Читать книгу Вяртанне Ліліт - Юлія Шарова - Страница 38

Частка ІІ. Чорны Месяц

Оглавление

1

Радыкс: Сонца ў 2 градусе Шаляў, Месяц у 12 градусе Вадаліва, асцэндэнт у 29 градусе Панны

Глухая вёска на ўкраінскім Палессі – там засталося колькі дзясяткаў жыхароў. На ўскрайку вёскі жыве немаладая кабеціна разам са сваёй таксама ўжо не юнай дачкой. Дачка Варвара самотная – ніколі не была замужам і не мела дзяцей. Маці гадоў колькі таму казала: плюнь, доча, на ўсе размовы, ад каго хочаш, але нарадзі (а калі дачка была маладой, то крычала іншае: «Заб’ю, калі прынясеш байструка»).

Насіць пазнавата – Варвары ідзе сорак пяты год, дый няма ад каго: наймаладзейшы з тутэйшых кавалераў – дзядзька Іван, яму за шэсцьдзесят, ён цалкам бяззубы і лысы. Астатнія дажываюць свой век. Маладыя паўцякалі ў Чарнігаў ці яшчэ куды.

Варвара нікуды не з’ехала. Яна захавала дзявочы свой гонар, а цяпер лекар ёй сказаў: калі б нарадзіла ў свой час, магло б абысціся.

Другая ступень раку. Лекар выпісвае накіраванне ў абласную і кажа, што трэба тэрмінова здаваць аналізы і рабіць аперацыю, пакуль яшчэ ёсць нейкі шанец. Будзе хімія і пакутлівы курс лекавання без гарантыі. Варвара пра гэта ведае, бо некаторыя аднавяскоўцы спачатку вось так паехалі ў горад на аперацыю, а потым вярнуліся дадому і некалькі тыдняў скавыталі ад болю на ўсю вёску, пакуль не адышлі.

Варвара не паедзе ў Чарнігаў, а пойдзе ў аптэку і набудзе бутэлечку карвалолу. Будзе зусім не балюча.

Сёння Ёль з ягоным найкарацейшым днём і найдаўжэйшай ноччу. Спаць у вёсцы кладуцца рана, асабліва ўзімку. Варвара чакае, пакуль маці пачне храпці. Пасля гэтага вылівае ў шклянку з вадой цэлую бутэлечку, дадае цукру, каб збіць пранізлівую горыч, і нагбом выпівае. Ідзе ў ложак, і даволі хутка яе пачынае хіліць да сну. Інстынкт самазахавання па-здрадніцку б’е трывогу: ужо ў сне яна падскоквае з ложка, у сне будзіць маці, а тая таксама ў сне выбягае з хаты і крычыць: «Ратуйце, ратуйце!»

Вяртанне Ліліт

Подняться наверх