Читать книгу Знак Вялікага магістра - Вольга Іпатава - Страница 7
Даніла
ОглавлениеТую вераснёвую, па-маладому зіхоткую і светлую раніцу 1389 году, калі невялікі атрад коннікаў ад’язджаў з Лідскага замку, Даніла запомніў назаўжды.
Першае, на што тады ніхто не звярнуў увагі, – гэта тое, што ягоны бацька, ад’ехаўшы з паўвярсты ад заходняй брамы, пабачыў, што згубілася сярэбраная бляшка з нашыйніка яго скакуна. Гэтая бляшка была з выявай сокала, і бацька даражыў як збруяй, якую здабыў у бітве з татарамі, так і выявай птушкі, імя якой насіў. Гэта была нядобрая прыкмета, але яна хутка забылася, таму што наперадзе быў шлях доўгі і, як падавалася ім, цікавы. Eхаць жа трэба было да самага Кракава, у сталіцу Польшчы, і кожны з іх спадзяваўся пабачыць замак на Вавелі, а, магчыма, хоць адным вокам угледзець дзе-небудзь у вакне самога караля, а можа, і каралеву.
Яны выправіліся з замку рана, на самым досьвітку, і калі, падняўшыся на бліжэйшы ўзгорак перад павароткай, Даніла азірнуўся на месца,[15] ружовы з чырванню, у атачэнні магутных сценаў, з вострай, як дзіда, вежай замак выглядаў непраўдападобна-прыгожым у крыху ўжо стомленай зеляніне дрэваў, на фоне ясна-сіняга неба, абкружаны звівам рэчкі, нібы сам Пярун зверху накінуў на яго ахоўны знак.
Замак у Лідзе, пабудаваны яшчэ пры вялікім Гедзіміне, быў цэнтрам зацікаўленняў і інтарэсаў усяе акругі. Кожная падзея, што адбывалася там, адгукалася ў жыццях тысячаў навакольных жыхароў, якія штогод цягнулі туды дзякло,[16] спаўнялі розныя прызамкавыя правіны – гацілі[17] дарогі і брукавалі вуліцы, вазілі каменне і лес, рамантавалі мост праз Лідзянку.
Калі Сокала, бацьку Данілы, пакінулі служыць пры княгініным двары, родзічы, асабліва далёкія, прыехалі ў Ліду і як падзяку за літасьць багоў прынесьлі на капішча Перуна багатыя падарункі. Кожны цяміў, што яго цяпер ня надта пакрыўдзіць цівун ці стараста селішча. Сапраўды, сам кашталян, нягледзячы на падазронасць княгіні, адзначаў слаўнага воя Сокала і нават падшукаў яму жонку – маладзенькую Гайну, дачку лідскага баярына.
Замак і стаў самым першым уражаньнем іхняга сына Данілкі і ягоным захапленнем. Беручы хлапчука з сабою і наказаўшы яму ціха сядзець дзе-небудзь у кутку, бацька займаўся справамі, а ён гадзінамі назіраў за тым, як чысьцяць дзіды, мячы і шаблі панцырныя баяры, як прыносяць да абознага[18] новыя сёдлы і кальчугі і спрачаюцца аб цане рамесьнікі. Як, фыркаючы, п’юць коні ваду са студні, што месьцілася тут жа, у двары, і як часам па драўлянай галерэі ідзе, слухаючы кашталяна, сама княгіня Марыя ў багата расшытай сукні, з залатымі бранзалетамі на запясьцях, і белы вэлюм наміткі абвівае яе немалады твар.
Ён вырас сярод звону зброі і чуў галасы кожнага мяча – займаўся раскватараваньнем войска (ці атрада), выбарам месца пад лагер і яго ўмацаваньнем ў руках замкавых вояў. Усе яны гаварылі па-рознаму: бацькаў меч меў голас забіяцкі і бяспечны, у Яна гаварыў пакрыўджана, бо той больш любіў нажы і шпурляў іх у кожную сасну, што траплялася па дарозе. Заяц шанаваў свой меч, і той быў засяроджаны і трохі раўнівы. А меч, якім апаясаў яго самога бацька пасля таго, як сын прайшоў вайсковы іспыт, гаварыў высокім юначым голасам і гатовы быў кожнаму даказваць сваю годнасць. Меч Гердзеня, былога воя, а цяпер памочніка кашталяна, гаварыў глухім і гнусавым голасам, у ім чамусьці чулася пагроза. Таму, калі нарэшце Данілу ўзялі разам з бацькам у далёкую дарогу да Кракаву, ён стараўся ехаць як надалей ад Гердзеня, хаця менавіта той настойваў, каб узялі яго ў атрад разам з бацькам.
