Читать книгу Знак Вялікага магістра - Вольга Іпатава - Страница 11

Сухта ў пошуку

Оглавление

Галоўны дазнаўца вялікакняскага суда Сухта чацвёртую гадзіну хадзіў, поўзаў ці, сагнуўшыся крукам, зазіраў пад кожны выварацень каля паляны, на якой быў учынены напад. Хмурнела, спусціўшыся на вяршаліны магутных бярэзін і елак, шэрае вераснёўскае неба, холад тачыўся за каўняры памочнікаў, якія гэтак жа старанна, як і дазнаўца, аглядалі месца злачынства. Гэта было няпроста: апроч таго што прайшло ўжо чатыры дні, тут натапталіся людзі лідскага кашталяна, і таму, апроч іхніх слядоў, мала што можна было ўбачыць. Сухта, радуючыся таму, што за гэты час не было дажджу, вывернуў кашталяну душу, дабіваючыся, каб той дакладна паказаў, дзе і як ляжалі забітыя, якіх паспелі ўжо пахаваць. Нарбут не падзяляў гэткага шчыраваньня, для яго ўсё стала зразумелым пасля таго, як вырашальнае слова выказала княгіня Марыя: гэта ж, вядома, былі людзі Вітаўта, які хоча зрабіць прыкрасць вялікаму князю літоўскаму і польскаму каралю Ягайлу, даказваючы сваё права на Княства, а тым пачаць з ім вайну. Хто ж ня ведае, што недалёкі Ваўкавыйск, як і Гародня, зусім нядаўна яшчэ належалі Кейстуту і яго сыну – дык жа баяры і там, і там засталіся верныя сваім гаспадарам і мараць пра вяртаньне Вітаўта. Да таго ж, стрэлы, якімі забівалі, былі яўна Вітаўтавы – з белым апярэннем, з абавязковай чорнай плямкай. Аднак жа якраз гэта найбольш насцярожвала Сухту, – калі Вітаўт шукаў вайны, то ён знайшоў бы іншы спосаб. Рабаўніцтва – гэта не па ім. Да таго ж, троцкі князь далёка адсюль, ды і не такі ён, каб займацца такімі дробязямі. І нават калі гэта зрабілі верныя яму баяры, то яны ніколі б не ўзялі славутыя Вітаўтавы стрэлы! Вопыт следчага падказваў яму, што пёры гэтыя выбраныя знарок. Хто ж яшчэ можа справакаваць напад? Альбо крыжакі, альбо тыя, хто моцна ненавідзіць Вітаўта і хоча вайны.

Пытанняў было шмат: адкуль маглі дазнацца людзі Вітаўта пра дакладны час выезду з замка, ды і пра сам скарб, як даведаліся, дзе будзе прыпынак, бо кожнаму, хто хаця трохі петрыў у дазнавальных справах, было зразумела, што вояў на Альгердавай паляне чакала засада. Зрэшты, ніхто не аспрэчваў таго, што з нападнікамі загадзя дамовіліся, і хутчэй за ўсё былі гэта тыя, хто застаўся ў жывых: Гердзень і Даніла.

Дазнавальнік быў пагадзіўся спачатку з гэтаю думкай, нягледзячы нават на тое, што дворныя людзі ў адзін голас цвердзілі, што Даніла не мог пайсці на такі грэх, каб забіць роднага бацьку (ці дазволіць тое) і што з Гердзенем іх не звязвалі ніякія асабліва добрыя адносіны. Але Сухта ўволю нагледзеўся розных нечаканасцяў і брудных памкненняў пад час сваіх вызнавальных справаў і доследаў, судоў і выракаў, таму добра ведаў, што робіць з людзьмі прага багацця, альбо прага ўлады, альбо ўласнасці, няхай пад гэтую ўласнасць падпадае ўсяго толькі прыгажосьць ці маладосьць. Саракагадовы мядзьведзяваты, з неймаверна шырокімі плячыма, з кірпатым невыразным тварам, на якім чорнымі вугалямі гарэлі пранізлівыя вочкі, з няроўным шнарам цераз усю шчаку, які наліваўся барвовасцю ў час злосці ці гневу, Сухта ўмеў быць страшным у тыя хвіліны, калі віноўны хістаўся між прызнаннем і жаданнем схавацца за апошнюю прывідную нітачку надзеі. Умеў ён, як ніхто, ухапіцца за тонкую саломінку нейкага амаль нябачнага для ўсіх іншых факта і раскруціць самую заблытаную справу.

