Читать книгу Вяртанне Ліліт - Юлія Шарова - Страница 26

Частка І. Сукуб
24

Оглавление

Радыкс: Марс у Раку ў квадратуры да стэліума ў Авене (Сонца, Месяц, рэтраградная Венера), Уран у Ільве ў трыне да стэліума ў Авене

Васіль Мікалаевіч Зайчыкаў, начальнік таго самага Упраўлення высокай маралі МУС, неаднойчы наракаў, што ў богам забытай краіне калгаснікаў кепска з прафесіяналамі (то бок з прафесіяналкамі). Ён пабачыў і пакаштаваў шлёндраў цэлымі партыямі і калекцыямі, але не знайшоў таго, чаго хацеў. Ён купляў сабе дзяўчат баскетбольнага росту з плячыма вяслярак, але яны мала чым розніліся з дзяўчатамі гімнастычнага росту з нагамі фігурыстак. У забытай богам краіне дзеўкі былі або млявыя, або фальшыва-жарсныя (а насамрэч таксама млявыя).

Васіля Мікалаевіча ванітавала ад тае адданасці, з якой тутэйшыя прафесіяналкі рабілі сваю справу. Ён не быў пачварай – даваў за паслугі грошы, дапамагаў выцягнуць з-пад следства брата-наркадылера, казаў хлопцам з РАУСаў, каб не чапалі пэўныя адрасы вясёлых кватэр. Але ніводнага разу ён не ажыццявіў сваё сапраўднае жаданне.

«Хачу, каб мяне прынізілі».

І вось ён, начальнік Упраўлення высокай маралі, чакае на таемнай найманай кватэры. Правераны чалавек здымае для яго жытло на содні дзеля пікантных справаў. Правераны чалавек зараз даставіць сюды дзівосную даму… упершыню дзеўку ён называў дамай, хай сабе і не ўголас.

Тэлефонны званок з «Муркай» змусіў Васіля Мікалаевіча здрыгануцца. Той самы Правераны чалавек, які замест вітання адразу прамовіў:

– Мікалаевіч, мы на месцы.

– З-з-запускай… – адказаў Мікалаевіч, у якога раптам пачалася лёгкая паніка. Ён палохаўся гэтай дамы, сваёй госці.

Палкоўнік пайшоў адамкнуць дзверы, каб дама не чакала на сходах і не прыцягвала залішняй увагі суседзяў. Хоць, пэўна, яны даўно ведалі, для якіх патрэбаў тут здаюць кватэру.

Дама ішла няспешнымі крокамі. У што яна апранутая? Ці на ёй батфорты з высокімі абцасамі? Чырвоныя… Не, наўрад ці. Ейны абутак звінеў, як боты жаўнера з ганаровай варты на Дзень незалежнасці. Але яго гэта зусім не расчароўвала: ён досыць нагледзеўся на гламурных шлёндраў – батфорты, скураныя шорты, скураныя станікі, строі паліцыянткі з латэксу. Ніводнага разу ён не заставаўся задаволеным, хоць дзяўчаты і даводзілі яго да, так бы мовіць, фармальнай кульмінацыі.

Дама ўвайшла.

На ёй быў даўгі чорны плашч, расшпілены так, што можна было разгледзець іншыя дэталі ўбрання. Нічога з традыцыйнай атрыбутыкі: белая кашуля, чорныя нагавіцы (ды не скураныя, а самыя звычайныя), чаравікі, сапраўды з адмыслова падбітымі абцасамі. Нагавіцы трымаліся на шлейках. Дама была амаль што без макіяжу, толькі падфарбавала вусны зырка-чырвонай памадай. Гладка зачасаныя цёмныя валасы яна сабрала ў вузел на патыліцы.

Васіль Мікалаевіч не ведаў, як яму паводзіцца: кожны рух, кожнае слова падаваліся яму недарэчнымі і бязглуздымі.

– Ну, і доўга я буду стаяць у вітальні? – суворым тонам запыталася дама.

– П-п-праб-б-бачце… – замітусіўся Мікалаевіч і нязграбнымі жэстамі пачаў паказваць ёй на ўваход у пакой.

Госця даволі рэзкім, але элегантным рухам скінула палітон і швырганула яго Зайчыкаву.

– Але ж і манеры ў цябе… – незадаволена прамовіла яна і пайшла ў пакой. – Кавы хачу.

Зайчыкаў паскакаў на кухню і пачаў завіхацца ля пліты, сілячыся дагадзіць госці. Ніколі ён не варыў каву і не запарваў гарбату абслузе. Але ж яна не абслуга, яна так загадала! І ён варыў тую каву, і стаўляў кубачак на тацу, і сервіраваў як толькі фантазія падказвала.

