Читать книгу Знак Вялікага магістра - Вольга Іпатава - Страница 12

Ягайла

Оглавление

Залачоныя клямры балдахіна варушыліся ад лёгкага вераснёўскага ветру, што шчэміўся ў прыадчыненую аканіцу. Кароль любіў спаць пры свежым паветры, таму каралева мела другую спальню, дзе аканіцы заплішчваліся да апошняй шчылінкі і дзе з вечара на шпалеры пырскалі духмянай нямецкай вадой з Кёльну,[38] як прывыкла да таго Ядвіга ў Будзе, пры венгерскім двары свайго бацькі.

Каралю не хацелася ўставаць, хаця ў Вільні ён прачынаўся першым з усёй вялікакняскай сям’і і любіў снедаць у ложку, для чаго з вечара прыносіліся да лажніцы хлеб, кавалкі халоднага мяса і грушкі. Тут, у Кракаве, такое немагчыма. Перш чым дабрацца да стала, трэба прайсці праз рукі апранальшчыка і памочніка кашталяна, праз агульную з каралевай малітву, прычым чытае яе ня хто іншы, як сам біскуп кракаўскі Пятро Выш. А галоўнае – зранку трэба прымаць то ваяводу, то канцлера, то маршалка, і для кожнага трэба знаходзіць пэўнае рашэнне, якое тут жа запішуць у кнігу, якую трымае перад сабой пісар каралеўства, і гэтая кніга як прысуд Кона – канчатковы. Бывае, што хочацца адмяніць сваё рашэнне, адцурацца яго, аднак жа не – табе няўмольна прачытаюць яго роўным і бязлітасным голасам, і яно прыліпне да цябе як смала – навекі.

Пачуўшы, што кароль заварушыўся, ціха зайграў на цымбалах за дзвярыма музыка Жыж, заспяваў любімую каралеўскую песню-баладу:

Была зямля не свячона,

Былі людзі не хрышчоны,

Не верылі Госпаду Богу,

А верылі люту-цмоку.

Люту-цмоку далі броку[39]

Кожны дзень па чалавеку…


Гэтую песню Жыж, у хрышчэнні Андрэй, спяваў яшчэ пры бацьку Альгерду ў Віленскім замку, а маці, Юльяна, не любіла яе, крычала: “Навошта палохаць дзіця!” Ды бацька казаў: “Хай любіць нашыя песні ды паданні, хай шануе старыя часы і слаўныя дзеі вайсковыя!”. Няўжо адчуваў бацька, які быў не толькі слаўным воем, але, як казалі, умеў часам зазіраць у будучыню, што ягонаму сыну давядзецца жыць побач з такім вось цмокам ды не дзе-небудзь, а ў Польскім каралеўстве, у Кракаве, на самім Вавелі?

Ізноў узгадалася даўняе паданне пра вавельскага цмока, які палохаў насельнікаў пякучым агнём ды смерцямі, калі выпаўзаў наверх і якога польскія рыцары загналі глыбока да гарцукоў. А гарцукі – падземныя духі – наклалі на цмока закляцце, каб той нідзе не знайшоў шчыліны і не выпаўз адтуль. Цяпер пачвара сядзіць унізе і толькі час ад часу страсае гару, на якой польскія каралі пабудавалі замак.

…Падлога, выкладзеная дубовымі новымі дошчачкамі, якія складаюцца ў цёмна-карычневыя кругі, была халоднай, таму Ягайла спусціў ногі, шукаючы цёплыя мехавыя чуні, у якіх зручна нагам і, не ўбачыўшы іх, зноў нацягнуў на сябе коўдру, не жадаючы клікаць апранальшчыка, які дзяжурыць ля дзвярэй. Пасьцельнічы Судзімонт, якога ўзяў з сабой у Кракаў з Вільні, учора захварэў, а без яго каралю няўтульна.

