Читать книгу Знак Вялікага магістра - Вольга Іпатава - Страница 5

Сястра Ягайлы

Оглавление

У гаспадарскіх пакоях, што разьмясьціліся каля паўднёвага баку Лідскага замку,[7] было цёпла, хаця ад вакна, дзе ў калыхлівым вераснёўскім тумане хавалася рэчка Каменка, цягнула сіверам. Жыбенцяі[8] не шкадавалі бярозавых дроваў для вялікай кафлянай печы, што месцілася ў куце, і адтуль, з зеленаватых гаршкоў – кафлін, тачылася пахкае цяпло. Гаспадыня Лідскага замка – мажная, у доўгай суконнай з сярэбранай аблямоўкай сукні і расшытых каляровымі нітамі скураных пантофлях сядзела за сталом. На тканым ільняным абрусе там стаяў флакон з жоўтага празрыстага шкла, адкуль яна час ад часу налівала ў далонь колькі кропляў пахкай вадкасці і церла скроні: у яе заўжды перад дажджом балела галава. Недалёка, ля паліцы з дарагім шкляным посудам, напагатове стаяў пісец. Жоўтая, як гарбуз, лысая яго галава была пачціва схіленая. Ён чакаў.

Княгіня Марыя з сілай сашчапіла рукі, паднесла да падбародка. Костачкі ейных кароткіх пальцаў занылі ад напругі, і яна аслабіла намаганне. Мінулае зараз апанавала яе з надзвычайнай сілай шкадавання ад таго, што нічога з таго, што ўжо адбылося, вярнуць нельга. Яна адна, без мужа, без падтрымкі, а брат Ягайла далёка і яму не да сястры, не да ейных клопатаў. А чаму адна? Па чыёй віне? Па віне Кейстута, стрыечнага дзядзькі, які, праязджаючы праз Ліду па дарозе ў Ноўгарад-Северскі, спатоліў сваю даўнюю нянавісьць і загадаў сьцяць горлам – павесіць – ейнага мужа Вайдылу! Даўно тачыў ён зубы на Вайдылу, даўно абвінавачваў у тым, што той, яшчэ з часоў, калі быў любімым служкам вялікага князя Ягайлы і сьцяліў яму ложак, нагаворваў на яго, Кейстута, усялякую пошасьць і служыў крыжакам.

Узгадалася, як страшна крычаў перад смерцю муж, спачатку нялюбы і нежаданы, а пасля звыклы і зразумелы да апошняе жылкі. Так, раней, і праўда, быў ён усяго вялікакняскім пекарам, які дагадзіў яе брату не толькі смачнымі пірагамі, і найперш ня імі, а адданасцю і любоўю ў паходах. Стаў ён любы Ягайлу клопатам пра яго, малодшага з княжычаў, сыноў Альгерда, на якога старэйшыя браты ніколі асабліва не зважалі, лічылі яго нікчэмнікам. Бацька, Альгерд, радзіўся толькі з імі, слухаў толькі іх: ганарыстага Андрэя, буйнага Свідрыгайлу, асабліва ж – даўгалыгага Вітаўта, пляменніка, празванага рыцарам. А Вайдыла дагаджаў маладому княжычу дзе і як мог, усюды падкрэсліваў, што менавіта Ягайла самы разумны і дабрадзейны з усіх. І таму, атрымаўшы па смерці бацькі вялікакняскі сталец,[9] узвысіў Ягайла Вайдылу, ды так, што ажно аддаў яе, сястру, у той час удаву, у жонкі гэтаму пекару. Колькі яна пераплакала, колькі спачувальных, здзіўленых, пагардлівых позіркаў джалілі яе да самага сэрца! Ды выбіраць яна не магла: удавіцы трэба было толькі радавацца, што не зьвякуе астатак жыцьця адна.

Аднак, калі пераехалі яны сюды, у Ліду, у княства, якое атрымаў ад бацькі Альгерда і аддаў ёй і Вайдыле ў карыстанне Ягайла, думкі яе перамяніліся.

