Читать книгу Знак Вялікага магістра - Вольга Іпатава - Страница 4
Напад
ОглавлениеАхоўнікі-воі ляжалі і на паляне, і вакол яе: хто скурчанелы, тырчком – так, як валіўся з каня, хто распластаўшыся на пажоўклай траве, а хто – уткнуўшыся ў зямлю, быццам шукаючы ў яе абароны. Было відавочна – усе яны былі захопленыя смерцю знянацку. У кожнага – у каго ў горле, у каго ў вуху, а ў некаторых у спіне ці грудзях – тырчала страла, і абыякавы вецер трапаў пярынкі, умацаваныя ў рашчэпы на канцы стрэлаў. Параненых дабівалі мячамі – жахлівыя раны заплылі счарнелай крывёй, якая застыла на заскарузлым адзенні.
Кашталян Лідскага замку Нарбут, што ў той злашчасны поўдзень 1389 году прыехаў да Альгердавай паляны на свае вочы пабачыць зладзейства, стаяў як анямелы. Яго паднялі з ложку ў самы той момант, калі ён, з вечару распараны лазняй і развяселены медавухай, бачыў у сне, як гоніцца за баярскай дачкой Лозкай па сцяжыне, што праразае лясную паляну. Разгарачаны хоццю, нібы гарачаю парай, ён ламіўся за маладзіцай, як лось, ужо гатовы падмяць пад сябе юнае, пругкае дзявочае цела, – і раптам грукат у дзверы, трывожны голас вартавога, і вось ужо заспаная, з краёчкам ранішняй зары раніца абдае холадам ногі, занадта паспешліва абгорнутыя анучамі, а вочы не хочуць бачыць тое, што і так нікуды ўжо не знікне: крывавыя пісягі на зжаўцелай, трохі прыхопленай шэранню траве, пераламаныя бярэзіны, а галоўнае – мёртвых вояў, што ўчора павезлі з замку скарбонку. Не тую, звычайную, у якой пасылалася ў Вільню штомесячная даніна з Лідскага княства. Учора з замку павезлі заморскага дрэва куфар, інкруставаны перламутрам і косцю, ды не пусты – з сотняй залатых чэшскіх грошаў, пяццю каштоўнымі камянямі, дзесяццю нізкамі перлаў, двума залатымі бранзалетамі, дзе ў гняздзечках зьзялі дробныя пярліны. А яшчэ – пяць залатых крыжоў, варцобы[1] з серабра і сярэбраныя ж цяжкія кубкі – ажно шэсць… А чаша з празрыстай марской пярліны, акаваная золатам, дзе на закрыўцы, выразаныя з дзівосным майстэрствам, мілаваліся залатыя Лель і Лада! Але найкаштоўнейшае – гэта вялікі залаты медальён з васільковага колеру сапфірам пасярэдзіне і зялёнымі смарагдамі па баках.
Сам ён укладваў усё гэтае багацце ў куфар, сам замацоўваў пячаткай пералік, старанна выведзены на пергаменце пісарам Няжылам.
Сястра вялікага князя і караля Ягайлы, гаспадыня замку княгіня Марыя пад аховай дзесяці вояў пасылала ў сталіцу скарбы, якія завяшчаў гаспадару Літоўскае зямлі ейны васал баярын Страміла. Бязьдзетным паміраў ён, таму прасіў княгіню Марыю апекавацца ягонай жонкай. Ведаў баярын – слабая і безабаронная баярыня Раіна, абяруць яе родзічы, абдзяруць, як тую ліпку. Калі ж заступіцца за Раіну княгіня, то, магчыма, маладая яго малжонка[2] трапіць у віленскі вялікакняскі, а можа, і каралеўскі кракаўскі двор – а там хопіць ёй і дабра, і абароны.
– Што будзем рабіць? – запытаўся памочнік Кот. Ён быў, бадай, яшчэ больш разгублены, чымся сам кашталян. Ніколі не бачыў ён адразу столькі забітых – ажно васьмёх! Ды каго – замкавых панцырных баяраў,[3] якіх усе добра ведалі і якіх толькі ўчора адпраўлялі з замку. Знайшлі іх толькі на дасьвецьці, і адразу ж паведамілі аб тым у замак. А ён, кашталян, ужо адправіў ганца ў Вільню і, па загадзе княгіні, у Кракаў. Магчыма, што раскрые злачынства і ён сам, бо гэта ж ягоныя людзі.
