Читать книгу Вяртанне Ліліт - Юлія Шарова - Страница 11

Частка І. Сукуб
9

Оглавление

Радыкс: Сонца ў Рыбах у трыне з Сатурнам, Месяц у Рыбах без курсу, рэтраградная Венера ў Авене

Знаходзіць сабе сябровак Мілана не думала: яна зусім не пакутавала з тае нагоды, што не мае з кім паразмаўляць. Калі ў тваёй памяці тысячы жыццяў, праз якія ты прайшла сама, то няма ахвоты насіць у сабе яшчэ і чужыя праблемы. Але Таня налучылася зусім выпадкова – разам падавалі ў міліцыі дакументы на замену скрадзеных пашпартоў.

Таня займала пасаду менеджаркі ў гандлёвай фірме і рабіла там выгляд, што складае таварна-транспартныя накладныя, а насамрэч усцяж чакала, ці напіша ёй начальнік Дзяніс нешта цалкам звычайнае, але з непрыстойным падтэкстам. Ён умеў: то ў яго настрой прыўздымаўся, то здараўся інтэлектуальны аргазм, то падатковая гуляла з ім у БДСМ.

Дзянісу было трыццаць гадоў. Ён меў росту пад метр дзевяноста, даволі грунтоўны памер пінжака, пухкаватыя рукі і жывот (але Таня ўважала гэта мілым і ўтульным), кватэру на тры пакоі і «аўдзі» ў добрым стане – усё проста, але з густам. Яшчэ ён часцяком насіў гарнітуры і гальштукі, а Таня з маленства млела па мужчынах у пінжаках. Дзяніс быў нежанаты і заўсёды казаў, што марыць сустрэць тую, адзіную. Таня спадзявалася стацца адзінай, а пакуль штодня картавала таллю Таро Райдэра – Уэйта, спрабуючы даведацца, ці шмат у яе канкурэнтак.

Карты нічога не казалі. Або казалі нешта такое, што Таня прачытваць не хацела. Тады яна зноў збірала таллю і церабіла яе да тае пары, пакуль на пачуцці Дзяніса да яе не выходзіла Каралева кубкаў ці тройка манет. Наступным днём начальнік пісаў Тані ў скайп эротыкападобныя двухсэнсоўнасці, але сыходзіў з працы раней за ўсіх, а сціплая менеджарка дабіралася дадому падземкаю і аўтобусам, спадзеючыся, што неўзабаве яе пакатаюць машынаю.

Мілана не думала выслухоўваць Таніны споведзі, але ж новая сяброўка ўмела стрыгчы валасы і рабіць манікюр, педыкюр і шмат чаго яшчэ, на што звычайная дама траціць немалыя грошы ў салонах. Слухай сабе пра пакуты кахання і атрымлівай дагледжаныя кіпцюрыкі.

Таня прыходзіла ў госці да новай сяброўкі, піла на гаўбцы звараную ў джэзве каву з кардамонам і слухала тлумачэнні раскладаў, якія ёй рабіла Мілана, – а ўжо ў варажбе яна была геніяльнай.

Неўратычныя карцінкі Таро Сакрэтаў мільгацелі пад далікатнымі пальцамі варажбіткі, а сама яна нагадвала Каралеву булаваў у гэтай таллі, асабліва калі надзявала смарагдавага колеру сукенку. Раз-пораз Мілана ўздымала левую руку і масажавала сабе патыліцу ды моршчыла твар, быццам ад болю. Чорны кот з элегантным белым жабо і белымі вусамі прыходзіў да гаспадыні і цёрся аб ногі.

– Гэта Мурмур… – казала Мілана.

– Можна проста Мурчык? – пыталася Таня.

Кот свідраваў яе позіркам мядова-жоўтых вачэй, маўкліва пратэстуючы супраць такой плебейскай мянушкі. Ён укладаўся на каленях у гаспадыні і са скепсісам глядзеў на госцю, якая ўсё распытвала пра лёс сваіх стасункаў з Дзянісам.

– Ты яму цікавая, – мовіла варажбітка. – Але ты не адзіная. У яго не можа быць адзінай. У такога мужыка заўсёды нехта ёсць і ніколі нікога няма.

– Мажліва, мне проста трэба счакаць? – пыталася Таня і змаўкала, ловячы зусім ужо здзеклівы позірк Мурмура.

Гэтай жывёліны яна баялася.

– Як сабе хочаш, – спакойна казала Мілана. – Побач з табой ёсць іншы мужык.

– Генка? Пффф… – фыркала Таня.

Генка ездзіў роварам і не меў схільнасці да гарнітураў з гальштукамі. Ён быў просты і зразумелы, як цацка для дзяцей да трох гадоў: націсні тут – і будзе букецік, націсні там – і будзе прыбітая палічка, націсні вунь там – і хоць заўтра ажэніцца. Прымітыў!

Перад сыходам у адпачынак Дзяніс раптам прапанаваў Тані пакатацца. Вывез на Цну, частаваў арахісам са смакам васабі, апавядаў, якія жанчыны пайшлі меркантыльныя і як ён расчараваўся ў каханні. Таня слухала і падтаквала. У ейным горле перасыхала ад арэшкаў і хвалявання, а Дзяніс усё скардзіўся на нейкую сваю пасію, якая здрадзіла яму з італьянцам. А магла б стацца адзінай.

За пару гадзінаў шпацыру ля вады Дзяніс наразмаўляўся і згадаў, што мае тэрміновыя справы. Таню ён высадзіў на найбліжэйшым аўтобусным прыпынку ў Навінках, а сам паехаў сабе далей. Таня скакала з аўтобуса ў метро, перасаджвалася са станцыі на станцыю, потым скакала з метро зноў у аўтобус, пакуль дапяла да сваёй кватэры ў Шабанах.

Схлусіла маме, што начальнік падвёз яе дадому машынаю, а потым пайшла піць ваду – заліваць арэшкі са смакам васабі.

Вяртанне Ліліт

Подняться наверх