Читать книгу Знак Вялікага магістра - Вольга Іпатава - Страница 8

Падмена

Оглавление

Гердзень раз-пораз нярвова зіркаў у акно, і бачыў толькі высокую, пацямнелую ад дажджоў браму і тоўстыя дубовыя бярвенні, якімі агарадзіў сваю карчму ля Святой дубровы карчмар Мікула.

– Што ты лупішся на дзверы, нібы дзявотка на шлюбнае ложа? – высмеяў яго гаспадар карчмы. – Дзеўка не прыехала, што ты як не ў сабе?

– Не твая справа! – агрызнуўся Гердзень. – Абмуляў нагу, во і баліць!

Ён і сапраўды быў трохі не ў сабе. Два гады яго не трывожылі тыя, каму ён пакляўся ўсімі багамі – Перуном і Мокашшу, Родам і Вялесам, а таксама і хрысціянскім Ісусам – служыць да скону дзён. Пакляўся далёка адсюль. У змрочнай, як вантробы цмока, крэпасці рыцар Шомберг (гэтае прозвішча запомніць ён да скону) угнуў яго галаву і прымусіў ілбом выцерці плявок на каменнай падлозе, куды ён смачна харкнуў перад тым.

– Здрадзіш – мы знойдзем цябе на дне твайго Нёману, – спакойна сказаў немец, і Гердзень, было зледзянелы ад жаху, раптам адчуў жар, ад якога заламіла косьці. Пераход ад смерці, якая ўжо памацала яго за плечы, калі стаяў на самым версе высачэзнай вежы, чакаючы непазбежнага штуршка ўніз, да жыцця, якое дароўвалася тут, у вузкай цёмнай келлі, – гэты пераход раструшчыў яго. Так удар каменем разломвае арэх. І як у арэху пасля таго, як зьядуць ядро, застаецца адно абалонка, так і ў Гердзеня пасля той страшнай прысягі нібы вынялі вантробы і напоўнілі яго ледзяным крошывам несупыннага жаху.

З гадамі гэты жах зменшыўся, сціснуўся ў камячок, пакрыўся тлушчам дабрабыту і спакою. Начальнік варты не хацеў узгадваць ні бою пад Бярэсцем, калі, аглушанага, з рассечаным плячом, яго паланілі крыжакі і, скаваўшы разам з іншымі няшчаснымі, скінулі ў фурманку на гнілую, залітую крывёй салому, ні той жахлівай хвіліны, калі ён убачыў крыжацкі замак, што стаяў на гары, падобны да скручанага ў кальцо цмока.

Тады яго, як вогненны прэнт, ад макаўкі да самых пятак працяла перакананне, што ён ніколі, ніколі не пабачыць ужо белага свету, згніе, зажыва пахаваны ў цмокавых вантробах, бо будзе надрывацца, капаючы там бясконцыя новыя хады альбо грызучы зубілам страшную высокую гару, каб гэты замак, гэтае чырвона-чорна-шэрае капішча яшчэ вышэй уставала над краем, над далёкімі землямі, куды цягнуцца учэпістыя, бязлітасныя лапы Ордэна.

Першыя два месяцы так і было. Крывавілі ад лопнутых мазалёў рукі, нязвыклыя да рыдлёўкі, ванітавала ад смярдзючай рэпы тры разы на дзень. Слепнулі ад дымных смалякоў вочы, адвыкаючы ад дзённага святла. Нясцерпна, да енкаў ноч навылёт, смылела раненае плячо, і ён слізкімі ад гною пальцамі гадзіну за гадзінай лавіў і выцягваў з раны белых рабакоў,[26] а яны капашыліся ў жывым целе, і ён роў на ўвесь голас ад жаху і агіды, ажно пакуль вартавы ўдарам па галаве не перапыняў ягонага крыку.

– Можа, гэты енк і звярнуў на сябе ўвагу тых, хто назіраў за палоннымі. Бо іншыя маўчалі. Паміралі альбо ў ціхім забыцці, мармычучы словы любові да блізкіх, альбо ненавісна глядзелі на крыжакоў, ажно пакуль не згасалі, разам з нясцерпнай нянавісцю, і іхнія вочы. Астатнія працавалі дзень за днём, стараючыся зберагчы сілы, што слабелі, перасыхалі, як перасыхае ад няспыннай спёкі рэчка.

Аднойчы, калі Гердзень, нарэшце заснуўшы, з храпам, уздых за ўздыхам, лавіў згусьцелае ад смуроду паветра, яго штурханулі ў плячо. Ледзь зажылыя раны азваліся ва ўсім целе такім болем, што ён ледзь не самлеў, не паспеўшы нават ачуняць ад сну. А яго, не даючы апамятацца, павялі па вузкіх каменных калідорах, дзе са сценаў мерна падалі на ўтаптаную зямлю ледзяныя кроплі, па пераходах, дзе водаль адзін ад аднаго віселі на заржавелых ланцугах шкілеты. У чарапах смяяліся вечнай усмешкай смерці белыя маладыя зубы.