Шлях да Кракава меўся быць нялёгкім: у Княстве ішлі моцныя закалоты, і гэта адразу ж выкарысталі крыжакі: часьцей, як калі, наляталі яны кароткімі рэйзамі[19] на тое ці іншае селішча, рабавалі і пускалі на дым, а пасля сыходзілі гэтак жа хутка і непрыкметна, як і прыйшлі.
Часам даставала іх пагоня, ды звычайна грузнаватыя, але вынослівыя рыцаравы коні паспявалі ўцячы па патаемных, загадзя разведаных сцежках. Бадзяліся па краю і добра ўзброеныя рабаўнікі, якіх асабліва шмат было на памежжы.
Кашталян быў заікнуўся аб тым, што малавата едзе ахоўнікаў, ды Гердзень яго супакоіў:
– Глянь затое, якія воі! Кожны пяцёх варты, дык чаго нам баяцца?
– А хлопец? Ён жа зусім яшчэ зялёны! – спрабаваў пярэчыць Нарбут, ды тут за Данілу заступіўся бацька:
– Зялёны-то ён зялёны, але з дзідай ён упраўляецца лепш за цябе!
Хлопец удзячна зірнуў на бацьку, мацней сціснуў ў руцэ дзіду. Ён адчуваў сябе сапраўдным воем, ды і пра паездку гэтую марыў з паўгода, упрошваў бацьку, як мог, пакуль той не здаўся і не загадаў матцы, якая пярэчыла, маўчаць і не совацца ў мужчынскія справы. Затое маці зладавала сыну новы скураны каптан, заказаўшы яго ў лепшага лідскага майстра і папрасіўшы, каб нашыў той на каптан палосы са скуры свяшчэннага дзіка, якога забіваюць на Вялесавым ахвярніку. Занесла яна той каптан ў свяцілішча дый доўга малілася перад драўляным Перуном, бо верыла, што мацярынскае блаславенне можа адвесці бяду ад ейнага сына…
Палуднавалі яны ў карчме ў Гасцілаўцах – дубовыя сцены яе, на якія нібыта сам сабой узлез цяжкі свінцовы дах, здаваліся непрабіўнымі, а сама карчма выдавала моцнай, як цвержа – крэпасць. Худы як смык карчмар маланкава абнёс усіх глінянымі тарэламі са смажанай гусяцінай, абкладзенай печанымі яблыкамі, паставіў перад кожным куфаль цёмнага пеннага піва. Ніхто не пабачыў, як разам з рэзанамі,[20] якія за едзіва заплаціў той жа Гердзень, перайшоў у руку карчмара ламаны літоўскі грош з насечкай. Разгледзеўшы той грош, карчмар дачакаўся, пакуль Гердзень застанецца на колькі часу адзін і шэптам скажа ўсяго два словы: “Альгердава паляна”. Калі б нехта і падслухаў тыя словы – што з таго? Але карчмар баяўся хаця якога падазрэння: калі б яго западозрылі ў віжоўстве, то без суду сцялі б горлам на ўласнай браме, хаця звычайна за ўсялякія іншыя злачынствы ў Княстве чынілася даследванне і справу вырашалі судоўцы.
Альгердавай палянай называлі прывал за трыццаць вёрстаў ад Гасцілаўцаў, непадалёку Шчучына – там некалі падчас паходу адпачываў вялікі князь Альгерд, і мясцовы люд шанаваў тое месца, асабліва ж стары дуб на ўзгорку.
Пасля тыя словы былі вынесеныя з карчмы падшыванцам, памочнікам кухара, і сказаныя ў цёмнай хатцы на ўскраіне лесу заросламу да вушэй чорным воласам гаспадару. А той ведаў, каму і як перадаць тыя словы…
Ніхто з вояў Лідскага замка таго не прыкмеціў і не дазнаўся пра тое, што адбылося. Пасьля абеду трохі пасядзелі на двары, чакаючы, пакуль пад’ядуць коні. Даніла ж, як прымасціўся каля бацькі, так і праваліўся ў малады здаровы сон.