Тры гады ён у Кракаве, а пачувае сябе тут чужынцам, за кожным крокам якога пільна сочаць сотні вачэй, а за кожным рашэннем – тысячы. Вядома, зямянам і Вялікага Княства, і Польшчы ёсць справа да караля толькі тады, калі нешта змянілася ў іхнім жыцці ў горшы бок, але шляхта абедзвюх дзяржаваў не зводзіць з яго дзеяў, як кажуць у народзе, і вачэй, і слыху. Ёсць, вядома, і палякі, якія гатовыя служыць каралю і дапамагаць яму, і ён з мноства выбраў тых, каму больш-менш давярае: падэўскі доктар дэкрэтаў Дабрагост, біскуп пазнанскі Седзівой з Шубіна дый Ян з Тэнчына.[40]

Найбольшы клопат караля на сёння – гэта стрыечны брат Вітаўт. Калісьці бацька Альгерд і бацька Вітаўта падзялілі паміж сабой уладу ў Княстве, мяркуючы, мабыць, што дзеці зробяць гэтак жа. Але часы прайшлі, вялікакняскі пасад павінен быць адзін, а цяпер, пасля уніі, тым болей. Яму, Ягайлу, аддаў бацька вялікі сталец, і за яго ён мусіў учапіцца, як за жыццё.

Кожны з братоў, унікаючы хіба Свідрыгайлу, які сядзіць у Віцьбеску разам з маці Юльянай, таксама ня супраць стаць вялікім князем. Праўда, Скіргайла якраз задаволены: ён у Троках застаўся замест вялікага князя, – але ж не вялікі князь, а ўсяго толькі намеснік. У астатніх жа Альгердавічаў, асабліва ў сыноў Марыі Віцебскай, моцы няма, каб падняць усе тыя сілы, якія былі супраць уніі і асабіста яго, Ягайлы. Нават у Андрэя Полацкага, колькі б ні абяцала яму дапамагчы Масковія. Праўда, брата Андрэя, што дапамагаў Дзмітру маскоўскаму ў кулікоўскай бітве, давялося ўтаймоўваць доўга. Утаймавалі – цяпер сядзіць унізе ў цямніцы, яму там да цмока бліжэй. І ў Вітаўта такіх сілаў няма. Пакуль што. Але якраз менавіта Вітаўт здольны на тое, каб павесці за сабой усіх незадаволеных і каб справіцца з ім, Ягайлам, хаця ён сёння не толькі вялікі князь, але і кароль Польшчы.

Пакуль Вітаўт сядзіць у Луцку, але гэта зацішак перад навальніцай. Абое яны ведаюць гэта і рыхтуюцца да рашучага двубою. Бо паміж імі не толькі сталец Княства, але і кроў бацькі Вітаўта Кейстута, задушанага ў крэўскай вязніцы, і парушэнне клятвы, дадзенай некалі Кейстуту – не ваяваць супраць яго. Хаця біскуп Ян Радліца патлумачыў, што клятва тая цяпер, калі ён перайшоў у каталіцтва, нядзейсная, усё ж добра памятае пра тое Ягайла…. Паміж стрыечнымі братамі як стаіць і павешаны Кейстутам Вайдыла, і маці Вітаўта Бірута, якую кароль загадаў утапіць разам з усёй раднёй, і сотні іншых, менш значных людзей, шляхціцаў і зямянаў, вяльмож і простай чадзі,[41] пра якіх яны абое нават не ведаюць. Бо нехта і зараз імчыцца з Кракава са звесткамі пра тое, што ўчора сюды, да караля, прыслаў чарговы ліслівы ліст сам вялікі комтур[42] ордэну Конрад Валенрод, а ў Кракаў ці Вільню ляціць чалавек з Луцка, каб перадаць, хто з Вітаўтавых людзей вярнуўся з Мальбарка ад вялікага магістра фон Цольнера, бо ордэн вядзе сваю гульню на ўсіх шахматных дошках, пачынаючы ад Залатой Арды і Масковіі.

– Ваша каралеўская міласць, ганец з Вільні, ад канцлера, – пачуўся мяккі голас апранальніка. – Ці Ваша каралеўская міласць прыме яго тут, у ложку, ці няхай пачакае?

