Читать книгу Знак Вялікага магістра - Вольга Іпатава - Страница 9

Офка

Оглавление

Прыгажуня, што падабрала непрытомнага Данілу на лясной дарозе, была ўдавой былога віленскага суддзі Паяты з роду Кіянаў. Пасля смерці старога мужа, які да скону любіў маладзіц, піва і паляванне на вепрукоў ды памёр у абдымках знакамітай віленскай віслены[27] Медзяніцы, празванай так за пякучыя пацалункі, яна змушаная была з’ехаць са сталіцы ў сядзібу Кіянаў у Любчы, дзе іхні род вось ужо трыццаць гадоў быў дзяржаўцам любчанскіх земляў. Грошай, што засталіся ад суддзі, не хапала, каб жыць у сталіцы паводле ейнага стану радавітай віленскай баярыні, якая вучылася ў замкавай школцы разам з дзецьмі самога вялікага князя Альгерда і адзін час нават моцна спадзявалася зрабіцца княгіняй. Так, быў час, калі на яе прыхільна паглядаў адзін з родзічаў вялікакняскага сямейства. Ды бацька пасьпяшаўся выдаць яе замуж, бо папракаў, што яна занадта прыхільна глядзіць на дзецюкоў і не верыў доччыным спадзяванням. Да таго ж, суддзя быў яго добрым сябрам, і ён разлічваў на падтрымку будучага зяця, калі пачаў судзіцца з баярынам Рацілам за землі стрыечнага дзеда пад Вільняй. Аднак прайграў бацька! Той баярын знайшоў падтрымку ў аднаго з Альгердавічаў, улюбёнка княгіні Юльяны. Прайграў суд бацька, заплаціў вялікае мыта і, штодзень суцяшаючы сябе медавухай, хутка пасля таго памёр. Запіў і Паята, і таксама неўзабаве скончыў свае дні – ды гэтак ганебна, што ёй давялося ратавацца ад беднасці і няславы, пераехаўшы ў Любчу. Жывучы тут у глушэчы разам з братам нябожчыка-мужа і падчаркай Свеціцай, яна зусім было заняпала. З усіх радасцяў і ўцехаў – толькі рэдкія запрашэнні ў Лідскі замак, дзе ейныя сукні, прывезеныя з самой Вільні, разглядаюць замшэлыя лесавікі, апранутыя ў каптаны часоў Гедзіміна. Паляванні, да якіх ахвочы братаніч мужа Лунь, яе не цешаць: сядло націрае сцёгны, галіны сьцёбаюць па твары, у душы вечны страх – а што, калі знянацку выскачыць аднекуль зацкаваны дзік альбо, барані Мокаш, мядзьведзь, ці сам гаспадар пушчы – зубр?!

Кожны дзень патрабаваў ад яе таго, што яна найболей не выносіла: нагляду за вялікай гаспадаркай не надта багатай сядзібы. Штодзень трэба было выслухоўваць войта аб тым, колькі ўрокаў[28] выканалі дзеўкі за ткацтвам ды за кудзеляй, што гатуе кухар і колькі чаго атрымала ахмістрыня да стала ды колькі шчупакоў прынеслі ў замак рыбакі, і колькі лёну трэба адвезці на кірмаш у нядзелю.

Швагер Лунь не хацеў займацца гаспадаркай – ён ладзіў паляваньні, чытаў старадаўнія пергаменты сваіх продкаў і бавіў час за варцобамі з блазнам Чурам. Той лекаваў сум свайго пана жартачкамі, якія невыносна раздражнялі Офку, але весялілі Луня і дадавалі яму жыцця. Сядзібу час ад часу наведваў стары вандроўнік – лекар, даўні сябра сям’і. Ён ніяк не падобны быў да мужчыны, які сказаў бы прыемнае слова хоць зрэдзь: высушаны, як цвыркун, тонкі і жоўты, вось ужо колькі гадоў пад Каляды ці на Радаўніцу аглядаў гаспадароў, даваў парады і вучыў, як збіраць і сушыць лекавыя зёлкі. Слуг было таксама няшмат на ўсю гаспадарку, і ёй даводзілася, закасаўшы рукавы, правяраць, як яны соляць грыбы ці квасяць капусту, бо без гаспадыні прыслужніцы ані не возмуць што ў рукі…