У справе ж забойства лідскага атраду была найперш зацікаўленая не хто іншы, як адзінакроўная сястра караля Ягайлы, таму пасылалі Сухту ў Ліду адначасна і падскарбі, і гетман віленскі. Са спецыяльным дакладам быў пасланы ганец і ў Трокі, да брата яго міласці Ягайлы князя Скіргайлы, сённяшняга намесніка гаспадара ў Вялікім княстве. Але кожны ведаў – Скіргайла больш цікавіцца тым, чым адзін гатунак мальвазіі адрозніваецца ад другога, чымся справамі кіравання спадчынай Альгердавічаў. Любіць ён таксама двубоі на шаблях. Праўда, калі ў п’яным запале ён і секане каго са сваіх прыдворных, то, калі той застанецца ў жывых, дастане вялікую ласку ад князя: той сам лекуе і будзе даглядаць параненага, а пасля абавязкова падорыць нешта: альбо маёнтак, альбо землі. Дзеля гэтага таўкуцца ў Троках не толькі многія малазямельныя шляхціцы. Праўда, бывае, што і засячэ кагосьці Скіргайла да смерці, але ж жыццё шляхціца падпарадкаванае вайне і паядынкам, і, калі будзе да яго ласка Перуна, у рэшце рэшт, ён застанецца ці пры ўзнагародах – землях і ласцы вялікакняжай, ці прынясуць яго, як раней казалі, на шчыце, і толькі родныя памянуць на Дзяды і Радаўніцу. Таму, нават не чакаючы адказу і распараджэнняў Скіргайлы, адправілі падскарбі ды гетман дазнальніка Сухту з памочнікамі ў Лідскае княства – дазнавацца праўды.

Ад той праўды залежала многае: калі дзёрзкі напад і рабаванне – справа Вітаўтавых людзей, то вайна магла пачацца вельмі хутка: напал непаразуменняў паміж сынам Кейстута і сынам Ягайлы цяпер празмерны. Крыўдаў набралася ажно зашмат. Усе ведаюць, што кароль ня выканаў сваіх абяцанняў, якія яшчэ ў 1384 годзе даваў Вітаўту: аддаць яму Трокі і Гародню, спадчыну бацькі. Тады Вітаўт паверыў яму і адцураўся дапамогі крыжакоў, вярнуўся на радзіму. І што ж? Нічога выканана не было, дзедзічнае – спадчыну бацькі Кейстута – яму не вярнулі. Мала таго: усе апошнія гады Ягайла моцна прыціскаў ва ўсім стрыечнага свайго брата, як бы выпрабоўваючы яго на цярплівасць. І Вітаўт маўчаў, бо кароль Ягайла зараз мацнейшы за Вітаўта: за ім войска Польшчы і частка верных яшчэ Альгерду гуфаў,[35] якія падтрымаюць Ягайлу як сына іх вялікага военачальніка ды яшчэ і законнага спадкаемца Альгерда. За Вітаўтам – войска ягоных удзелаў у Луцку і Жмудзі, а таксама магчымая дапамога іншых сыноў Альгерда, напрыклад, Андрэя Полацкага, які дужа незадаволены тым, што бацька, у абыход яго, старэйшага і найслаўнейшага сына, пакінуў сталец малодшаму Ягайлу, які нічым і ніколі не праявіў сябе – ані ў бітвах, ані ў дыпламатыі, ані ў рыцарскіх паядынках. Вакол Вітаўта з’яднаюцца таксама тыя, хто незадаволены Крэўскай уніяй і валадараннем тут, у Княстве, палякаў. Але колькі іх, такіх незадаволеных, ніхто, апрача хіба самога Вітаўта, не ведае. Аб гэтым шмат гаварылі ў Вільні, і таму гетман і падскарбі, абое прыхільнікі Вітаўта, пастараліся, каб у Ліду быў пасланы чалавек вопытны і праўдзівы.