– Пра воўка памоўка, а ён і тут! – буркнуў сабе пад нос Ягайла і неахвотна злез з ложка, калыхнуўшы балдахін і цягнучы за сабой прасціну з тонкага нямецкага палатна.

– Што вы сказалі, ваша… – пачаў слуга, але Ягайла нецярпліва махнуў рукой:

– Дай апранаху, сказаў! Не хапае яшчэ, каб мяне ў ложку заспелі ў такі час! Пасля будзе расказваць, што ў мяне мох з грудзей вылазіць!

Узгадаў падзеі свайго жанімства ў 1385 годзе, калі паны палякі ўгаворвалі яго ажаніцца са сваёй валадаркай ды заняць трон Польшчы, для чаго гвалтам выганялі ранейшага жаніха Ядвігі, аўстрыйскага эрцгерцага Вільгельма, з якім яна разам расла пры венгерскім двары ды якога кахала з дзяцінства. Ягайла быў для іхняй краіны выгаднейшым за кволага таго эрцгерцага, – палякі памяталі пераможныя паходы на Польшчу і бацькі Альгерда, і яго самога. Тады біскупы Пятро Выш і Ян Радліца нямала пастараліся, каб Ядвіга згадзілася на шлюб з няведамым ёй ліцьвіном, старэйшым ледзь не ўдвая. Упрошвалі яе і іншыя, нават маці старалася як магла. Ды, узгадаў Ягайла з гумарам, як бы ні была гэтая дзеўчынёха засмучоная стратай Вільгельма, усё ж паслала свайго даверанага Завішу Алясьніцкага праверыць, ці праўда, што валадар Літвы, за якога прыйдзецца ёй ісьці, падобны да калматага звера. Разгадаўшы, чаго баіцца Ядвіга, Ягайла запрасіў даверанага ў лазню, і той мог на свае вочы агледзець усё, чым цікавілася маладзюткая, але надта ўвішная каралева. Аднак байкі пра “калматага ліцьвіна” ўсё не змаўкалі, і гэта, разам са многімі іншымі драбнюткімі ўколамі, злавала Ягайлу і надавала яму той пастаяннай, несьціханай злосьці, якая прарывалася пакуль што адно ў адносінах з жонкай-каралевай, здольнай у кожным, нават самым пачцівым слове свайго мужа пачуць глыбока затоенае, але здзеклівае адценне.

У тонкай кашулі, што бялюткай хваляй выбівалася з-пад зялёнага адамашкавага жупана, падперазаны шаўковым пасам з залатой гафтоўкай, выйшаў Ягайла ў прыёмны пакой, і ганец ў доўгім суконным каптане, запырсканым гразёй, схіліўся перад ім у нізкім паклоне, трымаючы ў правай руцэ пергаментны скрутак з пячаткай, на якой выразна выдзяляўся герб Пагоня.

– Загадана ва ўласныя рукі, вашая каралеўская мосць, – сказаў ганец, і Ягайла раптоўна пазнаў яго. Гэта той панцырны баярын, які трымаў харугву князя ў час іхняга стаяньня пад Куліковым полем у 1380 годзе, калі Ягайла, нягледзячы на абяцанне, так і ня выйшаў на дапамогу Мамаю супраць князя Дзьмітрыя і маскавітаў. Разлічваў на тое, што ў бітве саслабеюць абое – і Мамай, і Дзмітрый маскоўскі, і тым узмоцніцца Вялікае Княства, на якое квапяцца і той, і другі.

Ён уздыхнуў. Там, перад тым полем, давялося стаяць і супраць памочнікаў князя Данскога, уласных родзічаў – Андрэя полацкага і Баброка з Валыні, сына валхва, які, кажуць, прадказаў Дзмітрыю вялікую перамогу…

– Ты… гэта… ці не Арабей часам? – запытаўся, гледзячы на ганца, кароль, і той, уражаны, заззяў шэрымі, ужо пачырванелымі ад пастаянных вятроў вачамі, засвяціўся ўсмешкай, паказаўшы адсутнасць кутняга зубу:

– Ваша мосць памятае… Не забыліся, як далі мне з уласных рук бортніцу з півам!

