ёсць. І ён ня бедны, хаця Ягайла абодва бацькоўскія княствы забраў і перадаў сваім родзічам па матцы Юльяне. Нездарма крыжацкі камандор Марквард Зальцбах, яго ганаровы палоннік, які недзе з паляўнічымі азартна гоніць зараз звяр’ё, націскае якраз на крыўды, што зрабіў Вітаўту кароль: адабраў родавыя землі. Ды Зальцбах, гэты інтрыган, і павінен убіваць клін паміж Княствам і Польшчай: Ордэну гэта выгадна. Зальцбах жа бярэцца абгаварыць усё з вялікім магістрам, калі Вітаўт яго адпусціць.
Так, малавата тых, на каго можна абаперціся: адданыя яму князі ўсё ж падданыя Ягайлы і яго братоў. Аднак Бог, здаецца, паспрыяў яму, Вітаўту: у Луцк зусім неспадзявана, уцякаючы з Залатой Арды, завярнуў княжыч Васіль, сын вялікага князя маскоўскага Дзмітрыя, празванага Данскім пасля Кулікоўскай бітвы. Жывучы колькі год у татараў як закладнік бацькі, надта намучыўся гэты малады спадчыннік Данскога. Звык есці каніну, галіць галаву, злізваць кроплі кумысу з шыі ханскага каня, нават паўзці на каленках да вялікага хана, як вось ужо другое стагоддзе поўзаюць усе князі – і маскоўскія, і суздальскія, і уладзімірскія – навучыўся. Не мог бядак перанесці аднаго – калі на розных забавах і вячэрах пхаў Тахтамыш у рот сваім бліжнім жменю плову – у знак прыхільнасці.
– Тлушч цячэ са жмені, пальцы растапыраныя, жорсткія, як галузь, а ён табе гэты ком гарачы таўчэ ў глотку, а сам смяецца-заліваецца, калі ты не паспяваеш праглынуць і калі гарачая гэтая каша табе на рукі і на кашулю падае…
– расказваў-скардзіўся пад час вячэры ці абеда бялявы сухарлявы хлопец, з асалодай чэрпаючы драўлянай лыжкай распараны ў мёдзе аўсяны кісель, які ён асабліва любіў.
Калі ён упершыню пасля палону сеў нарэшце за стол і выпрастаў ногі на ўсю даўжыню, не мог нарадавацца: звык сядзець скурчыўшыся, падагнуўшы ногі пад сябе. Перад тым прагна схапіў чыстую палатняную кашулю, бо пунсовая шаўковая, з усходнімі кругамі-узорамі, за два месяцы ўцёкаў з Арды сатлела ад гарачага юначага поту і выглядала як рыззё. І дзелію, плашч, падшыты бабровым футрам, атрымаў, і каптан суконны сіні, і боты таксама, але не мог увесь першы тыдзень усунуць туды ногі, зраненыя і збітыя да крывавых мазалёў пад час блуканняў па стэпе. Вітаўт ухваляў смеласць юнака, які змог збегчы ад зоркіх і пільных вояў Арды. Пасля перамогі яго бацькі на Куліковым полі над Мамаем хан запатрабаваў ад Дзмітрыя восем тысячаў сярэбраных рублёў за сына – закладніка. Не падняць было Дзмітрыю маскоўскаму такія грошы, не сабраць іх з усяго ягонага княства, бо многія страты панёс ён ад татараў, таму Васіль уратаваў сваё жыццё ўцёкамі і, выходзячы са стэпаў, дзе хаваўся амаль два месяцы, дачакаўся, пакуль вернецца назад татарская пагоня. Першым горадам, дзе ён не пабаяўся азвацца, стаў Луцк, і тут ён залечваў свае цялесныя і душэўныя раны. Да таго ж, ужо ў першы вечар, калі сабралася за княскім сталом уся Вітаўтава радня і чэлядзь, агледзеў малады княжыч дачку гаспадара Луцка, князёўну Соф’ю, а тая ў сваю чаргу кінула вока на ўцекача. Чарнавалосая, смелая і рашучая Соф’я першаю загаварыла з Васілём, так што той ажно разгубіўся, бо прывык да маўклівых татарак, што зверавата глядзелі на юнака-русіча і заўсёды гатовыя былі кінуць на яго аркан і пагнаць каня, не азіраючыся на палоннага. У Масковіі ж баярышні таксама былі іншыя: адно сядзелі, як вечныя палонніцы, за карункавымі рашоткамі акенцаў ды чакалі, пакуль бацька загадае выйсці да нарачонага, якога выбраў сам і якога яна бачыць упершыню ў жыцці. Таму, выходзячы замуж, плакалі-галасілі тыя дзяўчаты, і песні былі жалобныя ды гаротныя. Толькі чорная чадзь ды рамеснікі не трымалі сваіх дачок за высокай сцяной церамоў, і тыя свабодна выбіралі сабе каханых, да таго ж, часта сыходзіліся на гульнях ды на розных святах, што па-ранейшаму, нягледзячы на хрысціянства, ладзілі ў лясах ды па берагах рэк.