Вайдыла абкружыў сваю княгіню пашанай і любоўю. Кожнае жаданне, нават самае мімалётнае, стараўся выканаць. Запрасіў у замак спевакоў – менестрэляў, глумцоў-актораў, блазнаў. Вучыў яе адрозніваць заечыя слядкі ад сабачых, а таксама паказваў розныя паляўнічыя штукарствы: прыкладам, як нацкаваць ганчакоў на аленя. Яна палюбіла паляванне, палюбіла летнія вечары, калі ўдваіх з мужам сядзела ў высокай вежы, адкуль далёка бачыліся палі і пожні, праз якія вілася сіняй змяёй рэчка Лідзянка, прападаючы ў вечаровай смузе, ледзь пафарбаванай у ружовае. Яны ўдваіх марылі, што іхнія дзеці могуць некалі заняць вялікакняскі сталец у Вільні. Так, яна, Марыя, марыла аб тым – чаму і не? І ўжо не думала пра тых валадароў, з якімі яна магла б быць каралевай альбо вялікай княгіняй. Таўставатай і караткапалай нарадзілася князёўна Марыя, і ня раз папракнулі б яе ў тых далёкіх землях залоўкі ці сама сьвякроў, што толькі з-за пасагу, земляў ды славы бацькі Альгерда, узялі яе і тым ашчаслівілі. А тут, у Ягайлавай вотчыне, узяўшы Лідскую зямлю ў дзяржанне,[10] сама яна зрабіла сябе шчасьлівай – разам з Вайдылам, які нястомна гаспадарыў на гэтых землях і крок за крокам прыбіраў да рук занадта пыхлівых суседзяў – баяраў.

Кейстут! Ці толькі з-за няславы вялікакняскай сям’і павесіў ён былога пекара, улюбёнка Ягайлы? І ці толькі таму, што варагаваў з Ягайлам, не давяраў яму, убачыўшы пляменнікавую здраду? Але няма ў князёў – спадчыннікаў здрады, бо ў кожнага з іх вяршыня – там, дзе ён сам.

Другі раз засталася Марыя ўдавой. І хаця брат яе – вялікі князь, што ўжо пяць гадоў як стаў яшчэ і каралём польскім, наўрад ці хто зноў возьме яе за сябе: пабаіцца. Няшчасце вісіць на ўдаве, як торба з нядоляй, і нікому не перадасі яе. Таму вось ужо тры гады збіраецца яна выехаць адсюль, з Ліды. І выехала ўжо, ды вярнуў яе назад з Вільні Ягайла. Цяпер жа, пасля многіх просьбаў, Ягайла схіляецца перадаць Ліду іхняму роднаму брату Дзмітрыю Карыбуту, князю новагародскаму, тым вызваліўшы яе ад клопатаў. А іх – не пералічыць!

Вось і зараз – як напісаць вяльможнаму брату, што пасланыя ў сталіцу скарбы зніклі? А што, калі Ягайла падумае на яе? Нічога не скажа, а падумае. І тады – тады не схавацца ад яго ні тут, у бацькавым замку ў Лідзе, ні на краю зямлі. Нелітасцівы ён да бліжніх… “Таму што якраз сваякі далі яму найбольш клопатаў” – тут жа сярдзіта азваўся ў ёй другі голас. Гэты самы голас учора загадаў ёй не пакідаць сабе, як спярша хацелася, а пакласці назад у куфэрак залаты з пярлінамі бранзалет, які так пасаваў да вавёрчынай аблямоўкі ейнай аксамітавай сукні. Можа, не варта было яго слухацца? Цяпер бы мела пры сабе хаця б бранзалет, што ўчора выкралі чужынцы…

І цяпер, калі яна, размінаючы свае кароткія пальцы, наморшчыўшы лоб, разважала, хто б мог напасці на яе слуг, той жа голас раптоўна падказаў ёй: “Вітаўт! Сын Кейстута!”. І яна адразу паверыла яму.

…А можа, гаварыла ў ёй даўняя віна, і яна імкнулася перакласці яе на таго, перад кім сама была вінаватая? Бо ні цяпер, ні раней не хацела ўзгадваць лідская княгіня, што менавіта яна, Марыя, дабілася-ткі колькі гадоў таму ад Ягайлы злашчаснага загаду, згодна з якім палонены Вітаўт ужо ня выйшаў бы з Крэўскага замка жывым, гэтак жа, як і перад тым ягоны бацька Кейстут. Як радавалася яна смерці Кейстута! Але мусіў бы заплаціць за ейнае няшчасце і ягоны сын!

Так, яна, і толькі яна (праўда, пры падтрымцы маці, княгіні Юльяны), угаварыла брата напісаць той ліст да кашталяна Крэўскага замка Прокшы. Ягайла, нягледзячы нават на просьбы маці, не хацеў яго падпісваць: ён слабы духам, малодшы ейны братка! – але знайшлася ўсё ж хвілінка, калі яны ўдваіх з матуляй змаглі дабіцца свайго.