Дама зірнула на тацу з кубкам кавы і з выразам лёгкай агіды на твары прамовіла:

– Нясі яе прэч, яна смярдзіць паленай кукурузай!

– Так, спадарыня… – само сабой зляцела з вуснаў Зайчыкава, які зусім увайшоў у новую ролю, дзе ад яго патрабавалася адно пакорлівая згода з першым-лепшым капрызам ягонай Спадарыні.

Калі ён вярнуўся ў пакой, то пабачыў Спадарыню ў новым вобразе. Яна стаяла ля акна спінай да яго, аголеная да пояса. З задняй кішэні ейных нагавіцаў вытыркаўся маленькі зграбны бізунок… у Мікалаевіча пачаўся прыступ тахікардыі.

– І… ш-ш-што ц-ц-цяпер, мая Спа-спа-спа-д-д-дарыня?..

– Маўчаць! Тут я задаю пытанні!

– Т-т-так, мая Спа-д-д-дарыня, праб-б-бачце м-м-мне…

Спадарыня прамаўчала і, вытрымаўшы паўзу, прамовіла ціха, але сувора:

– На калені!

– Але…

– На калені!

І ляснула бізунком па падваконні, ды так, што ў Мікалаевіча ў вушах засвістала, быццам побач пранеслася віхура. Калені падагнуліся самі сабой, і ён апусціўся на падлогу. Так і стаяў, укленчыўшы, баючыся ўзняць вочы.

– Паўтарай за мной, – прамаўляла яна, – паўтарай! «Я – Раб…»

– Я – Раб, мая Спадарыня.

– «…я мізэрны, брудны чарвяк…»

– Я мізэрны, брудны чарвяк, мая Спадарыня…

– «…я – чмо балотнае…»

– Я – чмо балотнае, мая Спадарыня…

Госпадзе, скуль яна ведае, што я люблю гэтыя слоўкі, ліхаманкава думаў Раб. На яго накаціла цунамі шалёнага ўзбуджэння, але ён не мог набрацца смеласці, каб паведаміць Спадарыні, што гатовы да нечага большага…

– Раздзявайся… чмо балотнае… – з неапісанай агідай сказала Спадарыня. – І на калені!

Чаго ён не чыніў на загад сваёй строгай Спадарыні! Ён поўзаў чарвяком, хадзіў прыпаўзкам, як той арангутан, бэкаў казлом, скакаў жабай. Калі Спадарыня вызнавала акторскія эцюды непераканаўчымі, на спіну Раба з вясёлым ляскатам апускаўся бізун.

Урэшце яна злітавалася над ім: ён ляжаў на падлозе на спіне і заімглёным позіркам глядзеў, як Спадарыня спускае свае нагавіцы, агаляе хударлявыя клубы… ён бачыў гнуткую спіну і спрытныя рухі клубоў, гэта доўжылася хвіліну-другую – кульмінацыя сталася хуткай. І вось ужо Спадарыня ўздымаецца, надзявае кашулю, зашпільвае на ўсе гузікі, хавае бізунок у кішэню.

– Што я магу для вас зрабіць? – запытаўся Раб, якому ўсё яшчэ не хацелася выходзіць з такой захапляльнай гульні.

– Скажу пазней, – адгукнулася яна з вітальні.

– Грошы?

– Мне патрэбная адна паслуга… пазней пра яе…

– Усё для маёй Спадарыні… – прашаптаў Раб.

Яна прыходзіла на таемныя кватэры яшчэ колькі разоў, і Раб зразумеў, што ягонае жыццё раскалолася на два кавалкі. Ён пазбаўляўся розуму, ператвараўся ў бруднага чарвяка або смярдзючага казла. Але ён не мог жыць без гэтых сустрэчаў, і калі Спадарыня абвяшчала, што яна не ў гуморы і не можа прыехаць, ён гатовы быў назваць які заўгодна кошт.

Урэшце яна сказала:

– Ёсць тут адзін перац… ахамелы зусім. Трэба неяк яго закрыць на пару гадкоў.

– Будзе зроблена, мая Спадарыня, – адказаў надрэсіраваны Раб.

У тое спатканне яна асабліва жорстка лупцавала яго бізуном і змушала самога сябе абмаўляць бруднымі словамі. А ён паслухмяна выконваў усе загады сваёй Спадарыні.

Вяртанне Ліліт

Подняться наверх