Соф’я ж умела нечуванае для высакароднай дзяўчыны: яна ведала грамату, магла чытаць кнігі! Сам Васіль мог адно падпісацца, бо дзякі вучылі яго перш за ўсё быць гасударам. А чытаць знойдзецца каму, і кожнае ягонае слова запісваць таксама! Ды князёўна з тым не пагадзілася, яна нават завяла княжыча ў скрыпторый пры замку Вітаўта, дзе два пісары гусінымі пёрамі скрыпелі па старонках навюткіх тонкіх пергаментаў, перапісваючы Біблію лацінскай граматай, бо князь прыняў перахрост у Кракаве і мусіў мець хатнюю біблію не на беларускай, як было раней, а на лацінскай мове. Васіль, чырванеючы, узяў у рукі гусінае пяро і надрапаў на пергаменце, які тут жа падалі ім пісцы, сваё імя, Соф’я там жа паставіла сваё, спрытна закруціўшы апошнюю літару, і абое па – змоўніцку засмяяліся. І ўвогуле, шмат чаго агульнага аказалася ў маладых людзей: цікавіла абоіх умельства майстроў, што будуюць храмы і палацы, і па многу разоў не толькі падымаліся яны на ўязную вежу, але і абышлі ўсе да аднаго пакоі мураванага палацу. Знайшлі і сляды магутных дубовых бярвенняў колішніх драўляных умацаванняў, якія былі разбураныя па загадзе мангольскага баскака Бурундая больш за сто гадоў таму. І там, узрушаны ўспамінамі, пакляўся Васіль маладой князёўне, што не пашкадуе сваіх сілаў для таго, каб канчаткова вызваліць нарэшце сваю зямлю ад гэтага страшнага ворага – Залатой Арды. Расказаў нават тое, чаго не хацеў і ўзгадваць: як менавіта прыніжалі яго там, яго і іншых княжычаў рускіх, і як смерць увесь час кружыла над ім, як чорнае вараннё. Соф’я адчула, як па спіне яе папаўзла дрыготка, калі распавёў княжыч, як некалі балявалі татары, седзячы на тоўстых цяжкіх дошках, пад якімі, расціснутыя, паміралі рускія князі, што насмеліліся выступіць супраць прыгнёту жорсткіх азіятаў. Васіль жа, убачыўшы яе спачуванне, расчуліўся і насмеліўся ўзяць за руку гэтую звычайна гордую, а цяпер мяккую і чулую дзяўчыну…
І было яшчэ, што яднала: абое любілі слухаць сказы гусляра пра часы старажытныя, пра волатаў, што спяць у векавечных курганах. Тое іх і зблізіла канчаткова, так што праз два тыдні, акрыяўшы і залячыўшы раны, папрасіў Васіль рукі князёўны з тым, каб пазней прыслаць за ёю сватоў з Масквы. Быў упэўнены: бацька, князь Дзмітрый, не стане пярэчыць гэткім нечаканым, без яго блаславеньня, заручынам. Усё ж выратаваўся яго сын ад татарскай няволі і абышлося бяз выкупу, непасільнага цяпер для княства. Ды і Соф’я – дастойная нявеста і будучая вялікая княгіня.
