Читать книгу Знак Вялікага магістра - Вольга Іпатава - Страница 6
Лелюш
ОглавлениеЛелюш апошні раз зірнуў на сябе ў бронзавае люстра – яго прывёз яшчэ прадзед Векша, разам з Давыдам Гарадзенскім у 1326 годзе хадзіўшы на Брандэнбург. Хацеў нацерці рукі і шыю мятай, але спахапіўся – да спаткання з прыгажуняй Малкай паспее прыгатавацца. Ня варта і апранаць каптан з алтамбасу, лепей пакласці яго ў сак – даходы з земляў, што належалі баярскаму роду Валовічаў, імкліва скарачаліся. З таго часу як балотная трасянка[14] адолела бацьку, некалі магутны асілак, што ня злазіў з сядла і перамагаў усіх на рыцарскіх гульбішчах ад Карэлічаў да Наваградку, цяпер з цяжкасцю даходзіў да сенцаў, каб справіць там вялікую патрэбу. Маці ж Агнія ніколі не магла як след палічыць, колькі грошай каштуе яе чарговая сукня.
Яму даўно трэба было б ажаніцца, але ён на ўсе дакоры і просьбы маці адмоўна хітаў галавой. Род працягваюць браты – Андрэй і Іван. Яму ж хацелася яшчэ і яшчэ асалодаў, якія знікнуць разам з жаніцьбай: вечароў, калі пальцы слізгаюць па мяккай, шаўковай шыйцы маладой жонкі якога-небудзь старога багатага грыба, і замірае сэрца, а пахкая, салодкая жаночая плоць дзе-небудзь у патаемнай альтанцы нібы растае пад рукамі… Марылася аб днях, калі можна бяздумна ляцець па азіміне за аленем альбо зайцам побач з сябрукамі, каб пасля сядзець на якой-небудзь паляне і ўгрызацца зубамі ў смажаніну, не баючыся папрокаў прыкаванай да цябе вечнымі ланцугамі кабеты. Аб раніцах, калі халасцяцкая адзінота дазваляе шчасліва адчуць асалоду мінулай ночы і слодыч забароненага граху… Ён яшчэ раз тузануў пругкі скрутак бяросты, на якім пісалам было надрапана некалькі сказаў. Пад імі не было подпісу – Лелюш ухваліў гэтую асцярожнасць. Ці мала каму магло трапіць на вочы гэтае запрашэнне? Але збылося самае галоўнае – Малка чакае яго! О, колькі ён штурмаваў гэтую цвержу! Апошні раз з’ехаў з балю ў Наваградскім замку, калі яна спрытна схавалася ад яго, выйшаўшы нібыта на хвілінку разам са старой прыслужніцай, раз’ятраны, як дзікі вепр. Спатоліў нясцерпную хоць з жонкай старога баярына Ракошы, але Малка – беласкурая, высокая, з радзімкай на правай шчацэ – вабіла і непадступнасцю, і ганарлівасцю. Упадаў за такімі – але, дабіўшыся свайго, ляцеў да іншых, гэткіх жа непадступных, ажно пакуль і яны не раставалі ў руках, як царкоўныя свечкі.
Малка напісала, што яе муж з’язджае на два тыдні, бо яго клічуць у Гародню, на соймік баяраў. Але дзе ім лепей сустрэцца, зараз сказаць ня можа. У карчме ў Гасцілаўцах, што каля рэчкі Лебяды, яго будзе чакаць слуга, ён правядзе рыцара ў патаемнае месца…
Выходзячы з пакою, Лелюш яшчэ раз абвёў вачыма святліцу. Праз чатыры дні ён вернецца – да гэтай лавы, абабітай зялёным аксамітам, да куфару ў куце, дзе ляжаць яго каптаны з сярэбранымі гузікамі і порты з дарагога сукна, да свайго ложа, засцеленага мядзьвежымі скурамі, дзе так салодка спаць да самага абеду і куды служка, варта толькі кіўнуць, прынясе кварту шыпучага піва. Але пакой будзе ўжо другім – ён прывязе сюды ночы, праведзеныя з Малкай, і хвіліна за хвілінай будзе ўзгадваць пра іх. Ад гэтых успамінаў навакольныя рэчы мяняюцца, нібы ўсмоктваюць настрой гаспадара, – ён не раз правяраў гэта. І, уявіўшы тое мора асалоды, якое будзе піць кропля за кропляй у абдымках прыгажуні, ён выйшаў, не падазраючы, што будзе чакаць яго ў гэтай, такой, здавалася б, лёгкай і бяспечнай дарозе – са Шчучына ў Ліду.
Не ведаў ён, бо Будучае рэдка папярэджвае кагосьці са смяротных, што ніколі не зойдзе зноў у гэтую святліцу, што дарэмна будуць шукаць яго па дарогах і ў селішчах.
Ніколі, ніколі не вернецца Лелюш дадому, не адчуе ўцехі ад добрага куфлю лідскага піва, ад палявання з рарогамі – сокаламі на курапатак, ад маладога гнуткага жаночага цела. А ўсё таму, што, летучы светлай зоркай на зямлю, ён ужо быў звязаны з ёю і павінен быў атрымаць ад яе свой лёс. А нітку лёсу, як вядома, тчэ адна з Судзяніц, другая ж яе абразае, а трэцяя запісвае ўсё, што адбудзецца з душой, у адвечную Кнігу Жыцця, дзе кожны знітаваны з мноствам іншых жыццяў і лёсаў, і дзе адна прычына непарыўна зьвязаная з іншай.
А не вернецца Лелюш з падарожжа да Малкі таму, што тры дні таму ўцёк ад забойцаў малады вой з лідскага замку, якога клічуць Данілам і якога Лелюш ніколі не ўбачыць, ды і не пачуе, хаця іхнія жыцці звязаныя адной нітай… Толькі на тым канцы, дзе Даніла, яна чырвоная – колеру жыцця, а яго, Лелюшавым баку – чорная…
14
трасяніца, трасца – малярыя