Читать книгу Вяртанне Ліліт - Юлія Шарова - Страница 35
Частка І. Сукуб
33
ОглавлениеТранзіт Сатурна праз натальнае Сонца
Пераканаць Таню, каб прыняла даверанасць на кватэру, было досыць лёгка. І перадаць ёй ключы, каб хадзіла карміць Мурмура, – таксама нескладана. Мілана змушана імправізавала, бо ведала, што лік ідзе на дні.
Паводле легенды яна ехала за мяжу на дужа выгадную працу і чакала візы. Гэтую легенду яна пасля будзе так ці іначай падтрымліваць (мае адзін безаватарны акаўнт у сацыяльных сетках). З яго яна будзе пісаць Тані рукамі іншай носьбіткі, бо знікнуць назаўжды – гэта падазрона. Далей трэба зняць з рахунку ўсе грошы і перахаваць іх у зацішным месцы: яно знайшлося ў лесе непадалёк ад лецішчаў на аршанскім кірунку чыгункі.
Затым яна мусіла павыганяць з новае кватэры будаўнікоў, нават калі яны не паспелі нечага дарабіць. Брыгадзе яна заплаціла наперад і мовіла «да пабачэння». Будаўнікі тое ўпадабалі.
Мурмур трывожыўся, бо разумеў, што з сяброўкай адбываецца нядобрае. Мілана загадзя перавезла яго на новую кватэру і дзеля супакаення фамільяра пераначавала там, а потым вярнулася ў Дом-ля-стэлы.
З Таняй яна развіталася, калі зразумела, што выканаўцы ўжо ў Мінску і шукаюць яе. Цяпер яны не пакінуць цела і зробяць так, каб не засталося ніякіх слядоў. Гэта добра.
Кожны дзень можа стацца апошнім. Кожная гадзіна можа стацца апошняй.
Чаканне лёгка было б параўнаць з камерай смяротнікаў, але для Міланы яно болей выглядала на непрыемную аперацыю, праз якую абавязкова трэба праходзіць з той ці іншай перыядычнасцю. Толькі тут дакладна запланаванага часу няма.
Кватэрнай гаспадыні Мілана заплаціла яшчэ на год наперад, і тады на сцэне з’явіўся Лукаш пад выглядам стрыечнага брата, ціхамірнага хлопчыка без шкодных звычак (так, ён не курыў). Маўляў, Мілана з’язджае на год за мяжу, а пакуль у кватэры пажыве сваяк-студэнт. Прыстойны выгляд хлопца і крыху наслання – і кватэрная гаспадыня пагадзілася.
– Можаш прыняць гэта як падзяку за вылекаваную шыю. Я некалькі тыдняў жыла без болю, – сказала Мілана свайму прыяцелю, калі той запярэчыў, што не можа аддаць ёй грошы за кватэру.
Каб пазбавіцца наструненасці, яна гуляла па крамах з вопраткай і мерала ўсё, што бачыла, не збіраючыся нічога набываць. Навошта, калі ты не ведаеш, у якім целе вернешся на зямлю?
Месяц рос, і да поўні заставалася колькі дзён.