Ягайла пра тое ня памятаў, але задаволена ўсміхнуўся: ён любіў агаломшваць людзей сваёй незвычайна чэпкай памяццю, тым здабываючы іх прыхільнасць. Настрой у яго палепшыўся: перад гэтым… як яго? – Арабеем можна было б і ляжаць у ложку, ён – прыхільнік, свой, і такіх у Вільні ўсё ж хапае. Дык, можа, ня варта гэтак трывожыцца?

Але прачытаны ліст зноў апусціў яго на зямлю і нават не на зямлю, а ў балота, у дрыгву, дзе даўно ўжо хаваліся іх з Вітаўтам сцежкі. На ганцоў, што везлі ў Кракаў завешчаны каралю скарб лідскага баярына, нехта напаў і забіў суправаджэнне! Але хто рабаваў? Калі напад на лідскі почат здзейснілі людзі Вітаўта, як піша сястра Марыя, дык гэта, лічы, усё роўна што клікун[43] месца Віленскага абвясціў пра вайну. Ліда – родавае княства Ягайлы, якое перадаў яму сам бацька Альгерд і якое ён сам аддаў на ўтрыманне свайму парабку Вайдылу, ажаніўшы яго з сястрой. Вайдыла меўся забіраць сабе ўсе падаткі, нават грэбельнае,[44] але пры неабходнасці браўся даць у войска вялікаму князю гуф не меней за тысячу вояў. Пасля гвалтоўнай смерці Вайдылы гэтыя стасункі змяніліся: Ліда, якая наўрад ці выставіла б столькі вояў, цяпер наўзамен штогод давала асабіста яму нядрэнны даход, бо Марыі даставалася толькі чвэртка ад тых падаткаў і выплатаў, якія ішлі ў замкавую казну. Напасці на лідскі почат – гэта горай, чым на гуф віленскі, бо Вільня не належыць Ягайлу, хаця ён і вялікі князь, Вільня – усіхняя сталіца.

Ягайла думаў пра ўсё гэта, ідучы на сняданне і пазней, калі біскуп чытаў малітву за сталом, дзе сядзелі толькі яны ўдваіх з Ядвігай, насупраць адно аднога. Ядвіга, у попельнай сукні з накінутай на плечыкі накідкай, падбітай выдрай, слухала малітву з увагай, бледны тварык сьвяціўся пакорай, вочы апушчаныя долу. Не паверыш, гледзячы на гэткую пабожнасць, што слабымі сваімі ручкамі гэтая жанчына секла браму сякераю, калі маці разам з панамі зацнымі забараніла ёй выходзіць у горад. Секла, каб прабрацца ці то да францішканаў, ці то ў дом Гневаша з Далевіц, дзеля таго каб патаемна сустракацца са сваім Вільгельмам, што прымчаўся ў Кракаў, жыў у гэтага мешчаніна і нават паспеў павесці яе да шлюбнага ложку, як потым Гневаш расказваў многім. І хаця каралеўскі суд, куды паскардзілася на нясціплага Гневаша Ядвіга, цалкам яе апраўдаў, прымусіўшы таго гіцля гаўкаць па-сабачы з-пад лавы аж пакуль не задаволіцца тым каралева,[45] асадак у Ягайлы на душы застаўся. Дый і ў аўстрыяка тады было тут, у Кракаве, шмат прыхільнікаў. Шэпчуцца, што зьнямчоны Пяст шлёнскі, князь Уладзіслаў Апольскі, нават на кароткі час захапіў Вавель, абы пасьпець абвянчаць Ядвігу, але адбілі яе паны польскія, вызвалілі Вавель і ад Апольчыка, і ад Вільгельма. Але, – зноў пакасіўся ён на жонку – і ён таксама ўвесь час адчуваў сябе, як і яна, закладнікам, бо па пятах ішлі Андрэй і Скіргайла, Свідрыгайла, а найперш Вітаўт, і кожны дзень мог скончыцца для яго, як некалі для дзядзькі Яўнута, у якога бацька і Кейстут адабралі сталец, падзяліўшы яго надвое: Кейстуту дасталася меншая частка Княства – Жмудзь, Альгерду – Літва і Белая Русь. Цяпер паўставала тая самая сітуацыя. На вялікага князя, які, на думку братоў, не заслужыў стальца, тады якраз пачыналася вялікае паляванне.

