Читать книгу Вяртанне Ліліт - Юлія Шарова - Страница 32
Частка І. Сукуб
30
ОглавлениеРадыкс: асцэндэнт у Вадаліве
У «Цэнтральным» на стойцы ў гэты час ужо шыхтаваліся пластыкавыя кухлі піва. Публіка, страшнаватая з выгляду для недасведчанага назіральніка, але цікавая тым, хто быў «у тэме», напаўняла фае ўніверсама сцішаным гоманам. Тут не лаяліся, не буянілі і не ўчынялі нічога такога, дзеля чаго варта адарваць ад сузіранняў шаноўную міліцыю.
Мілана ўвайшла ў «Цэнтральны» і стала ў чаргу да вітрыны, дзе разлівалі піва. Сёння на ёй чорныя джынсы ў абліпку, берцы, тоўсты швэдар грубай вязкі на голае цела і куртка-касуха. Сабраныя ў нізкі вузел валасы рабілі ейны твар і строгім, і бязрадным адначасна. Але ў тутэйшым асяродку яна выглядала як уштукаваны на сваё месца пазл.
Узяўшы піва і прыціснуўшыся да стойкі, дзе ўжо і певень нікуды не дзюбне, Мілана пачала ўважлівей азірацца навокал, прыглядаючы таго, хто схільны найхутчэй увязацца ў флірт.
Юрася Карповіча тут не было і не будзе сёння – піша раман пра ліхога Уладара. Мілана ажно пырснула са смеху, калі ў думках прагледзела той шэдэўр. Пырснула – і выпадкова штурхнула локцем суседа.
Хлопец, выглядае гады на дваццаць тры ці нават болей, але трымаецца падлеткам. Высокі, нязграбны, худы, але не танклявы, увесь грубай лепкі – што цела, што твар. Бялявы, блакітнавокі. У непрыгожым абліччы ўсё ж праглядаецца нешта шляхецкае.
Лукаш. Імя абіралі бацькі-вернікі. Пяць хвілінаў як студэнт. Некалі будзе выдатным праграмістам, бо проста добрым нецікава. Астролаг-самавучка. І піва яму яшчэ нельга, але ніводная з прадавачак пакуль не папрасіла ў яго пашпарт.
Ад звычайных мужчын патыхала алкаголем, курывам, потам або парфумай, жарсцю, нянавісцю, славалюбствам, маладушнасцю, лютасцю. Ад носьбітаў ішла гарачыня, у якой адчуваўся пах пякельнай смалы і серы.
Ад Лукаша павявала мяккім цяплом, прыроду якога Мілана не магла зразумець. Ён не праглядаўся. Не звычайны юнак, але і не носьбіт.
Яны павялі размову гэтак нязмушана, як тое бывае паміж людзьмі занадта блізкага кшталту, калі яны выпадкова знайшлі суразмоўцу на свой капыл. Вакол Міланы і хлопца ўтварылася нібыта абарончае поле: у агульным гомане яны маглі размаўляць вельмі ціха і пры гэтым чуць адно аднаго.
Лукаш меў дзіўную манеру не трымаць позірк на суразмоўцы, але тым не меней ён заўважыў, што Мілана даволі часта паварочвае галаву сюды-туды, быццам спрабуе размяць цягліцы. Спытаў у новай знаёмай, ці не баліць ёй шыя. Потым моўчкі паклаў далонь на ейную патыліцу, замружыў вочы і праз хвіліну апусціў руку. Боль, на які Мілана пакутавала ад моманту ўцелаўлення, цалкам знік.
Потым яны ішлі начнымі вуліцамі, абмінаючы кансерваторыю, ратушу, катэдру і французскую амбасаду, – ладная чарнявая Мілана ў сваіх звонкіх берцах і шыракаплечы цыбаты Лукаш, які апавядаў пра свяцілы і планеты, пра аспекты паміж імі, пра дамы і куты гараскопаў, пра транзіты, прагрэсіі і саляры. Пра ўсё, што яна і сама ведала, але ў выкладанні Лукаша гэта гучала як літаратурная апрацоўка старадаўніх казак.
– Я люблю глядзець натальныя карты. І яшчэ я люблю залазіць на дахі і глядзець на горад. Толькі з апошнім бывае крыху складаней, чым выпытаць у чалавека дакладны час нараджэння.
– Хадзем.