Яна хацела завесці ў Любчы хаця б якога музыку, накшталт менестрэляў, якіх як новы манер завялі ў многіх дамах сталіцы. Ды не магла знайсці нікога, хто згадзіўся б паехаць у Любчу – маленькае мястэчка з адзінай гаспадарскай сядзібай, якая да таго ж размесьцілася наводдаль ад усіх, на крутым беразе Нёмана, які, выгінаючыся падобна цеціве з луку, нібы агароджваў сядзібу ад усіх, хто хацеў бы зазірнуць, як жывуць яе гаспадары.

Офка ўжо даўно адчувала, што шалее ад адзіноты. Таму ўзялася двойчы на год ездзіць у любую Вільню. Трымала пакаёўку Краску і фурмана Беля на пенязі[29] са свайго пасагу, і таму адваявала тыя паездкі ў жорсткай сварцы са шваграм, які мусіў саступіць.

Вільня ратавала яе: хаця канцлер – паляк Клімент Маскажэўскі, пастаўлены на свой пост Ягайлам, і абмяжоўваў доступ карэннай знаці ў вялікакняскі замак, усё ж там час ад часу ладзіліся баляваньні. Ды і на Купальле ля Ніжняга замку па-ранейшаму зьбіраліся паны зацныя,[30] язычаскія святары і багатыя зямяне, і па начы скрозь, як сягала вока, можна было ўгледзець агні ўздоўж Вяллі, дзе хлопцы і сталыя мужы скакалі, гралі на гудках і дудах, спявалі і ганяліся за дзеўкамі. Ля Ніжняга замку, каб не злаваць хрысціянскіх святароў, толькі ладзілі карагоды і прасілі ў багоў плоднасці і шчасця. І сэрца яе захлыналася, а гарачы агонь шугаў у твар, калі які-небудзь дужы, як бык, баярын сціскаў ейную руку і, ідучы ў карагодзе, неўпрыкмет праводзіў даланёй па грудзях і ніжэй па сукні. Ды баяраў сцераглі жонкі, да таго ж, там была ейная радня, і таму, каб згасіць ненасытны агонь у целе, яна, развітаўшыся са знаёмымі, ехала за горад, і там, дзе было найболей простага люду, спыняла кучара, здымала ў карэце свае чаравічкі з сярэбранымі клямрамі,[31] намітку з белага тонкага ільну, аксамітавы гарсэт з залатой вышыўкай. Пакаёўка Краска дапамагала нацягваць на зграбны станік гаспадыні вышываную кашулю і доўгі андарак, чапляла на рукі танныя бранзалеты, а на галаву надзявала вяночак з каляровымі каснікамі.

У тых уборах, пры агні вогнішча, ніхто б не пазнаў у тонкай, як бярозка, дзяўчыне ўдаву-баярыню. А тая скакала праз вогнішча вышэй за ўсіх і старалася ўпасці ў абдымкі самага прыгожага дзецюка. Сем гадоў запар Офка нязменна зачароўвала таго, на каго ўпала ейнае вока, і абраньнік, калі раздаваўся заваблівы кліч і дзеўкі кідаліся ў лес, апантана бег за ёю, а злавіўшы, з размаху кідаў на мяккі мох і прагна задзіраў падол андараку, вымачанага ў салодкай летняй расе.

Узімку ж, калі жанчына прыязджала ў заснежаную Вільню на Каляды, яна спынялася на пастаялым двары пад самай сталіцай. Упэўненая ў маўчанні сваіх служкаў, якім шчодра плаціла, яна выдавала сябе за прасіцельку з Полацкай зямлі, што прыехала ў вялікакняскую канцылярыю па справах спадчыны. Можа, гаспадар пастаялага двара і падзівіўся калі, што ў той самы час прыязджаў у ягоны двор на два-тры дні госць – малады віленскі зямянін у багатых уборах, а з’язджаў адначасна з прыгожай прасіцелькай, ды яна плаціла заўсёды шчодра, і слугі падлагоджвалі маладой пані з асаблівай ахвотай.