Заключэннем уніі з Польшчай, якая злучала ў адно дзве дзяржавы і рабіла яго не толькі вялікім князем, але й каралём, ён адарваўся ад гэтай гайні, адным махам пераскочыў праз агароджу і зачыніўся моцнай брамай. Праўда, абяцаў і Вітаўту, і Скіргайлу вялікі сталец, і яны былі пры заключэнні уніі, нават перахрысціліся ў каталіцтва разам з ім у Кракаве, ды ці мала абяцаецца пры пачатку вялікага паходу? Паход скончыўся, і заўсёды можна казаць, што твае праціўнікі не ўтрымаліся на абумоўленых межах, што нешта парушылі, а значыць, ранейшыя абяцанкі губляюць сілу…

Што рабіць цяпер? Паслаць ганца да Вітаўта, каб патлумачыў, чаму парушае крохкае перамір’е? А што, калі гэта не людзі Вітаўта? Калі гэта простыя рабаўнікі, альбо маскоўцы, альбо і татары? Праўда, Марыя піша, нібыта стрэлы, якімі пазабівалі пачот, былі Вітаўтавы, але ў вайне зацікаўлены і маскоўскі князь, і Тахтамыш, і шмат хто на Захадзе, а найперш крыжакі. Тыя расклалі ўсё па гадах, метадычна і пасьлядоўна, з задачай на кожны год: аслабіць і Вітаўта, і Вялікае Княства, і Польшчу, распаліць паміж імі варажнечу. І хаця за прыязнасць крыжакоў змагаюцца зараз і Ягайла, і Вітаўт, яны абодва разумеюць: гэта – часова. Бо ў крыжакоў адна задача: саслабелых пасля вайны Вітаўта і Ягайлу лёгка можна будзе прымусіць да с в а і х, ордэнскіх умоваў.

…Калі яны са стрыечным братам, а цяпер ворагам Вітаўтам застануцца жывымі…

Малітва скончылася. Ядвіга ўзялася за сваю ўлюбёную страву: дактылі і малако, пшанічная выпечка…

Чырвонабокія яблыкі, якія ён так не любіць, яна стане есці потым. Перад ім паставілі сваё, ліцьвінскае, што гатаваў уласны віленскі кухар: флячкі з цыбуляй, з пякучым хрэнам, жур з лустамі варанай бручкі. Кароль зачэрпнуў сярэбранай лыжкай жыжу, апёк вусны. Драўляная лыжка лепей, матуля ў Вільні разумела гэта і загадвала, нават пад час прыняцьця іншаземных паслоў, класьці перад ім побач з сярэбранай таксама і драўляную, з ліпы, – мяккае дрэва грэлася пад рукой і палагоджвала думкі. Ядвіга стрэльнула ў яго вачыма, але прамаўчала, толькі тузанула да сябе ручнік для выціраньня рук, і ейныя фраўцымер, дзяўчаты-венгеркі з Буды – Альжбета ды Ядвіга – замітусіліся, адсоўваючы ад яе пусты кубак і талерку. Ягоны ж улюбёнак – падстольнічы Цімох з бацькоўскага замка – стаяў нерухома, з лёгкай пагардай гледзячы на жаночую мітусню.

Так, у іх з Ядвігай ад пачатку былі ня толькі розныя канцылярыі, але і розныя кухары, розныя густы і розныя стравы. Ды яму няма патрэбы прынараўлівацца да ейных: ужо палова прыдворных заказвае сваім кухарам ліцьвінскія флячкі, халаднікі ды мяса з дробна пасечанымі грыбамі. Якніяк, ён ня толькі муж каралевы, але найперш сам валадар магутнага Княства, якое, як спадзяюцца вяльможныя паны, выратуе Польшчу ад крыжакоў. Зноў жа пры ўмове – калі ён аб’яднае дзве сілы ў адно, калі разам яны стануць мацней за крыжакоў.

