Читать книгу Вяртанне Ліліт - Юлія Шарова - Страница 25

Частка І. Сукуб
23

Оглавление

Транзіты: рэтраградны Меркурый у шахце, Месяц без курсу; пятнаццатыя месяцовыя содні

Жнівень таго года выдарыўся нямёртвым сезонам для беларускіх журналістаў: можна было пісаць не толькі пра тапельцаў і атручэнні грыбамі, але і пра тое, як тузін кандыдатаў у прэзідэнты намагаецца спадабацца народу. Палітык АА ездзіў па ўсёй Беларусі ў таварыстве ўлюбёнага сабакі і вялікай групы падтрымкі. Палітык ББ хадзіў мінскай Камароўкаю і запэўніваў мінакоў, што калі за яго не прагаласуюць, на Зямлю спусціцца касмічны карабель іншапланетных прыхадняў. Палітык ВВ абяцаў прыватнаму бізнесу такія ўмовы, якіх няма нават у афшорных зонах. Палітык ГГ прысягаў не чапаць расейскамоўных, калі ён прыйдзе да ўлады і зробіць адзінай дзяржаўнай мовай беларускую, а ў школе дзеці пачнуць вывучаць тарашкевіцу. Палітык ДД… ды якая розніца, што там абяцаў палітык ДД, усё адно ён бы не выканаў сваіх абяцанняў.

Юрась Карповіч прызвычаіўся штодня цягацца за кандыдатамі ў прэзідэнты, якія ехалі па гарадах і вёсках, каб з цэлым народам гутарку весці. Калі аднойчы яму далі іншае заданне, спецыяльны карэспандэнт «Нашай Нядолі» нежартоўна абурыўся: прэсавая канферэнцыя ў МУС. «Упраўленне высокай маралі аб выніках працы за сем месяцаў бягучага года».

– Гэта не мая тэма!

– Мне болей няма каго паслаць! – ці то загадваў, ці то апраўдваўся галоўны рэдактар. – Адзін на пікеце ў АА, бярэ інтэрв’ю ў рок-музыкаў з групы падтрымкі. Другая на брыфінгу ў МЗС, трэці…

Зразумеўшы, што шэф гэтым разам сапраўды ад яго залежыць, Юрась яшчэ крыху паламаўся, а потым сказаў:

– Добра, злётаю туды. Я з мянтамі сябрую.

Праз гадзіну ён ужо шукаў дзе прыткнуцца на Інтэрнацыянальнай з боку Гарадскога Вала. Пакінуўшы машыну ў надзейным месцы, ён сунуўся пехатою да патрэбнага ганка. Часу было процьма: Юрась нават паспеў падыхаць тытунём за кампанію з калегамі, але раптам…

Тая самая. Вельмі прыгожая. Там, у залеву на трасе…

Дзяўчына ішла вуліцай, не раўнуючы каралева. Юрась імгненна забыўся і на МУС, і на прэсавую канферэнцыю, і на свой жанаты стан. Вось ён дагнаў яе і схапіў за руку. Яна глядзела на яго здзіўлена, але ні ценю страху на ейным абліччы не было.

Якія ў яе дзівосныя зялёныя вочы!

– Ратуйце! Рабуюць! Рату-у-уйце!

Гэты крык ледзь не парваў яму бубенныя перапонкі. Журналіст «Нашай Нядолі» на вачах у дзясятка калегаў і некалькіх міліцыянтаў хапаў за рукі жанчыну гадоў сямідзесяці, а яна трымалася за сваю торбу і раўла рыхтык сірэна рэанімабіля.

– Выбачайце… – прамармытаў Юрась і адпусціў жанчыну.

Галава забалела як у тую ноч, а можа, нават мацней. На вялікае шчасце, жанчына ўцякла прэч адразу, а ў міліцыянтаў не спрацаваў рэфлекс кайданкоў. Журналісты таксама стаялі агаломшаныя і не задавалі пытанняў пры ўсёй сваёй прафесійнай цікаўнасці.

Калі ўся група запрошаных карэспандэнтаў сабралася, дзяжурны міліцыянт правёў іх у патрэбны пакой на другім паверсе і запрасіў займаць месцы пры круглым стале. Юрась машынальна дастаў з заплечніка дыктафон і нататнік з асадкай. Усе нарыхтаваныя пытанні выпетрыліся з галавы. Пасля інцыдэнту ля пад’езда МУС яму ўжо не хацелася вытыркацца, таму калі прыйшоў выступоўца, журналіст проста падсунуў дыктафон бліжэй да «гаварушчай галавы» і пачаў занатоўваць прамоўленае на паперы. Рукі яго не слухаліся, і таму Юрась неўзабаве кінуў канспектаванне.

Таўсматы маленькі дзядзечка ў пагонах, начальнік Упраўлення высокай маралі МУС Рэспублікі Беларусь, нешта забубнеў: колькі танцорак, афіцыянтак і прадавачак вопраткі ў дарагіх буціках не даехала да Бахрэйна, Кіпра і Турцыі. Журналісты пыталіся наконт легалізацыі прастытуцыі ў Беларусі. Дзядзечка адказваў, што такая прафесія супярэчыць самому духу беларускага народа, таму ліха трэба выкараняць.

– Асабіста я рашуча супраць легалізацыі і зраблю ўсё, каб гэтае пытанне нават не абмяркоўвалася! – паабяцаў дзядзечка.

Прэсавая канферэнцыя скончылася даволі хутка. Юрась сабраў свае рэчы і пашкандыбаў да выхаду. Ужо сеўшы ў машыну, ён захацеў спраўдзіць дыктафонны запіс.

Там было чыста – ніводная рэпліка не захавалася.

Вяртанне Ліліт

Подняться наверх