І вось яны ў пад’ездзе Дома-ля-стэлы, дзе Мілана здымае кватэру, на верхнім паверсе пры выхадзе на дах. Лукаш заўсёды цягае ў заплечніку ломік і кусачы, а таксама набор адмыкачоў – не так ужо і цяжка разваліць замок на дзвярах, дзе ўваход забаронены.
– Шыкоўна… – прамаўляе ён пазней, акідваючы позіркам начны горад.
Ён сядзіць па-турэцку, заплюшчыўшы вочы. Тут, угары, так ціха, што нават чуваць, як вецер калмаціць ягоныя светлыя кудзеркі.
– Ты хто такі?
– Хлопец з сякімі-такімі здольнасцямі. У іншым звычайны. Ну, бацькі ў мяне са сваімі прыбабахамі. Хачу ўжо ад іх сысці, усё адно я сам сябе кармлю.
Мілана сядае таксама і туліцца спінай да Лукаша. Адкуль гэтае дзіўнае спалучэнне дзіцячай наіўнасці і старэчай мудрасці? А яшчэ гэтая здольнасць прымаць чужы боль…
– І, дарэчы, я не цікаўлюся дзяўчатамі, – абвяшчае Лукаш. – Таму калі ты меркавала мяне зняць…
– Мела такую думку, – прызнаецца Мілана. – І ўсё ж: адкуль ты прыйшоў?
Лукаш змоўк. А ягоная спадарожніца проста хацела пацверджання сваёй здагадкі.
– Я – выгнаны з Раю, – урэшце прызнаўся ён.
Гэтага і варта было чакаць. Мілана раней толькі чула пра існаванне такіх, як Лукаш, але сама ніколі не сустракала.
– А пра мяне не хочаш спытаць?
– Я не люблю задаваць пытанні, калі ведаю, што на іх не хочацца адказваць. Я здагадваюся, хто ты такая. Чуў пра цябе. Можаш не апавядаць, дзе ты зламала шыю.
– Але можна я запытаюся? Табе паставілі ўмову наконт дзяўчат, так?
Хлопец адно ўздыхнуў, і Мілана пашкадавала, што пацікавілася такімі відавочнымі рэчамі.
– Такое правіла, – распачаў ён. – Я трымаюся ад іх як найдалей, каб не спакушацца. Фізіялагічна я звычайны хлопец, у мяне ўсё добра са здароўем, і гэта дзіка нязручна. Калі ў мяне з’явіцца дзяўчына і я не стрымаюся, тады я страчу свае здольнасці і памру, як чалавек, без права вярнуцца… Разумееш, мне тут кепска, асабліва ў гэтым горадзе, але я не маю права пакінуць яго надоўга – яшчэ адно правіла. Раней нікога з нас не скіроўвалі сюды. Нас надзвычай рэдка высылаюць на Зямлю, а каб яшчэ і ў гэтую краіну…
– За што цябе так?
– Выказаў сумнеў у вінаватасці Евы. Цяпер я змушаны ахоўваць край. Таму пераезд пад забаронай. І дзяўчаты таксама.
Мілана болей не задае пытанняў. Калі робіцца ўжо зусім халодна, яна запрашае Лукаша ў госці. Мурмур некуды знік – яму часам хочацца пабыць на самоце, а можа быць, ён зноў залез у філармонію праз сутарэнне, каб паслухаць сімфанічны канцэрт. Вернецца ў полудзень, эстэт чортаў.
Дзіўна: патрэбнага ёй сілкавання не было, але яна адчувае сябе адноўленай і бадзёрай. Мілана не пытаецца, як Лукашу гэта змаглося. Яны п’юць каву на кухні і не заўважаюць, што спакваля надыходзіць дзень.
– Я люблю світанні і заходы, бо тады святло сустракаецца з цемрай, – сказаў Лукаш.
– Мая хата з Новага года вызваляецца. Хочаш яе зняць і зваліць ад бацькоў?
– Было б файна. А гаспадыня падпіша са мной дамову? Мне ж яшчэ нельга… амаль год нельга нічога падпісваць.
– Я таксама маю сякія-такія здольнасці. Мы яе намовім, абяцаю.
На развітанне ён злёгку цісне левую руку Міланы. Бачыць на ейным запясці пляму як ад апёку – стары месяц з крыжыкам. Сумна ўсміхаецца. Лукаш сыходзіць, а Мілане мрояцца іскрыстыя промні, як ад сонца, і лёгкія абрысы белых крылаў.