Апроч таго, даведаўся Васіль, што будучы яго родзіч, князь Дзмітрый Альгердавіч, які перайшоў на службу да ягонага бацькі, хацеў бы вярнуцца з родавымі землямі у Вялікае Княства. Гэта – яго саюзнік, які зможа заступіцца за яго перад бацькам там, у Маскве. А ўжо ён сам паспрыяе, каб адзін з Альгердавічаў вярнуўся сюды, у Княства. Яны не раз абгаворвалі гэта з Вітаўтам, які даў шмат карысных парадаў для маладога княжыча, які неўзабаве пасля заручынаў сабраўся ехаць у Маскву, ды напрасіўся напаследак на паляванне: ніколі не бачыў зуброў.
…Цяпер Васіль стаяў за суседняй ялінай, недалёка ад князя, трымаў у моцна сціснутых руках лук, за поясам тырчала баявая сякера. Вучыўся ў ліцьвіноў рабіць аблогу па ўсім вялізным лясным прасторы, разглядаў Вітаўтавых спадарожнікаў, якія ўтваралі на фоне зялёна-жоўтых бяроз ды цёмных ялін маляўнічы ланцуг з гранатавых, жоўтых, чырвоных ды зялёных жупаноў, каптаноў ды плашчоў. Пад раннім кастрычніцкім сонцам зіхацелі, як сярэбраныя кроплі расы, гузікі ды фібулы, ільсніліся дзяржальні мячоў і баявых сякераў. Загледзеўся і не заўважыў, як на паляну, якраз насупраць яго, услед за раз’ятранымі ваўкамі ды пудкімі лісамі вываліўся сам гаспадар пракаветнай пушчы – магутны зубр.
Гэта сапраўды была рэдкая ўдача для паляўнічага: зубры вадзіліся пераважна ў паўночнай частцы Княства, тут, пад Луцкам, іх было няшмат. Таму не дзіва, што Васіль, раптоўна ўбачыўшы вялізнага, ніколі раней не бачанага звера, разгубіўся. Лук у ягоных руках ацяжэў, як ператварыўшыся ў камень, сам жа ён як быццам па калені ўрос у зямлю.
Ніхто не паспеў нават вокам міргнуць, як звер, што прыпыніўся на імгненне, раптам заўважыў проста перад сабой чалавека і кінуўся да яліны. Прасвісталі дзве ці тры стралы, але толькі адна, мабыць, Вітаўтава, трапіла ў бок зверу. Ды гэта яго не спыніла: з нечаканай вёрткасцю раз’юшаны волат абагнуў яліну і вострыя, як смерць, рогі ўжо дакрануліся да выстаўленага наперад луку, якім княжыч нібыта спадзяваўся абараніць сябе. Ніхто не паспеў сказаць ані слова, як, адштурхнуўшы Васіля і высока ўзняўшы сякеру, перад зубрам раптоўна паўстаў Вітаўтаў драбант Костка. Магутны, як сам зубр, ён з нечалавечай сілай усадзіў проста ў лоб зверу, адразу раскраіўшы яму чэрап, бліскучую сякеру.
Зубр яшчэ паспеў таргануцца наперад, дзіка зараўсці (здавалася, здрыганулася пушча) і заваліцца ўсёй сваёй агромністай тушай на смелага ваяра, але тут схамянуўся Васіль, і ягоная сякера канчаткова разваліла магутны чэрап звера надвое. Аднак і ён не ўтрымаўся на нагах, і паваліўся на мох, зачапіўшыся ботам за пругкую зялёную дзеразу.
– Ты жывы, дзякуй Перуну! – толькі і сказаў уражаны Вітаўт, забыўшыся, што ён хрышчаны і нягожа князю ўзгадваць даўніх дзедаўскіх багоў.
– Жывы-ы… – прастагнаў княжыч. Да яго з усіх бакоў кінуліся княскія слугі, і Вітаўт, пераканаўшыся, што ў будучага зяця цэлы хрыбет і рукі-ногі, адразу пераключыўся на тое, што адбывалася вакол. А было тое, што гоншчыкі якраз падагналі да засады тых лясных насельнікаў, што не змаглі выбрацца з іхняй жорсткай аблогі.