Гэта былі яе адхланні, яе таямніца, і часам яна вярталася ў апрыкрае гняздо са слязьмі злосьці, наракаючы на свой лёс. Не мог узяць яе за сябе маладзейшы на дзесяць гадоў зямянін, а паважнага і прывабнага ўдаўца не знаходзілася, хаця асцярожна наводзіла яна аб тым звесткі. Ісці ж другім разам за згрыбелага старога не хацела: да самых вантробаў працінаў успамін пра пах – ні то зляжалае бялізны, ні то прэлага лісця, які сыходзіў ад старога мужа. Хацелася маладосці, пругкай і свежай скуры каханка пад вуснамі, хацелася паху ссохлага сена ці маладога разгарачанага самца, якім пахне толькі нерастрачаны ў любоўных забавах дзяцюк. І яна падсвядома шукала гэтага – ці то ў Вільні, ці то ў сваёй Любчы. Хаця Любча якраз была самай небяспечнай: тут таямніцу любошчаў схаваць будзе ой як няпроста! І ўсё ж ездзіць так далёка год за годам рабілася ўсё цяжэй. Летась жа яе дасюль верны малады зямянін ажаніўся і ўпершыню не прыехаў на спатканьне. Больш таго – не прыслаў нават весткі, і яна дарэмна чакала яго на пастаялым двары, выглядаючы ў вакно, як дзеўка-цнатліўка, што не дачакаецца жаніха. Да таго ж, родзічы сталі намякаць ёй, нібыта бачылі ў ваколіцах Вільні нейкую распусніцу, надта падобную да яе, і бачылі акурат у тыя самыя тыдні, калі яна прыязджала ў сталіцу. Таму сёлета яна паехала на выведку ў Гародню. У гэтым вялікім горадзе, думала яна, можна будзе схавацца. Але ці то час яе выйшаў, ці згрызоты па гаспадарцы зрабілі сваю справу – маладыя прывабныя мужчыны ўжо не ліплі да яе, а тоўстага чырвонатварага нахабніка адпрэчыла яна сама, бо доўгі досвед падказваў, што гэты распуснік ужо растраціў свой любоўны запас і будзе пудлаваць. Вярталася яна расчараванай і поўнай тугі па страчанай маладосці.

Вось чаму без ваганняў загадала баярыня пакласці ў свой вазок беспрытомнага дзецюка, што ляжаў на дарозе і ледзь не патрапіў пад колы ейнага вазка. Пабачыла ў тым волю багоў: твар дзецюка – з шырокімі чорнымі брывамі, ямачкай на падбародку дый мужнымі рысамі юнага твару быў якраз такім, якім бачыўся ў марах магчымы каханак.

Хто ён, гэты юны вой, і адкуль? На скураным яго каптане – палосы са скуры дзіка, апратка не багатая, але й не бедная: кашуля не са зрэбнага, а з тонка выпрадзенага лёну, боты не самаробныя, і, хаця не юхтовыя, ды не з казла лупленыя. На пасе начэпленыя ножны, з якіх выглядае дзяржальна ці то кінжала, ці то корд. І як, цяжка паранены, выпаўз ён на дарогу?

Калі клалі пахолка ў карэту, пакаёўка злавіла позірк гаспадыні, па-змоўніцку падціснула бясколерныя вусны, бледна-жоўты твар яе пакрывіўся ва ўсмешцы:

– Прыгожы, як Лель.[32] Можа, гэта ён і ёсць?

– Я ўжо не юначка, Лель знойдзе лепшую, – жартам адказала Офка, і пакаёўка запярэчыла словамі, якія мёдам праліліся на сэрца гаспадыні:

– Вы, мая пані, жывая Лада, ніхто з нашых дзецюкоў Вас не варты…

27

віслены – гуляшчыя жанчыны.

28

урокі – заданні, якія даваліся ў гаспадарцы слугам

29

пенязі – грашовая адзінка ў ВКЛ

30

паны зацныя – паважаныя людзі гораду

31

клямры – шнуркі

32

Лель і Лада – бог і багіня кахання ў старажытных язычнікаў- славянаў

Знак Вялікага магістра

Подняться наверх