Заплюшчыўшы вочы, яна ўзгадала той верасень 1382 году – густы, як гарбузовая каша, туман завіс за слюдзяным вакном высокай вежы ў вялікакняскім замку ў Вільні, ліпнуў да вокнаў і свечкі не маглі разагнаць шэрай імжы ў пакоі, кідаючы бледна-жоўтыя плямы святла на залатую аблямоўку Ягайлавага каптана, на яго бледны, чамусьці таксама жаўтаваты твар. Яна ціхенька пагладзіла брата па мяккіх русявых валасах. А левай рукой моцна, нібы ён мог зваліцца з дубовага стала, трымала пергамент са злавеснымі словамі, якія неслі смерць гэтаму паганцу Вітаўту, народжанаму ад чараўніцы. Ягайла глядзеў на пергамент – той, нягледзячы на сьвятло, чамусьці таксама выглядаў шэрым, як туман за вакном, і пяро ў яго руцэ мелка трэслася.

– Ён вучыў мяне скакаць на кані! – яго словы былі, як стогн.

– Ягоны бацька пазбавіў цябе стальца! Ён сілай узяў замак і аб’явіў сябе вялікім князем! Кім бы тыў быў сёння, каб я не штурхала цябе ў бок і не патрабавала дзейнічаць? – ад вакна азвалася Юльяна. Высокая, грузная, у зялёнай, пад колер вачэй сукні, аблямаванай рудой лісой, яна лашчыла пушыстую котку, што ляжала на каленях, і ў такт сваім словам прыстуквала нагой, абутай ў жоўтыя скураныя бачуркі – чаравікі. У ёй была заўсёдная сіла, і ён, як мог, імкнуўся не паддацца ёй. Усё ж ён – вялікі князь і ўладар, а яна ўсяго толькі княгіня – маці!

– Бог не папусціў, я вярнуў сабе трон і ўсе правы!

Брат злаваўся, яна, Марыя, гэта бачыла і ведала, аб чым ён думаў: усе яго словы чамусьці гучалі як стогн.

– Але патраціў на тое два гадавыя даходы! – парыравала Юльяна. Яна прывыкла ціснуць на сына, – каб не яна, ён бы так і застаўся простым князем, якога са стальца скінуў Кейстут. І тады – навошта ўсе гэтыя гады, калі яна разам з мужам умацоўвала праваслаўную частку Княства ў процівагу жамойцкай, Кейстутавай?

– Вітаўт брат мне!

– Сцеражыся, сын! Ён будзе помсціць за бацьку – такі закон жыцця! І ты хочаш пакінуць яго жывым?!

Марыя дзівілася гэтай братавай слабасці. Ну і што, што Вітаўт стрыечны брат? Родзічы якраз і ёсць самыя небяспечныя. І Вітаўт ім радня, і Кейстут ім дзядзька. Але ж менавіта дзядзька другі раз зрабіў яе ўдавою!

…Марыя, нібы зноў перанёсшыся ў той дзень, нанова, як старонні сведка, слухала няўмольны голас маці, якім тая нібы схіляла сына над пергаментам, што ляжаў перад ім. І зноў памятала тое помслівае, гарача-радаснае пачуццё, з якім трымала ліст – загад аб смерці Вітаўта, на якім Ягайла павольна, сагнуўшыся, нарэшце выводзіў чорным атрамантам[11] сваё імя.[12] Яны былі, разам з пісарам, што трымаў напагатове пячатку і воск, учатырох у пакоі. Кашталян віленскага замка з двума памагатымі стаяў за дзвярыма, гатовы тут жа паслаць ганца ў Крэва. Аб тым таксама паклапацілася яна, Марыя, – каб ніхто не дагнаў ганца, калі раптам брат зноўку перадумае…

Бог, ці, хутчэй, д’ябальскія сілы, якія дапамагалі гэтаму… ганарыстаму пярэваратню, не далі здзейсніцца справядлівасці. Перад самым прыездам ганца са смертаносным лістом ён збег з Крэўскай вежы, апрануўшыся ў жаночы плашч прыслужніцы. І як мог разумны Прокша дазволіць, каб разам з Вітаўтавай жонкай Ганнай у вежу да Вітаўта прыходзіла і прыслужніца Алена? Алена, нявеста Рыгора Амуліча, якога перад тым забілі разам з Кейстутам! Хіба не зразумела было, што дзеўка будзе помсціць усім, хто замешаны ў забойстве каханага! Гэтак жа адпомсціла яна, Марыя, за смерць мужа, хай і нялюбага напачатку. А тая пакаёўка, кажуць, моцна кахала свайго Рыгора. Рыгора, а ня Вітаўта!