Калі княжыч падняў галаву, пабачыў: стрэлы паляўнічых лятуць хмарай, несучы смерць незлічонай колькасці дзічыны, што сцяной ломіць маладзенькія дрэвы і вытоптвае зеляніну травы і моху пад сабой. Костка тым часам тузаўся пад магутным сцягном зубра, спрабуючы ўстаць на ногі. Васіль сам выцягнуў свайго ратавальніка з-пад акрываўленай, гарачай тушы вялізнага звера, абмацаў яго хрыбет, таму што ўсё астатняе зажыве, загаіцца, а калі пашкоджаны хрыбет, то чалавек не доўга працягне да дубовай калоды.[47] Той са стогнамі выпрастаўся, паспрабаваў сагнуць руку, ды заенчыў, – яна ў яго, мабыць, была паламаная.
– Калі даеду да Масквы, узнагароджу цябе як мае быць, а пакуль што толькі падзяку і магу выказаць, – сказаў княжыч, глянуўшы на зубра і сцепануўшыся ўсім целам.
– А галаву вазьму з сабою, калі ў вас ёсць умельцы засушыць яе. Няхай нашыя маскавіты паглядзяць на гэткае дзіва. – Сказаўшы гэта, ён азартна схапіўся за лук, таксама адразу забыўшыся на ўсё, захоплены тым, што адбывалася на паляне. А там падалі пад лесам дзідаў і стрэл усе, каго ўзялі ў сваё шчыльнае кола дагоншчыкі і каго выгналі на засаду: жаўтавокія ваўкі з аскаленымі пашчамі, карычнева-жоўтыя гнуткія рысі з вушамі-пэндзлікамі, шэрыя тлустыя зайцы, танканогія алені з высокімі ўзорыстымі рагамі. Іх ірвалі, ашалеўшы ад крыкаў і стрэлаў, дужыя выкармленыя ганчакі (некаторыя з іх у агульнай гарачцы таксама палеглі пад таропкімі, неразборлівымі стрэламі), дабівалі слугі, перадаючы здабычу на вялізныя фурманкі, якія адразу ж ад’язджалі некуды, мабыць, кіруючыся ў замак.
Ап’янелыя ад крыві і забойстваў, стомленыя ад бесперастаннага нацягвання цеціваў, кідання дзідаў, паляўнічыя нарэшце сабраліся разам. Адно Вітаўт выглядаў гэткім жа спакойным і сабраным, як і раніцай. Васіль жа пачуваў сябе зусім змораным. Ні разу не бачыў ён столькі дзічыны, сабранай разам, не даводзілася яму бачыць жывымі і звяроў, чыімі футрамі былі падбіты ягоныя адзежыны, калі жыў у Маскве.
Тым часам да паляны пад’ехалі жанчыны, якія назіралі за паляваннем з недалёкага адсюль бяспечнага пагорку, зверху. Наперадзе ўсіх ехала княгіня Ганна – высокая, танклявая, у бабровым кабаце і высокай аксамітавай шапцы, за ёю трымалася сястра Вітаўта Рынгайла – румяная, бялявая прыгажуня. Амаль поруч з ёю ехала на попельна-сярэбранай кабыліцы шаснаццацігадовая Соф’я, доўгая каса яе была перакінутая на плячо і вілася чорнай змяёй па чырвонаму сукну плашча. Яна трывожна азірала паляну і, пабачыўшы спатнелага, расхрыстанага Васіля, спачатку недаўменна ўскінула шырокія бровы, пасля, зразумеўшы, што ён не паранены, усмешліва пазірала, як ён шырака ўсміхаецца ёй насустрач, забываючыся на процьму людзей, што немаведама адкуль узяліся на паляне. Сярод іх быў і мітрапаліт Кіпрыян, які з радасцю блаславіў заручыны дачкі Вітаўта з княжычам маскоўскім, спадзеючыся стаць духоўным валадаром абедзвюх земляў (і стаў ім пасля смерці маскоўскага мітрапаліта Пімена ў 1389 годзе).
Тым часам з забітага зубра вырвалі стралу, якая спыніла ягоны шалёны скачок на княжыча.
– Твая, гаспадар! – выкрыкнуў галоўны лоўчы Гуз, і дадаў, разглядаючы жалезны наканечнік: – Ці не ў сэрца ты яму адразу патрапіў, гаспадар? Гэта ж першы раз такое бачу!
