Читать книгу Вяртанне Ліліт - Юлія Шарова - Страница 30

Частка І. Сукуб
28

Оглавление

Транзіты: Сатурн у 12 доме на шляху да злучэння з натальным Сонцам, Юпітэр і Уран у злучэнні з натальным Месяцам

Рамонт у новай Міланінай кватэры ішоў поўным ходам, і яна знаходзілася ўжо ў той шчаслівай ягонай стадыі, калі можна гадзінамі гуляць па мэблевых крамах і прыглядаць сабе канапу і мяккія фатэлі, бо ўсе матэрыялы даўно набытыя і трэба толькі прыспешваць брыгаду будаўнікоў. Думка пра пераезд, які мусіў адбыцца пад Новы год, сагравала Мілану ва ўсіх сэнсах, бо арандаваная кватэра была халодная і непрыдатная для камфортнага існавання.

Яна так засяродзілася на сваёй падрыхтоўцы да новага жыцця, што не звярнула ўвагі на змену ў паводзінах Мурмура. Кот пачаў неспакойна бегаць па кватэры, быццам яго нехта палохаў.

– Што здарылася? – запытала яна свайго кампаньёна.

Мурмур сарваўся з месца, з разбегу заскочыў на зачыненую фортку на акне і павіс кіпцюрамі на драўлянай раме.

– Оўўўў… оўўўў… – праскавытаў звер.

Мілана зняла яго з форткі, узяла на рукі і прыціснула да сябе. Звыклага ціхмянага вуркатання не было.

«Будзе вельмі дарэчы, калі вашэця скарыстаецца сваім дарам празорлівасці! – урэшце пачула Мілана. – Адбываецца нешта фатальнае для вашэці!»

Трэба супакоіцца, сесці і засяродзіцца. Фамільяры проста так не трывожацца.

Калі прычына стала яснай, Мілана парывіста ўстала з фатэля і пачала шнураваць па пакоі.

Ідыётка.

Кватэру набыла. Загнездавалася.

Той дурненькі з казіно, на якога яна навяла насланнё, атрымаў невялікі тэрмін за хуліганства, а затым яго перадалі ў Расею. Там ён выйшаў на волю і загаманіў… Сустрэўся са сваім апекуном па бізнесе і сярод іншага згадаў пра «ісаеўскую бабу» з Мінска. Шэф не ўзяў пад увагу словы пратэжэ.

Пакуль два дні таму не знайшлі цела Ісаева. Аднаго Ісаева. Без дзеўкі.

Яе будуць шукаць. Торбу з дакументамі яны выкінулі – тое добра. Яна прыкметная, а Мінск – невялікі горад, тое дрэнна. Зрэшты, маскоўская мафія сярэдняга звяна не настолькі ўсёмагутная, каб лёгка і танна купіць у Мінску ўсю патрэбную інфармацыю, а Мілана неўзабаве памяняе жытло і не стане вытыркацца.

Але ёй патрэбны быў план В, і яна прыдумала той план дужа хутка.

– Стрыечнай сястры патрэбны пашпарт, – абвясціла Мілана свайму Рабу падчас наступнай сустрэчы. – Складаная жыццёвая сітуацыя, разумееш? Доўга бадзялася за мяжой, а цяпер хоча вярнуцца і пажыць спакойна.

– Будзе зроблена, мая Спадарыня, – адказаў Раб.

У кастрычніку шарэла ўжо рана. Яна ўзяла палітон і пайшла прэч з таемнай кватэры. Ціхі цэнтр за філармоніяй. Інтэлігентныя кварталы. Шоргат лісця пад нагамі і невялічкі дождж. Яна надумала ісці пешшу, бо хада супакойвала.

Мілана выйшла дварамі на праспект да філармоніі, побач з якой людзі збіраліся на нейкі канцэрт, а затым рушыла ў бок Кастрычніцкай. Дарогаю, на Круглай плошчы, збочыла ў парк і доўга хадзіла ягонымі сцежкамі, падкідвала нагамі лісце, занураючыся ў яго сваім спецабуткам Спадарыні. Потым стаяла ля ракі і глядзела на адлюстраванне вечаровай ілюмінацыі ў вадзе.

Кастрычніцка-лістападаўскі Мінск быў на свой лад цёплы і ўтульны, як у ніводную іншую пару года, таму пакідаць яго не хацелася.

Трэба вырашаць праблемы згодна з іхным з’яўленнем. А пакуль час на вячэру. То бок на сілкаванне.

Вяртанне Ліліт

Подняться наверх