Сніўся яму замак у Лідзе. Ажывалі і праплывалі перад вачыма паданні, якія любіла расказваць зімовымі вечарамі бабуля Гайна, навіваючы на верацяно ручайкі[21] нітак. Апавядала яна пра волатаў, якія некалі тут жылі, перад тым як прыйшлі на Лідзянку тутэйшыя людзі. Волаты гэтыя былі чарадзеямі, маглі паднімаць валуны велічынёю з хату і пераносіць іх з месца на месца. Маглі і ўздымацца ўверх, пераскокваючы праз самыя высокія агароджы. Але выраджаліся яны год за годам, бо прагневаўся на іх Бог за тое, што захацелі з ім стаць у рожкі, не залюбілі тых запаветаў, якія ён ім даў, каб змаглі добра жыць, і наслаў на непаслушэнцаў вялікі патоп… Паступова перамерлі ўсе волаты, але яшчэ паспелі яны пабудаваць замак, хаця сілы і ўменне ў іх былі ўжо ня тыя, і давялося людзям дарабляць тут і сьцены, і калодзеж, і нават вежу.
Даніла нібы ўвачавідкі бачыў волатаў, што лёгкімі рухамі ўздымалі валуны і клалі іх шэраг за шэрагам, узводзячы магутныя сьцены.[22] Пасля закрычаў у сне, пабачыўшы, як ляцяць у іхнія грудзі вострыя, з пёрамі, смертаносныя стрэлы, памкнуўся ратаваць будаўнікоў, ды ачомаўся, прачнуўся, пасля зноў як патануў у пагоні, крыках, крыві. Устаў, раскатурханы магутнымі рукамі бацькі, таму, пачуваючы сябе вінаватым, раней за ўсіх ускочыў на свайго белакапытага мушастага каня ды рынуўся з карчмы на дарогу, што бясконцай жоўта-шэраю стужкай вілася ўдалячынь, вабячы і абяцаючы нешта новае, неспазнанае…
Праз тры гадзіны спацелыя, закалыханыя мерным бегам коней ды кружэннем зялёных круглячак – кронаў навакол, абкружаныя хмарамі камарэчы воі спыніліся на прагаліне і праехалі трохі ўглыб, на вялікую паляну, усю ў пажухлых ужо, але там-сям ярка-жоўтых кветках сьвятаяньніку, недалёка ад якой, як казаў Гердзень, ёсьць ручай. Нехта пазнаў, што гэта Альгердава паляна, але астатнія толькі чулі пра яе, але былі тут першы раз. Коннікі заняліся кожны сваёй, загадзя адведзенай яму справай: Сокал стаў на старожу, пільна азіраючыся вакол, Гердзень павёў коней да ручая, Заяц хуткімі, спрактыкаванымі рухамі рэзаў каравай хлеба з дарожнага сака, каб маглі яны падмацавацца на далейшую дарогу, Ян, седзячы на кані, цаляў у бліжэйшую сасну кінжалам, астатнія расцягнуліся на траве. На наступным прыпынку, як меркаваў галоўны з іх Гердзень, яны заначуюць у карчме, а цяпер воі ляжалі на пажоўклай мяккай траве, раскінуўшы рукі, заплюшчыўшы вочы, як бы выкарыстоўваючы кожную хвіліну адпачынку. І толькі Даніла, пабачыўшы недалёка ад сябе звілістую паласу, паклаў дзіду каля Зайца і асцярожна пайшоў з паляны, назіраючы зверху за гадзюкай, якая ўцякала ад яго, то звіваючыся тугімі цёмна-шэрымі колцамі, то выпростваючыся ў бліскучую, з белаватымі ўзорамі стужку.
