Читать книгу Вяртанне Ліліт - Юлія Шарова - Страница 34

Частка І. Сукуб
32

Оглавление

Натальны асцэндэнт у 8 доме саляра, салярны Месяц у Скарпіёне, натальныя Меркурый, Венера і Плутон у салярным 8 доме, салярныя Венера (рэтра) і Марс у салярным 8 доме

Маскоўскія сябры даволі хутка ўзялі след, таму варта было прыспешваць працэсы, каб не зацягваць чаканне. Мілана мусіць знікнуць, а замест яе на сцэну выйдзе зусім іншая асоба. Але спачатку трэба падчысціць канцы – намовіць Раба на начное спатканне.

Зайчыкаў быў гатовы служыць ёй ва ўсім, але рабіўся ўпарты, калі заходзіла пра час і месца сустрэчы. Раб сам абіраў тэрыторыю і час, прычым свае рабскія справы ён рабіў у абедзенны перапынак або прыдумляў нейкія неадкладныя нарады ды інспекцыі пасярод дня, а сам ехаў пакаштаваць звонкага бізуна Спадарыні. Як быццам адчуваў, што ўначы можа здарыцца нешта некантраляванае.

Мілана пачала яго шантажаваць: паведаміла, што больш ніколі не прыйдзе. Ён не мог доўга пярэчыць сваёй Спадарыні і ў выніку ўсё спланаваў так, каб вызваліць сабе ноч.

Спадарыня гэтым разам затрымлівалася. Зайчыкаў пачаў турбавацца: Міланін тэлефон маўчаў. Толькі блізу першай задзынкаў дамафон, і Раб нарэшце пачуў у слухаўцы ейны голас.

– Адчыняй!

Сёння яна была апранутая вельмі звычайна і нават не ўзяла бізун. Паводзілася не як строгая Спадарыня, а як нахабная дзеўка, што занадта шмат сабе дазваляе. Гэта было парушэнне правілаў гульні, і Раб пачаў ператварацца ў Васіля Мікалаевіча Зайчыкава. О, ён умее матыліцу з галавы выганяць!

– Загадаю, каб цябе ў лесе адымелі дзесяць дзецюкоў, а потым, калі выжывеш, прыстрэлілі і ў тым лесе закапалі.

– Ты ведаеш, варыянт! – амаль са смехам прамовіла дзеўка, і Васіль Мікалаевіч паглядзеў са здзіўленнем. – Я акурат думаю, як гэта ўсё зладзіць… ты ж дамовіўся наконт пашпарта для маёй сястры, так?

– Хрэн табе ў вочы, а не пашпарт! – раззлаваўся начальнік Упраўлення высокай маралі. – Мала таго што выцягваеш мяне на спатканне ўночы, потым спазняешся, дык яшчэ і хаміш.

– Ды я ведаю, што дамовіўся. І да каго ісці, ведаю. Раб…

Тут Васіль Мікалаевіч не вытрываў і з усяго размаху выцяў дзяўчыну па твары. З прыгожага носіка пабег маленькі струменьчык крыві.

– Дарма ты так. Але ўсё адно для цябе гэтая прыгода павінная была кепска скончыцца, – прашаптала яна і паднесла раскрытую далонь да ягонага ілба.

Васілю Мікалаевічу раптам зрабілася горача, затым – млосна. Перад вачыма паляцелі залатыя мухі і паплылі хвалі. Ён паваліўся на падлогу і пачаў качацца, схапіўшыся за галаву, у якой быццам пасяліўся шалёны бубнач. А тая паскудніца бярэ ягоны тэлефон і нешта ў ім шукае. А цяпер яна адчыняе акно, залазіць на падваконне і… Не, яна не скочыла долу – у яе раптам выраслі магутныя чорныя крылы, твар змяніўся ў агідную пыску кажана, а маленькія вочкі засвяціліся чырвоным.

– Бывай, чмо балотнае! – прапішчэў кажан і мярзотна зарагатаў.

Затым пачвара ўзмахнула крыламі, зрабіла кола гонару па пакоі, пабіўшы жырандолю, і вылецела з кватэры на вуліцу. Ашалелага Васіля Мікалаевіча трэсла ліхаманка. Ён думаў, што сэрца зараз спыніцца. Ледзь дацягнуўшыся да століка, ён схапіў тэлефон. Але ў спісе кантактаў было пуста! Журнал тэлефанаванняў таксама быў вычышчаны!

Ён не ведаў, каму тэлефанаваць, бо не памятаў нават нумара ўласнай жонкі. Васіль Мікалаевіч ужо не быў упэўнены, што праз нумар 102 выклікаюць міліцыю, а не хуткую. Страх і паніка замяніліся разгубленасцю, а разгубленасць – незразумелай тугой. Ён залез з нагамі на ложак і скурчыўся ў позе эмбрыёна. Так ён і праляжаў да раніцы, пакуль не пачуў звон мабілкі. Гэта быў Правераны чалавек, але Васіль Мікалаевіч забыў ягонае імя. Няшчасны начальнік Упраўлення панёс нейкую лухту пра страшнага кажана, які будзе чакаць яго на дварэ. Потым пачаў прасіць, каб яму падрыхтавалі вольную камеру ў СІЗА КДБ, бо толькі там кажан яго не дастане.

Занепакоены Правераны чалавек прыляцеў на кватэру, у якой учора ўвечары пакінуў Мікалаевіча ў добрым здароўі і цвярозым розуме. Пабачыў шэфа і пачаў вагацца, ці не выклікаць яму псіхіятрычную брыгаду хуткай. Потым падумаў, што перадаваць палкоўніка ў рукі санітараў, ды яшчэ на чужой кватэры, будзе неасцярожна. Згроб Мікалаевіча ў ахапку і папёр на вуліцу. Той працягваў трызніць пра страшныя чырвоныя вочы кажана. Калі ж Правераны чалавек урэшце загрузіў яго ў машыну, Мікалаевіч ціхенька загугнявіў:

– Я – Раб, я – брудны чарвяк, я – чмо балотнае…

Вяртанне Ліліт

Подняться наверх