Читать книгу Вяртанне Ліліт - Юлія Шарова - Страница 23

Частка І. Сукуб
21

Оглавление

Радыкс: рэтраградная Венера ў Блізнятах у квадратуры да стэліума ў Панне (Месяц, Марс, Сатурн)

Дзяніс сумаваў па хатняй ежы і скардзіўся, што нанятая эканомка нясмачна гатуе. Ён з асалодай спустошваў Таніну ссабойку, у якой былі блінцы з павідлам, і дужа выхвальваў іх.

З адпачынку начальнік вярнуўся з чорным загарам і пяццю кілаграмамі прывесу. Таня акурат села на дыету і занялася дэтоксам, пра які вычытала ў блогу Галі Плавінскай. Яна з асаблівым трымценнем сачыла за творчасцю гэтай асобы, але саромелася напрасіцца ў сябры, бо дзе Галя, а дзе яна.

Неверагодна: Дзяніс абвясціў, што ніякія іншыя блінцы не зраўнаюцца з Танінымі. Хоць у нечым яна эксклюзіўная!

– Я і з мясам умею рабіць, – ганарліва сказала Таня, выпрастаўшы плечы. – Ценькія. Карункавыя.

– Уаў… – прамовіў Дзяніс. – Прынось!

Наступныя пару дзён Таня на радасць сваёй маці пякла блінцы з розным начыннем у прамысловых аб’ёмах і забірала іх на працу. Мама вырашыла, што дачка ўрэшце кінула дурное з пахудзеннем – у іх у сям’і ўсе пульхныя, чаго раптам яе Таццянка павінная заставацца шчуплай, як драбіны?

На кардоннай упакоўцы, у якой адпачываў Райдэр – Уэйт, вырастаў слой пылу і ўжо рабіўся таўсцейшым за Таніны блінцы.

– А боршч умееш? – спытаў Дзяніс на трэці дзень, запіваючы гарбатай пачастунак ад падначаленай.

Яна ўсё ўмее, а чаму ж.

Пасля працы ён павёз менеджарку да сябе дадому, дзе яна ўвесь вечар сумленна прастаяла ля пліты. Дзяніс сёрбаў светлы «Швітурыс» з бляшанкі і разважаў, якія жанчыны цяпер пайшлі негаспадарлівыя. Не, ён за тое, каб жанчына не абцяжарвала сябе побытам. Вось калі б тая, няверная, не здрадзіла яму з італьянцам, ён бы цалаваў ёй ногі.

– Я хачу ад жанчыны толькі крыху цяпла і калі-нікалі – хатняй ежы.

Вячэра была згатаваная познім вечарам – добры боршч наварваўся дзве гадзіны, як і мае быць. Дзяніс ужо выпіў бляшанку піва і таму, вядома ж, не мог сесці за стырно, каб адвезці Таню дадому ў Шабаны. Ён даў грошай на таксоўку і, чмякнуўшы па-братэрску ў шчаку, зачыніў за госцяй дзверы кватэры.

Даў бы грошай і за карункавыя майткі, якія Таня набыла з нагоды запрашэння ў госці. Менеджарка ўпершыню была раззлаваная на свайго шэфа. Калі ўрэшце дапяла дадому, то выцягнула з шуфляды старэнькага пісьмовага стала таллю картаў.

Карты выдалі 9 кубкаў.

Куды ты падзенешся ад маіх блінцоў, падумала Таня і з пачуццём трыумфу рушыла спаць.

Вяртанне Ліліт

Подняться наверх