Вітаўт з цікавасцю зірнуў на стралу.
– Гаспадар, ты страляеш лепей за сваіх братоў! – голасна мовіў баярын Кучка, і ўсе засмяяліся: успомнілі пра вядомы рыцарскі турнір у Троках, калі Вітаўт перамог усіх княжычаў, а Ягайлу пакінуў далёка ззаду, бо той толькі аднаго разу патрапіў у цэль.
Успамін пра Ягайлу быў непрыемны. Усе ведалі, што Луцк быў аддадзены Вітаўту для таго, каб адправіць яго надалей ад Вільні. Кароль Ягайла не выканаў ніводнага абяцання, дадзенага пасьля першага паходу Вітаўта да крыжакоў у 1384 годзе: не вярнуў яму бацькавы княствы, не ўвёў яго ў склад паноў-рады і тым не даў магчымасці ўзьдзейнічаць на палітыку Княства. Ягайла накінуў на шыю Вітаўта пятлю і павольна, але няўхільна, стараўся сцягнуць яе на шыі стрыечнага брата. Таму князь адвярнуўся і адразу загаварыў да жонкі, вітаючы яе, затое маскоўскі княжыч узяў з рук Гуза стралу са словамі:
– І табе, гаспадар, век не забуду сённяшняга палявання! Каб не ты ды не твой ахоўнік, ляжаў бы я прапораты гэтымі вунь рагамі, – ён кіўнуў на зубра, якога не змаглі падняць некалькі слугаў і якія адразу ж пачалі лупіць з яго скуру, каб пасля рассячы звера на колькі кавалкаў ды хаця такім чынам вывезці з лесу гэткі груз.
Вітаўт пранікліва зірнуў на яго. Не частая праз усё іхняе знаёмства ўсмешка асвяціла ягоны хударлявы твар, і Васіль зразумеў, чаму нават ворагі гэтага разумнага і дасціпнага чалавека казалі, што ягоны позірк зачароўвае і вабіць сэрца кожнага.
– Глядзі, княжыч, не кідай словы на вецер! Яны, словы, могуць вяртацца да нас і стукаць па патыліцы ў самы нязручны час! Можа, лёс нас з табой не пасварыць, мы не сыдземся з табой у баі, хаця ўжо амаль што родзічы.
Прысутныя заварушыліся. Яшчэ не ўсе з іх ведалі пра дамову княжыча з Соф’яй: аб гэтым было ўголас сказана ўпершыню.
– Вы, ліцьвіны, кажаце: “Пакуль сонца ўзыдзе, раса вочы выесць!” Вось ажэніцца – тады і будзе родзічам!
– падаў голас Марквард Зальцбах.
Усе з дакорам пакасіліся на крыжака: такая прымаўка – як нядобрае прадказанне ці пажаданне! Але не зачыніш рот палонніку, які жыве тут на правах амаль што госця.
– Будзе ў нас з табой якая завалока, то спачатку ты, калі сапраўды пра сённяшняе паляваньне згадаеш, пашлі да мяне пасла!
– Гаспадар… – пачаў быў княжыч, але Вітаўт махнуў рукой, засмяяўся:
– Праўда, ты яшчэ не гаспадар Масковіі, і невядома, ці я дачакаюся твайго княжання на Маскве, але дачку маю ты мусіш берагчы! Яна, каб была мужчынам, мяне б пераўзышла!
(Васіль праз усё жыццё не забываўся, як Вітаўт прымаў яго, і многіх спрэчак у будучыя гады паміж Масквой і Вільняй пазбеглі зяць і цесць, хаця варагаванне краінаў нарастала ўжо незалежна ад іх саміх: расла Масковія, патрабавала новых прастораў і людзей. Соф’я ж (так распарадзілася Гісторыя) нарадзіла спадчынніка маскоўскага княства і пасля ранняй смерці мужа заўсёды была поруч з сынам. Калі супернікі-родзічы асляпілі сына, не дала яму ўпасці ў адчай і нават, у яго адсутнасьць, здолела выратаваць Маскву ад татараў, арганізаваўшы магутную абарону гораду, хаця тады ёй было за восемдзясят).
46
вываланец – чалавек, якога выгналі з краіны
47
дубовая калода – у пераносным значэнні труна