Вось яны тут – Заяц, які выводзіў на дудзе такія закрутасы, што хацелася і спяваць, і плакаць адначасна. Ян, які нажом патрапляў у сасну за дваццаць метраў. Сокал, вышэйшы за ўсіх ажно на цэлую галаву, які мог жартам узняць на плечы дубовую калоду ды яшчэ пасадзіць туды каго з прыдворных пакаёвак… Усе ляжаць, уткнуўшыся ў зямельку, куды цяпер і пойдуць без пары. І яго ахопліваў жах і адначасна разгубленасць. Хто ж мог учыніць такі дзёрзкі напад? Крыжакі? Але іх з паўгоду не чуваць, хаця з-за іх быў пасварыўшыся з каралём і гаспадаром[4] Княства Ягайлам яго стрыечны брат[5] Вітаўт.
– Гэта не татарскія коні, не бахматы – угледзеўшыся ў сьляды, мовіў кашталян.
– І не крыжацкія, – упэўнена падхапіў Кот, пачэсваючы правую скроню.
– Я ў гэтым кемлю. Я ж па падковах магу вызначыць, чые тут коні былі. Гэтыя бедзявеі[6] нашыя, мясцовыя.
– Сціхні! – прыкрыкнуў на яго кашталян. – Крыжакі – яны, брат, як гадзюкі. Трэба – у любую скуру абернуцца, і жарабкі ў іх будуць з вялікакняскае стайні, калі што.
– Дык мо рабаўнікі з Волатавай шайкі?
– Яно-то, можа быць, і гэдак, – адгукнуўся Нарбут, і ягоны рабы, у восьпінах твар зморшчыўся ў роздуме.
Ён напружана думаў аб тым, куды падзеліся два воі з тых, што суправаджалі каштоўны груз, а менавіта Гердзень і васемнаццацігадовы Даніла, сын баярына Сокала. Адна і тая ж думка свідравала галаву: Сокал быў з тае дружыны, з якою біў маскалёў пад Валокам Ламскім Вітаўт, і якраз за прыналежнасць да Вітаўтавай дружыны Сокала і ягонага сына найбольш не любіла княгіня Марыя. Яна нават хацела выгнаць яго з замкавай аховы. Ды толькі Сокал быў адным з лепшых вояў у Лідзе, і яна, хаця і неахвотна, згадзілася яго пакінуць на службе.
Якраз і гаварыў пра гэта Гердзень, калі настояў узяць яго ў ахову. Настойваў ён, каб у атрад ахоўнікаў уключылі і ягонага сына Данілу, і ўсе расцанілі гэта як вялікі давер амаль што апальнаму Сокалу.
І вось абодва яны – і Гердзень, і Сокалаў сын зьніклі. Што б гэта магло значыць? Альбо Гердзеня і Данілу захапілі і павялі з сабой рабаўнікі, альбо… Кашталян баяўся дадумаць да канца. Калі Гердзень акажацца здраднікам, то адразу ў замку ўспомняць, што гэта ён, Нарбут, заўсёды прасіў за свайго кума, ён упарта соваў Гердзеня ва ўсе справы, дзе трэба было паслужыць княгіні, – каб пасьля можна было пахваліць, як гожа той зрабіў тое ці іншае. А чаму? Таму што задарыў яго Гердзень, купіў, можна сказаць, на карані: то сярэбранай грыўнай, то каменем-самацьветам для пярсьцёнка – жонцы, то карункавым каўняром, то… о, беражы мяне Пярун, калі Гердзень акажацца здраднікам ці… ці самым тым рабаўніком!
1
варцобы – шахматы
2
малжонка – жонка
3
панцырныя баяры – баяры-воі, якія называліся так таму, што ў час вайны былі абавязаныя абараняць радзіму ў складзе войска (сваім “панцырам”).
4
гаспадар – так у ВКЛ называлі вялікага князя
5
Вітаўт быў сынам Кейстута(па некаторых крыніцах, Кейстут быў родным братам вялікага князя Альгерда па маці Вользе) і, такім чынам, пляменьнікам Альгерда і стрыечным братам Ягайлы
6
бедзявеі – верхавыя коні, рысакі