Читать книгу Знак Вялікага магістра - Вольга Іпатава - Страница 14

Неспадзяванка

Оглавление

…Праз колькі гадзінаў пасля таго палявання па дарозе на Кракаў ужо ляцеў непрыкметны, бедна апрануты луцкі месціч. Калі б хто абшукаў яго, то нічога падазронага не знайшоў бы: ну едзе і едзе сабе кудысьці чалавеча… А між тым вёз ён надзвычай важнае паведамленне аб тым, пра што хутка даведаюцца ў многіх дзяржавах, а менавіта навіну аб заручынах маскоўскага княжыча з дачкой Вітаўта. Навіна была сапраўды надзвычай важнай, таму, калі пасланец перасёк памежжа, ён пакінуў загнанага каня ў мястэчку, а сам перасеў на новага. Таму ўсяго праз чатыры дні данясенне аб тым было дастаўленае польскаму каралю.

Ягайла, дазнаўшыся аб заручынах, болей не сумняваўся: Вітаўт напраўду рыхтуецца да вайны. Масковія пасля перамогі на Куліковым полі падымаецца, яна можа даць такому блізкаму родзічу патрэбную колькасць вояў, спадзеючыся перахапіць Вітаўтавы землі пасля ягонай смерці. Праўда, у князя ёсць двое сыноў, але ж, магчыма, знойдзецца нешта і для Масквы. А гэта ўжо справа яго, Ягайлы. Бо найперш цэласнасць Княства – галоўны клопат вялікага князя і гаспадара ўсіх яго земляў.

Дарэмна многія праваслаўныя баяры голасна папракаюць яго, караля, у тым, што ён падпісаў у Крэве саюз з палякамі і тым нібыта інкарпараваў, уцялесніў свае землі ў склад чужой дзяржавы. Але унія 1385 году найперш выгадная Княству: яно зараз больш магутнае за Польшчу, якой мацней пагражаюць крыжакі, і, калі павесці справу так, як думаецца, магчыма, яго нашчадкі будуць каранавацца ў Вільні, а не ў Кракаве, і цэнтр адзінай дзяржавы будзе не тут. Таму ён не хацеў аб тым радзіцца з найвышэйшымі панамі Польшчы. Найперш трэба было рыхтаваць да чарговага змагання Літву. І, вядома, крыжакоў. З імі лягчэй дамовіцца. За кавалак Княства, напрыклад, родавую Вітаўтаву Жмудзь, яны гатовыя будуць дапамагчы. Калі Вітаўт не апярэдзіць яго і не прапануе тую ж Жмудзь за дапамогу яму самому… “Гэта ўжо занадта! – думаў Ягайла, і злосць закіпала ў ім, як вада ў вялікім катле. – Мала таго, што ён украў скарб баярына, завешчаны мне, дык яшчэ і сасватаў Соф’ю за маскоўскага княжыча, каб заручыцца падтрымкай Масквы! Вядома ж, прымусіў ці ўгаварыў таго маладога дурня не хто іншы, як Вітаўт. І ўсё гэта – змова, не што іншае! Змова за маёй спіной!” Разлютаваны, ён не заўважаў, што, не дачакаўшыся вынікаў расследавання, сам ужо абвінавачвае стрыечнага брата ў крадзяжы завяшчанага яму, Ягайлу, скарбу.

Таму, калі ў Кракаў нарэшце прыехаў пасланец ад самога Вітаўта баярын Кучка і прывёз паведамленне аб заручынах Васіля і Соф’і, якое луцкі князь суправадзіў лістом, дзе хлусліва, як падалося каралю, яшчэ раз згадваў аб міры і сяброўстве паміж імі, Ягайла не сцярпеў: загадаў катаваць баярына, пакуль той не скажа праўды аб усім, што адбылося ў Луцку. І аб перамовах з Масквой. Але баярын Кучка памёр пад час расцягвання на дыбе ў кракаўскіх падзямеллях, нічога не паведаміўшы аб скліканні Вітаўтам войска ці якіх-небудзь яго ваенных планах.

Дарадчыкі дакаралі караля за гарачлівасць, але справа была зробленая: смерць пасла азначала разрыў хаця і вельмі нетрывалых, але рэальных зносінаў з небяспечным праціўнікам Польшы і уніі. Вітаўт цяпер мог пісаць у іншыя краіны аб тым, што кароль першым пачаў вайну.

Паны каронныя былі надта незадаволеныя: так патрэбнае ў гэты нялёгкі час перамір’е было парушанае, і цяпер заставалася толькі адно – канчаткова задушыць Вітаўта, размесці і расцярушыць яго сілы, яго падтрымоўшчыкаў. Але як зрабіць гэта, калі сярод прыхільнікаў барацьбы такія знатныя і важныя асобы, як родныя браты караля? Кожны з іх паасобку – супраць Вітаўта, але яны прагнуць волі і незалежнасці Княства, яны спяць і мараць зноў адрэзаць сваю краіну ад Польшчы і таму пакуль што застаюцца праціўнікамі і караля, і Кароны.

І ў самой Польшчы ў Вітаўта ёсць родзічы – той жа Януш Мазавецкі, муж сястры Дануты. Ён, вядома, ня дасць Вітаўту прытулку, але ж можа пазычыць грошы, спадзеючыся на паслабленне прышлага караля, які ўсе гады, што сядзіць на троне, нялітасціва ставіцца да яго, Вітаўтавага швагра.

Разблытваць усе гэтыя клубкі заселі ў Вавелі палітыкі Кароны, і напружаная цішыня павісла над замкам, нават кухары стараліся цішэй стукаць сваімі катламі ды тарэламі. А па начах, казалі людзі, над Вавелем быў бачны чырванаваты водбліск, нібыта гэта пад гарой сапраўды варочаўся цмок і спрабаваў сваім агнём выплавіць выхад на белы свет, да дзеяў…

Знак Вялікага магістра

Подняться наверх