…Сухта варушыў куст за кустом, нягледзячы на тое, што буйныя кроплі расы падалі на яго твар з галінаў дрэваў і пырскамі ляцелі з хмызьняка, прымушаючы час ад часу абцірацца рукавом. Вочы яго чэпка ўзіраліся ў кожны след, кожную зламаную галінку, а думкі круціліся ў галаве нібы самі па сабе. Лепей было б, каб напад рабілі маскоўцы ці крыжакі, альбо нават і татары. Тады да вайны не дойдзе, абмяжуюцца пасольствамі ды доўгімі перамовамі, у адказ маскавітам спаляць колькі вёсак на мяжы, а татарам адпомсцяць іх жа супляменнікі, якія грызуцца паміж сабой і шукаюць у Вялікім Княстве падтрымкі. Крыжакам нічога пакуль не зробяць, бо Ягайла і Вітаўт самі прагнуць дапамогі ад іх, і ні ў Княства, ні ў Польшчы няма такой сілы, якая б зламала нахабных германцаў. Хіба што разам сабраліся б дзве краіны – але гэтага, мабыць, ніколі не будзе, бо палякі і ліцьвіны паміж сабою не ладзяць. “Як Вітаўт і Ягайла”, – уздыхнуў следчы, і на гэтым яго высокія роздумы закончыліся, бо з-за павароткі дарогі паказаўся малады памочнік Дрозд, які бег да яго наўпрост і быў нечым узбуджаны.

– Ваша міласць, я знайшоў!

Сухта не пытаўся, што там. Ён ведаў і тое, што памочнік ніколі не возьме ў рукі тое, што ўбачыў, перш чым не дакладзе пра гэта старэйшаму. Таму выйшаў на сыпкую пясчаную дарогу і, заграбаючы нагамі цяжкі жоўты пясок, нечакана лёгка для яго магутнай постаці пайшоў у патрэбным накірунку.

Ён адразу зразумеў, пра што кажа Дрозд: якраз на сярэдзіне дарогі, між каляінамі, у траве ляжала пярліна. Заўважыць яе было цяжка: вільготныя пажухлыя сцябліны надзейна схавалі каштоўнасць. Толькі такі пранырлівы следчы, як Дрозд, які працаваў з Сухтам ужо колькі гадоў, мог яе знайсці.

– Ну і адкуль яна, як ты думаеш?

Дрозд замест адказу прыўзняў жамчужыну. У ёй засталася чырвоная нітка.

– Думаю, што гэта з брамкі.

– Ну і што? – квяліўся Сухта. – Ці мала якая пані магла тут нахіляцца так, каб адарвалася пярліна?

Дрозд замест адказу паказаў направа. Якраз насупраць іх з лесу да дарогі цягнуўся след, быццам нехта поўз, губляючы кроў – цёмныя плямкі засталіся на кустах светла-зялёнага бруснічніку, круглы малады кусток берасклету быў прымяты, а раздушаныя чырвоныя ягадзіны яшчэ не паспелі згніць. Яны абодва памкнуліся да следу. Там, непадалёк, знайшлі і яшчэ нешта, а менавіта, металічны гузік. Сухта моўчкі паказаў на гузік і, пакінуўшы Дразда, пайшоў па следзе. За ім, сапучы, рушылі яшчэ два памочнікі, што паспелі падбегчы сюды ад паляны.

Дазнальнік у думках пахваліў сябе, што рушыў у дарогу, як толькі даведаўся аб здарэнні, не чакаючы ані гадзіны. Пакуль ганцы з Ліды дабіраліся да Вільні, пакуль сам ён дамчаўся да замку ў Лідзе ды пагаварыў з кашталянам, а пасля ірвануўся сюды з памагатымі, пайшоў пяты дзень з рабавання. Добра, што не было моцных дажджоў, а імжа, што тачылася з неба, таксама пачалася толькі з сённяшняй раніцы.

След часам губляўся, гэтыя дні паспелі ўжо выпрастаць прымятую траву, крыху зацягнуць вырваныя кавалкі пругкага зялёнага моху. Моцная, як вяроўкі, дзераза вілася паверх ігліцы. Аднак следчы кожны раз знаходзіў шлях некага, хто тут не ішоў – поўз. Сляды таго, што тут адбылося, пятляючы, няўхільна вялі яго да дуба. Пад вываратнем пясок захаваўся сухім, і можна было разгледзець выразныя сляды чалавечых рук і ног, а таксама выбоіну ад галавы.

Абышоўшы вакол дуба, Сухта, схіліўшыся над зямлёй, адшукаў ланцужок глыбокіх ямак – скачкоў, якія падымаліся са схілу. Некалькі з іх выразна выдзяляліся на зямлі – гэткія сляды робяць не лапці, не поршні, а толькі боты. Боты на добрай падэшве, не надта вялікага памеру.