І гэта яна, Марыя, першаю прыдумала плётку, што Вітаўт меў Алену за палюбоўніцу, таму і пайшла тая на смерць, аддаўшы Вітаўту свой плашч і застаўшыся замест яго ў вязніцы. Праўда, смерць дзеўкі нічога не змяніла, – Вітаўта не злавілі. Як выйшаў ён з Крэўскага замка ў Аленіным плашчы, так і знік разам з ваўкавыскімі воямі. Яму дапамаглі крыжакі, а пасля літасцівы Ягайла дазволіў яму жыць у далёкім Луцку. Так, цяпер Вітаўт жыве далёка адсюль. Але тут, у Княстве, у яго шмат прыхільнікаў і памагатых. А яе, Марыю, ён з тых часоў ненавідзіць гэтак жа, як і брата Ягайлу.

Дык тады хто ж, як не яго падпевачы, забралі скарб і забілі ахоўнікаў?!

Яна ў тым ужо і не сумнявалася, апантаная помслівасцю і зласлівасцю. Апроч таго, верыла, што Вітаўт тым хацеў адпомсціць асабіста ёй: ня мог ён не дазнацца, хто быў завадатарам ліста, што нёс яму смерць! І, вядома, асабліва хацеў той выгнанец зрабіць прыкрасць польскаму каралю і гаспадару Княства: усім жа вядома, як прагна цягнецца сын Кейстута да вялікакняскага стальца, якім некалі сумесна валодалі іхнія бацькі і які цяпер займае адзін Ягайла!

Узгадваючы брата, Марыя зноў адчула крыўду. Ягайла адправіў яе пасля смерці мужа назад, у Лідскі замак, а не ўзяў да каралеўскага кракаўскага двара. Можа, гэта быў страх перад яе неўтаймаванай жаночай сілай? Не ўзяў ён з сабой і маці – тая адправілася з малодшым братам Свідрыгайлам[13] у Віцьбеск. Можа, занадта яны спрабавалі кіраваць там, у Вільні? Але яны ратавалі яго! Выратуюць і зараз – не дадуць даверыцца Вітаўту!

– Пішы! – загадала яна пісару. І той, выхапіўшы з торбы ля пояса пергамент і бутыліцу з атрамантам, так што ледзь не парваў кручок, на якім вісела тая скураная каліта, паслухмяна стаў выводзіць словы, якія цвёрда і рашуча выгаворвала, зноў сашчапіўшы свае кароткія пальцы, княгіня Марыя: “Брату майму найлюбаму, вялікаму князю Вялікага княства Літоўскага, каралю польскаму Ягайлу. Няшчасце сталася з намі па віне зламысніка таго, што ўчыніў нам усім вялікую шкоду, праклятага людам паспалітым і намі…” І выдыхнула імя таго зламысніка так, што трэснула шаўковая нітка, якою былі прышытыя карункі вакол яе агружанай каштоўным каменьнем шыі: “Вітаўта!”

7

паводле археалагічных раскопак, у самым лідскім замку не было гаспадарскіх пакояў. Мяркуецца, што пакоі ўладальнікаў былі непадалёк ад самога замку.

8

печнікі, людзі, што паляць печы. На мой погляд, памылковае азначэнне гэтага слова прывяло да таго, што забойцамі Кейстута ў некаторых крыніцах называюцца БРÀТÛ ÆÛБЯНÖЯІ Кучук ды Лісіца, у той час як гэта былі проста печнікі з такімі імёнамі.

9

вялікакняскі трон

10

замкі і двары даваліся гаспадаром княства ў так званае дзяржанне – выкарыстанне на пэўны час.

11

чарніла

12

некаторыя беларускія даследчыкі абвяргаюць сцверджанні польскіх даследчыкаў, што Ягайла быў непісьменным

13

Свідрыгайла (у праваслаўі Ëеў, у каталіцтве Баляслаў, каля 1370–1452). Ïасля смерці Вітаўта вялікі князь літоўскі (1430-32).

Знак Вялікага магістра

Подняться наверх