Ён пачуў голас Гердзеня, які клікаў бацьку. Ён крычаў, што ягоны конь абступіўся, залез у балота. Даніла здзівіўся, што такі вопытны вой кліча вартавога, а не некага з тых, што адпачывалі. Паспеў яшчэ пакпіць з сябе: “Ды якая можа быць небяспека тут, у гэтым ціхім лесе?”, і тут жа адчуў свіст паветра над самай сваёй галавой. Імгненна – спрацавала шматгадзінная вывучка ў замку – паспеў адхінуцца, хаця толькі на паўкорпуса, але гэта саслабіла ўдар – аглушальны, як пярун, які іначай немінуча рассёк бы яго напалам. Канец мяча апёк яго правую шчаку, упіўся ў плячо, і за гэтае кароткае імгненне Даніла ўсё ж паспеў убачыць таго, хто ўдарыў яго гэтак подла, гэтак знянацку – ззаду.
Высокі, шыракаплечы чалавек у чорным карзне[23] з капюшонам трымаў меч, ужо ўздымаючы яго для новага ўдару, яго сінія ледзяныя вочы глядзелі спакойна і холадна, як глядзіць, мабыць, сама Смерць. Але на вуснах шырокага, прыгожага маладога твару адбілася пагардлівая ўсмешка – і яна гэтак жа адбілася і ў Данілавых вачах. У наступнае ж імгненне хлопец, уцяміўшы, што не паспее выхапіць свой корд[24] ды і нічога ня зробіць ім супраць мяча, кулём кінуўся пад ногі нападніку, але той не грымнуўся на траву, як мог таго чакаць Даніла, толькі сагнуўся, але ўтрымаў раўнавагу. Але і гэтага кароткага імгнення было дастаткова Данілу, каб ён, як загнаны заяц, велізарным, неверагодным скачком сігануў убок, за кусты. Нападнік памкнуўся за ім, але ў гушчары кустоўя, у невялічкім багонцы паслізнуўся, заблытаўся ў траве і паваліўся ўніз, падрапаўшы сабе твар. З цяжкасцю ўстаў, шукаючы меч, што паляцеў кудысьці ў кустоўе, вылаяўся і затаіўся, прыслухоўваючыся, у якім напрамку паляцеў уцякач. Пасля прабег направа, затым налева, а потым спыніўся. Ён ня мог бачыць, што хлопец, разляцеўшыся і ад жаху нічога не бачачы перад сабой, сігануў на недалёкі ўзгорак і ўрэзаўся галавой аб дуб, што знянацку ўзнік перад ім.
Гэты гіганцкі дуб, што ўзвышаўся над усім наваколлем на ўзгорку, быў ужо стары, скрыўлены, яго карэнні ўзьняліся з аднаго боку, выварачаныя з зямлі цяжарам нахіленага ствала. Апошняе, што Даніла адчуў: ён правальваецца ў падзямелле… зноў стукаецца галавой аб нешта цвярдое… Ён упаў і скаціўся ў яму пад дубам, абросіўшы цёмна – карычневыя вываратні крывёю. Не бачыў, што на паляне дзеілася свая драма. Не бачыў, як з кустоў, куды ішоў пакліканы Гердзенем бацька, з гудзеннем вылецела страла з металічным наканечнікам і ўпілася ў горла яму, якраз у адамавы яблык, і ён, захрыпеўшы, таксама паваліўся на паляне, торгаючыся ўсім целам і паступова заціхаючы. Як з чатырох канцоў на разамлелых на сонцы вояў таксама пасыпаліся стрэлы, і тыя не паспелі нават ускочыць з зямлі. Як забойцы сышліся на паляне, і адзін з іх, лісліва гнучыся перад астатнімі, разгарнуў на траве конскую папону і выклаў на яе з куфэрка, добра ўпакаванага і запячатанага сургучом, тое, што беражліва і ўрачыста клалі ў яго ў замку.
…Страшны, сляпучы боль працяў Данілу, калі ён нарэшце расплюшчыў вочы. Нейкая казюрка залезла яму ў вуха, і ён, чуючы толькі бесперапынны звон у галаве, не разумеў, дзе ён і што з ім здарылася. Патроху свядомасць вярталася, і хлопец бачыў дзіўных пачвараў, якія варушыліся перад яго зацьмянелым позіркам у зарасніках хвоек і, здавалася, вось-вось гатовых наваліцца на яго. Ён доўга ўглядаўся ў іх: нешта знаёмае было ў доўгіх мітуслівых пераломістых нагах і круглых, як бочкі, тулавах. Зразумеў нарэшце, што па карэньнях бегаюць і дзелавіта аб нечым сваім клапоцяцца лясныя мурашы. А хвойкі – гэта травінкі, і на іх бачная цёмная вадкасьць – мабыць, гэта кроў. “Значыць, прайшло мала часу, як мяне гакнулі,” – падумаў хлопец. Страшным намаганнем ён прымусіў сябе прыўзняцца на руках, але тут жа паваліўся ад яшчэ больш страшнага, ламліва-маланкавага болю. І ўсё ж устаў, калоцячыся, як у ліхаманцы, палез наверх, з ямы. Левай рукой трымаўся за пругкае, варухлівае карэнне, бо правая рука гарэла, калола тысячамі вострых іголак. Вылез, упаў на жалудовую падсцілку, пагрызеную дзікамі, папоўз да края ўзгорка, дзівячыся, як змог забрацца сюды, на вышыню. Зноў страціў прытомнасць.