Ізноў думкі яго вярнуліся да ранішняга ліста, да рабавання пад Лідай.

Трэба правесці пільнае дазнанне: хто там быў, куды звезена скарбонка. Няхай Маскажэўскі і займецца гэтым, пакуль у Троках брат Свіргайла п’е моцныя напоі і сячэ шабляй таго, хто падвернецца пад руку.

А пасля лечыць.

Сняданак яшчэ не скончыўся, а ганец Арабей, атрымаўшы за важнае паведамленне цяжкі дэнарый і не паспеўшы пад’есці, ужо мчаўся па гасцінцы назад. Злосны вецер ірваў на ім лісіны шлык, скуголіў, гнаў з вачэй слёзы. Але такі лёс у ганца. У караля лёс іншы – ён сядзіць на залатым троне, носіць тонкія кашулі і гафтаваныя золатам жупаны, п’е колькі ўлезе куфляў піва, слухае песні гусляроў.

Ягайла ж, узгадваючы Арабея, думаў пра Вільню, у якую ляціць ганец, пра стромкія вежы над далінай і Вяллёй, дзе ў дзяцінстве вучыўся плаваць і разам з прыдворнымі рыбакамі, нягледзячы на забарону княгіні-маці, таптухай лавіў язёў. Адчуў халаднаваты вільготны пясок пад нагамі, якія лашчыла празрыстая вада, і гайню маленькіх серабрыстых рыбак, што пырскалі ў розныя бакі. А яшчэ сонца, – яно пранізвала калыхлівую тоўшчу вады, і там, у зеленавата-пругкай глыбіні, цягнуліся ўверх водарасці, падобныя да калматай барады вадзеніка. Рыбакі заўсёды кідалі ў ваду лустачку хлеба – для яго, валадара рачных глыбіняў, і прасілі здабычы і ўдачы. І прыдворныя дзяўчаты, мыючы яго, маленькага, у лазні, таксама звярталіся да лазніка, каб вымыў з княскага дзіцяці ўсе хваробы і адагнаў злыдуха, і лядашчыка, і стрыгу. Таму свежым бярозавым венікам абводзілі вуглы лазні, прыгаворваючы замовы. Гэта самае робіць ён і цяпер, і шмат што іншае, чаму навучылі яго там, у родным доме. Хаця тут, у Кракаве, ягоныя звычкі здаюцца дзіўнымі, ды ён ведае тое, на што забыліся яны: усё вакол жывое. І нават трава каля замка, якую косяць штотыдзень, хоча жыць і радуецца сонцу.

…Так ён стаяў, усемагутны і разам з тым адзінокі, і зайздросціў ганцу, які імчаўся да Вільні. І здавалася каралю, што вавельскі цмок усё яшчэ жыве пад замкам, варочаецца там і пыхкае гарачынёй наверх, але не можа прабіцца скрозь вялізную тоўшчу падзямелля, куды яго загналі мінулым стагоддзем. І тады рабілася яшчэ болей самотна, бо раптам гэты цмок усё ж знойдзе шчыліну і выкараскаецца наверх?

38

Кёльнская вада – адэкалон

39

брок – ахвяра

40

усе яны гістарычныя асобы

41

чадзь – простая чадзь – сяляне, дробныя рамеснікі, залеж- ныя ад баяраў

42

комтур – маршал Ордэну. Магістр – кіраўнік Ордэну. Конрад Валенрод быў спачатку маршалам, пасля – вялікім магістрам.

43

клікун – вяшчальнік, глашатай

44

грэбельнае – падатак на грэблю на дарогах воласьці.

45

гэта гістарычны факт: сапраўды, Гневаш быў асуджаны сядзець пад лавай і гаўкаць па-сабачы, час – ад часу выгукваючы, што ён аблаяў каралеву, “як пёс”.

Знак Вялікага магістра

Подняться наверх