Читать книгу Вяртанне Ліліт - Юлія Шарова - Страница 33

Частка І. Сукуб
31

Оглавление

Сінастрыя: квадратура Месяцаў і Венераў, Сатурн мужчыны ў квадратуры з Венерай жанчыны

Зіма ў той год прыйшла заўчасна, і моцныя маразы ляснулі ўжо пры канцы лістапада. Самагубцы перасталі прагнуць смерці і занурыліся ў ліпучую дэпрэсію ажно да вясны, а паэты перасталі пісаць вершы.

Юрась Карповіч дапісваў свой раман у стылі палітычнага фэнтэзі. Ён не быў дэпрэсіўным суіцыднікам і паэтам таксама не быў. Ён меркаваў, што ягоны раман зломіць паліцы культавага прыватнага выдавецтва. Заставалася дапісаць апошнія раздзелы пра катастрофу крывавага Уладара і пра паўстанне, на якое натхніла зацюканы народ пекная Міліца. Яна знайшла чароўны камень, у якім схаваная сіла, здольная зваліць Уладара… што рабіць з тым каменем, Юрась не прыдумаў, не было часу. Ён цяпер працаваў у шалёным рытме, бо ў Мінску ўрэшце зрабілася сапраўды весела, і журналісту было пра што пісаць.

Гэта ж інфармацыйнае прыволле, калі тузін палітыкаў штурмуе фатэль Уладара Усяе Беларусі. Юрась Карповіч, прыйшоўшы позна ўвечары пасля чарговай прэсавай канферэнцыі ці вандроўкі па рэгіёнах, сядаў за свой раман і ўсё не мог выціснуць з сябе канцоўку. А што, калі «нашыя перамогуць», і раман станецца неактуальны? Такія кнігі добрыя, калі трэба падтрымліваць у людзях надзею і веру, а калі ўсе мары здзяйсняюцца, людзям не да раманаў.

Аднойчы Юрась завітаў пасля працы да бацькоў, выпіў хатняга лікёру і пастанавіў заначаваць на роднай тахце. У тэлефоне сеў акумулятар, зараднік застаўся ў рэдакцыі. Ну, такой бяды, падумалася яму. Раніцай, выйшаўшы на працу і паставіўшы тэлефон на сілкаванне, ён пабачыў пяць прапушчаных выклікаў і столькі ж непрачытаных смс ад Веранікі. Юрася загрызла сумленне, і ён патэлефанаваў, патлумачыў, што быў у бацькоў.

– А чаму адразу не паведаміў? Я хвалявалася.

Ён пачаў апраўдвацца, ды так нязграбна, што сам адчуў: жонка падазрае яго ў тым, што ён не чыніў. Юрась хуценька вымысліў легенду для шэфа і адпрасіўся з працы. Кінуўся ў краму і набыў парфуму, якой Вераніка даўно прагнула. Дарогаю набыў яшчэ кветак і ўвесь такі галантны з’явіўся на ганку дзіцячага садка, дзе жонка адбывала сваё размеркаванне. Юрась калі-нікалі любіў пацешыць уласны ПУЗ шырокімі жэстамі.

Вераніка акурат піла гарбату з выхавацелькай ясельнай групы, якая толькі што паклала малых спаць. Цяпер выхавацелька давала псіхалагічную падтрымку дыпламаванаму псіхолагу.

– Калі мужык загуляе, ён звычайна пачуваецца вінаватым, – навучала яна Вераніку. – Вось як пачне апраўдвацца, будзе занадта лагодны, тады і хвалюйся. А тут, можа, сапраўды ў бацькоў начаваў, га?

Вераніка спакутавана ўсміхнулася, бо ёй карцела, каб гэтая недалёкая кабета мела рацыю. У гэты момант увайшоў Юрась з ніштаватым венікам ружаў і прэзентам, запакаваным на нейкім там другім паверсе ГУМа. Ён быў вельмі мілы з жонкай і калі сыходзіў, то верыў, што ўсё зрабіў слушна.

– Дакладна загуляў… – рэзюмавала выхавацелька.

Літаратурную творчасць Юрась вырашыў адкласці да лепшых часоў, то бок да перамогі дэмакратыі. Тады ж і прыдумаць фінал. А гераічную Міліцу зрабіць бландзінкай або наагул рудой, як жонка.

Вяртанне Ліліт

Подняться наверх