– Агледзьце ўсе дрэвы, усю галузь![36] – кінуў памочнікам і, амаль паўзучы, пакраўся па скачках, якія вялі назад, адтуль, адкуль прыйшоў ён сам. Калі ж, пасля доўгіх поўзаньняў – пошукаў, ён зноў выйшаў да паляны, вочкі яго блішчэлі тым захапленнем і зацятасьцю паляўнічага, калі ён выходзіць на патрэбны след.

– Адзін з дваіх! – прашаптаў ён. – Каторы? Гердзень ці Даніла?

Вечарам, вярнуўшыся ў Ліду, разам з памочнікам Драздом ён сядзеў у прызамкавай карчомцы. Усе ў карчме ўжо ведалі, што чужынцы прыехалі з самой Вільні, каб даследаваць забойства ахоўнікаў і рабаванне куфра з каштоўнасцямі, таму спачатку людзі толькі назіралі збоку, як ядуць і п’юць прыезджыя. Але затым выжлуктанае піва дадало людзям смеласці, і да Сухты пачалі падыходзіць зямяне. Менавіта на гэта разлічвалі дазнальнікі, таму і адправіліся вячэраць у карчму, адмовіўшыся ад гасціннасці кашталяна: нідзе так не ахвочы да словаў чалавек, як там, дзе ён разам з іншымі вышынкоўвае хмельмае пітво. Паступова каля прыезджых сабраўся натоўп, і кожны выказваў свае думкі наконт здарэння, так што падыходзіла да поўначы, калі следчы нарэшце выправіўся ў пакоі, якія адвёў ім кашталян. У галаве яго гудзела, звесткі, якія з ахвотай накідалі ім у карчме, віліся вакол галавы, як надакучныя мухі.

На замчышчы ўсё спала, толькі вартавыя мерна хадзілі каля брамы. Іхнія крокі гулка аддаваліся ля калодзежа, што месціўся ўнутры двара, і, нібы адштурхоўваючыся ад сценаў, вярталіся зноў да варотаў. Дрозд адстаў, гаворачы з яшчэ з нейкім словалюбным месцічам, і Сухта прайшоў па двары адзін, асветлены смалякамі, што кідалі няроўныя цені на драўляныя прыбудовы ля усходняй сцяны.

У адну з іх ён зайшоў, марачы толькі аб адным – легчы на ложак і заплюшчыць вочы. На заўтра заставалася яшчэ процьма розных справаў, бо размовы з замкавымі людзьмі яшчэ і не пачыналіся. Учора, ледзь прыехаўшы, ён спяшаўся на месца здарэння. І не дарэмна: пярліна якраз на тым месцы, дзе нехта дапоўз да дарогі, была важнай следчай знаходкай. Трэба таксама дазнацца, якія гузікі маглі быць на адзенні Гердзеня ці данілы. І яшчэ, і яшчэ…

У канцы калідору, што пахнуў сьвежай драўнінай, да яго пасунулася чыясьці белая, як прывід, постаць. Возны схапіўся за тонкі кінжал – мізэрыкордыю, з якім быў неразлучны.

– Хто тут?

– Гэта я, маці Данілы! Таго, каго вы зараз шукаеце!

– прашалясцела насустрач, і ў дрыготкім святле светляка, што матляўся ў зажыме за яго спіной, Сухта ўбачыў нестарую яшчэ кабету ў доўгай сукні і камізэльцы, з белай наміткай на галаве. З ёй, маці зніклага Данілы і жонкай забітага Сокала ён збіраўся гаварыць у самую апошнюю чаргу. Маці заўсёды будуць абараняць сваіх сыноў…

– Чаго ты тут?

– Хачу толькі запытацца, дзеля Рода і Парадзіх:[37] ці вы штосьці знайшлі?

– Што і знайшоў, дык табе не скажу.

– Я хачу ведаць адно, толькі адно: ці жывы хаця мой сын?!

– Адкуль жа мне ведаць? – прабурчаў Сухта, трохі аслабіўшы кулак, што сціскаў кінжал. – Вось знойдзем, тады высветлім, хто забіваў… Твайго мужа, між іншым, таксама!

– Мой хлопчык не такі! – застагнала яна. – Ён ня выдзерца! Не, не, ён не рабаўнік! І любіць… любіў, – паправілася яна – бацьку, ён ня мог яго… прадаць!

Сухта ўздыхнуў. І прадавалі, і забівалі, і пераступалі праз самыя страшныя клятвы, не баючыся ні багоў, ні людзей. І плакалі маці, малжонкі, дочкі, і раўлі, як быкі, ашуканыя мужы ці бацькі… Ён нагледзеўся на тое ўдосталь, таму не верыў нікому. Аднак гэтая кабеціна магла яму дапамагчы – і як ён сам не даўмеўся, – папракнуў ён сябе! Адклаў на заўтра, а трэба было высветліць тое сёння!