На гэты раз да свядомасці яго прывёў нейчы знаёмы голас. Ён гучаў не так, як звык яго чуць Даніла. І ён напружыўся, услухоўваючыся ў словы, што даносіліся знізу:
– Ваша міласць, дык як жа так?
У адказ пачулася кароткае гергетанне. І зноў жаласліва загучаў голас:
– Дзе ж мне яго шукаць?!
Рыкнуў той жа гергетлівы, і зноў заплакаў-зажаліўся знаёмы голас – дык гэта ж Гердзень!
– Ваша міласць! Мы ж тут усё абшукалі, а лес вялікі. Ён недзе пад кустом ляжыць, здыхае. А мне самому ўцякаць трэба, ды як жа гэта зрабіць без грошай?!
Даніла зразумеў: здраднік не атрымаў таго, што яму абяцалі, і гэта сталася з-за яго, Данілы. Не можа быць, каб нехта яшчэ ўцёк, апроч яго, каб некаму так пашанцавала, так пашупіла. Хлопец прыўзняўся, трымаючыся за шурпатую, нібы каменную кару дуба. Востры юнацкі зрок яго, хаця і затуманены болем, выгледзеў недалёка ўнізе, між дрэвамі, купку людзей. Гердзень стаяў перад чалавекам у чорным плашчы. Гэта яго голас даносіўся сюды, і Даніла чуў усё, што адбывалася на паляне. Угледзеў некалькі целаў, што валяліся ў траве, і сэрца яго сціснулася ад вострага болю – мабыць жа, і бацькі няма ў жывых! Узгадаў, як Гердзень, які паклікаў Сокала з паста, і ўцяміў імгненна, што той, клічучы на дапамогу, проста выманьваў бацьку, каб з ім расправіліся найперш. Тады ж узгадалася, як настойваў гэты пярэварацень на тым, каб у атрад узялі Данілу – мабыць, таму, што разлічваў: з маладзёнам справіцца лягчэй!
Чалавек у плашчы паблажліва паляпаў Гердзеня па плячы. Даніла прыжмурыў вочы, стараючыся разгледзець яго твар. І – на імгненне – той твар нібы наблізіўся. Сон гэта ці не? Ён бачыў, як цвёрда, нібы сваё, бярэ чалавек знаёмы куфэрак, які так беражліва везлі яны з Лідскага замка, і перадае некаму з нападоўцаў.
Чуецца нейчы голас:
– Gut, sehr gut, von Schomberg![25]
Чалавек у чорным плашчы задаволена ўсміхаецца, але тут жа пагрозліва паказвае Гердзеню ў бок лесу.
– Я прывяду сюды сваіх людзей. Гіцаль не ўцячэ…
– гучна клянецца той.
Пасля ўсе ўскокваюць на коней і знікаюць з вачэй, а Гердзень трасецца за імі, і глухі тупат капытоў па мяккай зямлі стукае ў галаву Данілы, як палка ў бубен.