У невялікім пакойчыку, дзе на адной белай вапнаванай сцяне вісеў крыж, а на двух – мячы, шаблі, крывыя турэцкія ятаганы і іншая зброя, сядзелі за сталом трое. Тады ён, Гердзень, упершыню пабачыў рыцараў без латаў, без жалезных прылбіц на галаве з вузкімі прарэзямі для вачэй, бо раней меў справу са служылымі братамі ордэну. Можна было б падумаць, што тут, у белых кашулях, за бутляй з цёмнага, з пакручастымі ўзорамі шкла, сядзяць і п’юць піва звычайныя хлопцы, каб ня грэбліва-пагардлівыя позіркі, нібы перад імі з’явілася брудная жывёліна. Праўда, ён і выглядаў тады, як брудная жывёліна.

– Як цябе клічуць?

Пачуўшы, што ягонае імя Гердзень, што значыць “вялікі”, зарагаталі так, што са сцяны звалілася перавязь – мабыць, ледзь вісела на круку.

– Ён – вялікі?

– Ён – гаспадар?!

– Ды ён – куча гною!

Што ён, відаць, сапраўды смярдзеў, як куча гною, Гердзень зразумеў з таго, што нават гэтыя звыклыя да ўсяго, выжлістыя гіцлі, папытаўшыся ў яго пра радню і службу, загадалі служкам абмыць палонніка. І яго павялі ў ніжні двор, гаўкнулі распрануцца, а там папросту лінулі на яго два вядры вады, загадаўшы скрэбсціся колькі сілы.

І, можа, якраз таму, што ён змыў з сябе бруд, нясцерпна прынізліва было церціся лбом аб чужыя пляўкі ў канцы той – размовы не размовы, а проста пытання, прагаўканага хрыплым голасам Шомберга, чый шырокі, як высечаны з ліпавай калоды, твар увесь час крывіўся грэблівымі зморшчынамі:

– Дык згодны служыць псам Гасподнім? Ты будзеш добра атрымліваць, станеш багатым чалавекам. І не ўздумай жартаваць з намі: перакідвацца назад! Мы падкінем тваім гаспадарам такія доказы, што яны самі захочуць сцяць цябе горлам на самай высокай асіне альбо пакласці пад сякеру ката.

– Але… – ён прашаптаў гэта нібы спадзеючыся, што ніхто – ні Бог, ні нават паветра не данясе гэта да рыцараў. Але яны былі бязлітасныя:

– Грамчэй, свіння!

– Ён застагнаў, бо громам аддаўся ў вушах боль ад ледзь зрослага пляча:

– Заўсёды гатовы служыць вам, вашыя міласці… Даўно гэта было. Ён вярнуўся на радзіму, расказаў, як доўга лячылі яго ў лясах пад Бярэсцем, у племені яцвягаў, куды ён прыпоўз амаль беспрытомны. Ацалелыя воі памяталі, як адважна біўся ён з ворагам у складзе Лідскай харугвы, таму новы гаспадар і дзяржаўца лідскіх земляў Вайдыла ўзяў яго ў ахову, і Гердзень стаў жыць звычайным жыццём мясцовае шляхты.

Але была ў яго свая таямніца: час ад часу яны, ягоныя новыя гаспадары, пасылалі да яго патрэбнага чалавека альбо і з’яўляліся самі, нібы выпаўзалі з вантробаў цмока, і ён паслухмяна рабіў усё, што яны загадвалі. Часам падсцерагаў чалавека, на якога ўказвалі, і, перарэзаўшы горла, адбіраў пасланне і перадаваў іншаму, часам сам пасылаў вестку, падслуханую ў замку: куды паехала гаспадыня Марыя, што пісаў ёй брат Ягайла. Апошні раз паведаміў у Гасцілаўскую карчму, што з Ліды ў Кракаў рыхтуецца пасылка з багатымі дарамі. І заўсёды атрымліваў за гэта што-небудзь: дукат ці сувой дарагой тканіны з нарабаванага, ці боты, ці – аднойчы – нават добрае сядло, якое тут жа, як і ўсё іншае, спусціў на Новагародскім кірмашы, каб не пазнаў хто тое сядло за сваё і не пацягнулася да яго якая нітачка.

…Цяпер ён, аддаўшы бясцэнны куфэрак крыжакам, таксама чакаў узнагароды. Яна і была абяцаная яму, але толькі тады, калі знішчыць адзінага сведку, які здолеў уцячы. Гердзень разумеў, што ў адваротным выпадку заб’юць як сабаку яго самога, нягледзячы на тое, што ён не раз ужо перадаваў Ордэну каштоўныя звесткі і мог прыдацца яшчэ.