– Якія гузікі былі на каптане твайго сына… ён жа быў ў каптане?

– Так, я сама прасіла майстра нашыць на той каптан палосы ад свяшчэннага дзіка…

– Дык якія былі гузікі?

– А-а, гузікі… Металічныя, якія ж яшчэ!

– А ў Гердзеня?

– У Гердзеня? Не памятаю. Вось у Сокала…

– У Сокала не трэба. У што быў абуты твой Даніла? Няшчасце іншых, нягледзячы на яго суровасць і вопыт, усё яшчэ выклікала ў ім спагаду. І як не спачуваць, калі вось такія глыбокія, спакутаваныя вочы глядзяць на цябе з болем і надзеяй. Яна страціла мужа, але спадзяецца, што жывы адзіны сын. Ёй не пазайздросьціш: шмат якія лідскія людзі вераць, што сын мог забіць бацьку і схавацца разам са скарбам і сваім хаўруснікам.

Яна глядзела няўцямна, і ён прыкрыкнуў:

– У што быў абуты? Што было ў яго на нагах?

– Ён… ён… у боты. У добрыя казловыя боты.

– А старыя боты ёсць? Нясі іх сюды!

– Боты?

Яна не разумела.

– А навошта? Ботаў у яго болей няма. Толькі лапці і поршні.

– Нясі! Лапаць ці поршань – усё роўна! Мне патрэбны памер нагі! – рыкнуў ён. – І не пытайся болей ні аб чым!

– Зараз! Нясу!

Яна прашмыгнула міма яго да дзвярэй, выскачыла, нібы растварыўшыся ў цемры.

Ён уздыхнуў, зноў выйшаў з прыбудовы. На цёмным вераснёўскім небе ярка гарэлі Стажары, Мілавіца ж – зорка багіні Лялі – як зачапілася за бляшаны караблік на флюгеры вежы і маркотна міргала з невымернай для смяротнага чалавека вышыні. І Сухце таксама стала маркотна і скрушна на душы. Можа, усё ж трэба было пачакаць да заўтра, каб сёння адпачыць як след? Але заўтра яго закруцяць справы, клопаты, версіі. А сёння ён патрымае ў руках прадмет, які належаў чалавеку, якога шукае, – і загадае сабе сон. Калі добра настроіцца на яго і ўсё тое, што бачыў і чуў за дзень, то, магчыма, вешчы сон і сапраўды прыйдзе да яго і многае стане зразумелым. Не часта, але такое з ім бывала, нібы рэчы, якія ён кранаў, самі пачыналі гаварыць аб тым, што з імі здарылася. Але для гэтага трэба было ўсёй душой паспачуваць некаму, як вось зараз гэтай няшчаснай кабеце, чыя душа з магутнай сілай любові да сына прасіла яго – знайсці і разабрацца… І ён цярпліва, нягледзячы на стому, чакаў і думаў.

Трэба было загадаць, каб такі ж лапаць ці поршань забралі з хаты Гердзеня. Таму што нехта з іх – ці Даніла, ці Гердзень – не быў наводчыкам на скарб. Ён сам бег ад стрэлаў, як загнаны заяц, ён, сцякаючы крывёй, прыпоўз да дарогі і яго падабраў вазок, у якім сядзела багатая пані, якая носіць абшыты пярлінамі галаўны ўбор. Ён ужо не сумняваўся, што след уцекача, якога падабрала карэта, супадзе менавіта з Данілавым абуткам. Але гэта правераць заўтра яго памочнікі.

Узгадваючы Лядашчыка і спатыкаючыся, прайшоў браму яго памочнік Дрозд. Вартавы пільна агледзеў яго, каб не памыліцца. Сухта не стаў шмат размаўляць з дзецюком. Усё раскажа яму, калі той прачнецца і вытхне з сябе сляды добрай чвэрткі бочкі, з якой карчмар цадзіў і цадзіў цёмнае піва, якое ў Лідзе вараць, аказваецца, лепей, чым у самой Вільні…

35

гуфы – вялікія атрады. Ïочат мог быць зусім невялічкім атрадам.

36

галузь – вецце

37

Род і Парадзіхі – старадаўнія славянскія багі плоднасці

Знак Вялікага магістра

Подняться наверх