І тут сон канчаецца…
Ён не памятаў, колькі поўз з узгорку да паляны, прагнучы і адначасна баючыся зноў убачыць яе. Цяпер у ягоным адчуванні яна была іншаю, чым тады, калі ўсе ягоныя спадарожнікі, яшчэ жывыя і вясёлыя, хаця і прытомленыя дарогай, спадзяваліся тут адпачыць. Яны і атрымалі адпачынак – толькі вечны, назаўсёдны, а яго чамусьці захаваў нехта ці нешта – можа, бабчын абярог? Можа, гэта матчыны малітвы ў свяцілішчы зрабілі так, каб меч стукнуўся аб паласу са скуры свяшчэннага дзіка, што нашыў на плячы майстар? Зразумеў, што яго, мабыць, шукалі паўсюдна, бо пад узгоркам бачныя былі сляды капытоў. Так, яны прачасалі бліжэйшы лес, ды ён ляжаў без прытомнасці пад дубам, і яны не падняліся наверх, таму што знізу ня бачна выварачанае карэнне. А можа, адвёў ім вочы дзед Лесавік ці душы даўніх жрацоў, што, пэўне, дасюль ахоўваюць гэтае месца?
Зноў узгадаў казкі бабулі, што расказвала пра цуды старажытных капішчаў. Каля дуба, што ўратаваў ягонае жыццё, канешне ж, тварылі свае трэбы валхвы, тут яны чулі ўсё, што робіцца далёка ад дуба, бо садзілі навакольныя дрэвы так, каб яны там, у нізіне, пасылалі рэха далей і далей. Добра, што ён не азваўся ні стогнам, ні словам, іначай яго дабілі б тут, як блыху на кашулі. Цяпер жа, калі дабярэцца да замка, ён можа расказаць пра тое, хто дапамог забіць вояў, забраць куфэрак. Але спачатку трэба прысыпаць зямлёй тых, хто ляжыць тут забітым, іначай іх за ноч па шматку разнясуць ваўкі ці мядзьведзі. А можа, ня ўсе мёртвыя, можа, нехта акрыяў гэтак жа, як ён?
Калі ён рухаўся, кроў зноў пачынала сачыцца праз закарэлыя лахманы. Горш жа за ўсё было са шчакою, – калі ён памацаў яе і адчуў пад рукой распаласаванае на шматкі мяса, яго ледзь не вывернула ад страху.
Ён яшчэ паляжаў у кустах, чуйна слухаючы цішыню, пасля заспяшаўся. Мабыць, хутка сюды дабяруцца прыспешнікі Гердзеня, абшукаюць кожны кусток. Нездарма ж той кляўся, што знойдзе яго, Данілу.
Ён пакараскаўся да паляны. Ды моцна, да болю, да ванітаў закружылася галава, і хлопец зразумеў: выкапаць кордам магілу, каб пахаваць нават бацьку, не зможа. Тады, ужо амаль у паўзабыцці, адчуў, што трэба спачатку выбрацца з лесу, іначай – гамон, канец яму тут. І ён папоўз да дарогі, каб, пакуль не вярнуўся Гердзень, каго-небудзь перастрэць на ёй, каб хаця расказаць, што адбылося на прывале.
Даніла паспеў яшчэ дацягнуцца да дарогі, а там, амаль пасярэдзіне, упаў галавою ў каляіну і нарэшце ізноў самлеў – ды так, што не чуў і не бачыў анічога: ні як спыніліся, ледзь не наткнуўшыся на яго, спуджаныя нечаканкай коні, як маладая баярыня, трохі падумаўшы, загадала фурману і пакаёўцы ўзяць незнаёмца ў вазок, у якім яна вярталася дадому, у Любчу.
15
месца – горад, мястэчка
16
дзякло – прадуктовая рэнта за выкарыстанне зямельнага надзела. Àддавалася пераважна прадуктамі
17
гаціць – класці гаці на балоцістых участках дарогі
18
абозны – займаўся раскватараваньнем войска (ці атрада), выбарам месца пад лагер і яго ўмацаваньнем
19
рэйзы – кароткія паходы немцаў углыб чужой тэрыторыі
20
рэзаны – кароткія пасечаныя (абрэзаныя) кавалкі серабра
21
ручайкі нітак – складзенае ў некалькі нітак прадзіва
22
пра волатаў: археалагічныя даследванні гавораць пра знойдзеныя шкілеты волатаў (адсюль, мабыць, пайшла і назва “валатоўкі). А. Мулдашаў, усьлед за К. Блавацкай, піша пра сваю тыбецкую эксьпедыцыю, якая пацьвердзіла факты існа- ваньня папярэдняй цывілізацыі і веліканаў, называючы іх лямура-атлантамі
23
карзно – плашч
24
корд – кароткі кінжал
25
Добра, вельмі добра!