Ды зараз Гердзень мусіў выкручвацца і таму, напружыўшы ўсе свае намаганні, прыдумаў, як яму даказаць, што знайшоў і забіў непажаданага сведку. І, заплюшчыўшы вочы ад моцнага пітва, чакаючы пасланага, узгадваў, як, не спадзеючыся знайсці Данілу ў гэтым бясконцым лесе, зрабіў прасцей: засеў у засадзе, не даязджаючы вярсты з чатыры да Гасцілаўцаў. І яму пашанцавала: нейкі адзінокі малойчык, гарцуючы на кані і прыпяваючы, ехаў наперад, нават не азіраючыся па баках. Накінуць яму на шыю пятлю, сцягнуць з каня і адправіць да дзядоў, праткнуўшы тонкім кінжалам, было справай некалькіх хвілінаў. Ён распрануў малойчыка да нагавіц, разбіў яму твар аб корч. Тыя, хто будзе аглядаць нябожчыка, могуць – не, павінны! – прыняць яго за Данілу, якога яны бачылі здаля, дый і то ня надта выразна. Мёртвы ж чалавек выглядае зусім не так, як жывы. Калі яму ўдасца пераканаць у гэтым пасланцоў, тады… Не, ён не будзе больш рызыкаваць. З-за гэтага куфра тут падымуць усю Лідчыну, і ён загадзя рашыў, што тут болей не застанецца. А заплачаныя зараз грошы, разам з тымі, што ўжо сабраў, дадуць яму магчымасць нарэшце знікнуць адсюль, зашыцца ў Польшчы дзе-небудзь у такой вось карчомцы і зажыць гаспадаром. Ён знікне назаўсёды з вачэй і крыжакоў, і лідчукоў. Асабліва ж лідчукоў, якім, вядома, данясе пра яго гэты ацалелы ад мяча недаростак, якому так паспрыялі вышэйшыя сілы. Можа, хлопец і не выжыў? Калі жывы, то праз два-тры дні будзе ўжо ўсё роўна: ён, Гердзень, атрымае свае грошы і ўцячэ. Радні ў Лідзе ў яго не засталося, апроч жонкі, да якой некалі прыстаў у прымы. Сарваўшыся адсюль, ён выйграе, бо пазбавіцца старой жонкі, якая не дала яму нашчадкаў. У яго яшчэ будуць дзеці, і не меней чатырох!

Толькі б дачакацца пасланца крыжакоў, які прызначыў сустрэчу менавіта тут, і прывесці да знявечанага трупа ў лесе ды ня выклікаць падазронасці ў гэтага Мікулы, які, несучы чарговы коўш медавухі, пытаецца як бы мімаходзь:

– Дык ты, кажаш, ажно з-пад Гародні? А я цябе недзе ўжо бачыў, забі мяне Пярун!

Пасланец ад крыжакоў з’явіўся толькі назаўтра. Ціхі, непрыкметны гандляр, што ходзіць са сваёй торбай па дарогах ды прапануе сушаныя зёлкі ад усіх хваробаў – трасавіцы, злацяніцы, пачачую, камчугу і свярбёжу – словам, ад усяго, што мучыць чалавека і за што ён гатовы плаціць апошняе, увайшоў, загнусавіў пра лекі. Агледзеў усіх і прыстаў да Гердзеня. Спачатку той яго адпіхваў, нават штурхануў, але гандляр торкаў яму ў нос нейкія шматкі сухіх раслінаў і ўсё казаў, казаў…. І нарэшце разгледзеў змарнелы ад бесперапынных трывогаў Гердзень вочы шчупленькага шэрага чалавечка, а яны былі як нажы, што нарэшце дасталі да жывога мяса: змоўк Гердзень, а тады пачуў шэпт і запаветныя словы паролю.

Па адным, патаемна, дабраліся яны да ўскрайку лесу, дзе лідчук прыкапаў сваю ахвяру, папярэдне зняўшы з яе багаты ўбор і выграбшы талеры з прыгожага вышыванага скуранога саку.

Няшчасны Лелюш, чый твар было амаль не разгледзець, за гэтыя дні счарнеў, усох і выглядаў як не як нядаўні жылец і вясёлы аматар-каханак, але як мумія. Труп яго з грэблівасцю колькі разоў перавярнуў нагой шчуплы прадавец зёлак, упіваючыся ў яго сваімі нажамі-глядзелкамі, а пасля ўздыхнуў і з неахвотай працягнуў Гердзеню жменю пражскіх грошаў:

– Дзе спынішся – паведамі. Ты ж не вернешся ў Ліду?

– Што я, дурань?

– Глядзі! Ад Ордэна не ўцякаюць. Ён знойдзе паўсюдна. Так што не дуры, дзядзька, не хавайся ад нас!

– “Ад нас…” – бурчэў Гердзень, подбегам спяшаючыся па мала прыкметнай сцяжынцы, якая выведзе яго да Ваўкавыйска. – Сам такі ж лапаць, як і я, а туды ж! Бач, рыцарам сябе лічыць! – І зусім забыўшыся, хто ён сам, з усёй сілай нянавісці да крыжакоў прамовіў скрозь пашчэрбленыя былымі нягодамі зубы: – Здраднік!

26

рабакі – чарвякі

Знак Вялікага магістра

Подняться наверх