Читать книгу Вяртанне Ліліт - Юлія Шарова - Страница 28

Частка І. Сукуб
26

Оглавление

Прагрэсіі: Месяц у 12 доме, у Ільве

Калі вы хочаце атрымаць уяўленне пра пекла на зямлі, зазірніце ў ясельную групу садочка недзе ў першыя дні верасня. Там вы пабачыце паўтара дзясятка двухгодак, якія нон-стоп крычаць, плачуць, лезуць куды не трэба, падаюць і набіваюць сабе гузакі. Утаймаваць гармідар намагаюцца некалькі дарослых – выхавацелька, нянечка, а таксама ўсе, хто цяпер вольны, каб пагрымець бразготкамі, памыць новую партыю брудных гаршчкоў і распрануць малых на сон.

Псіхолаг аўтаматам трапляе ў гэтую каманду хуткага рэагавання. Вераніка лётае то з гаршчком, то з рондалем супу, то з абсіканымі майткамі, не ведаючы, ля якой з шафаў іх пакінуць. І шапоча: «Ненавіджу, ненавіджу, ненавіджу».

Пераразмеркавалі яе ў адзін з мінскіх садочкаў, і вось ужо амаль два месяцы, як Вераніка штораніцы выходзіць з дому і просіць справядлівы сусвет паслаць ёй застуду з тэмпературай хоць бы 37,2, каб толькі на тыдзень адпачыць ад пекла.

«Ненавіджу», – шапоча яна, сядаючы ў тралейбус, які вязе яе ад «Інстытута культуры» да чорта на рогі ў Курасоўшчыну.

Курасоўшчына апаноўвае адразу, яшчэ да прыходу ў садочак. Тут суцэльнае адчуванне вёскі: дзядзька выгульвае сабаку і не адклікае яго, калі той кідаецца з абдымкамі і пацалункамі да выпадковых мінакоў. Вераніка ненавідзіць сабак.

Купкі цалкам сабе вясковых кабетаў з прыродным беларускім вымаўленнем сакавітай трасянкаю абмяркоўваюць цэны ў «Еўраопце». На рынку, што побач з лякарняй, тыя самыя цёткі набываюць сабе сукенкі «на выхад».

Ейныя новыя калегі абмяркоўваюць моду з рынку. Тут ужо ў трыццаць гадоў прынята лічыць, колькі табе засталося да пенсіі, бо ў гэтым веку ўсе мэты дасягнутыя і няма пра што марыць: ёсць і муж, і дзеці, і грады ў вёсцы, і пяць кіляў сала на таліі, якія вывальваюцца з джынсаў.

Джынсы, вядома ж, набытыя на тым самым рынку.

Калі Вераніка ідзе вуліцай на прыпынак, ёй падаецца, што ўсе азіраюцца – нетутэйшая. Яна вучыцца імкліва прамінаць тыя паўкіламетра. Палову дарогі да «Інстытута культуры» яна наструненая, рыхтык каралеўна, што ўцякае з зачараванага лесу, і толькі калі тралейбус спыняецца на Караткевіча, Вераніка выдыхае: зноў у горадзе.

Яна ўжо мае мужа, і калегі ледзь не з першага дня даймаюць пытаннямі пра дэкрэт.

«Ненавіджу, ненавіджу, ненавіджу».

Рома і Наста не ўмеюць размаўляць. Рома б’ецца галавой аб сценку, а Наста кідае цацкі.

– Вы псіхолаг, зрабіце што-небудзь! – кажа ёй начальніца, калі Вераніка зноў шукае магчымасці не заставацца сам-насам з Ромам ці Настай, а бяжыць мыць посуд. – Як так можна, вы ж прыйшлі да дзяцей! Вы жанчына!

«Я не прасілася да дзяцей, мяне змусілі з імі працаваць. Ненавіджу, ненавіджу, ненавіджу».

У трынаццаць гадоў Вераніка марыла, што ў ейным целе здарыцца нейкі зрух, праз які перастануць ісці месячныя. І толькі ў дваццаць тры яна зразумела, скуль у яе такая фантазія.

Яна не любіла дзяцей і адчувала да іх нешта блізкае да агіды. Думка, занураная глыбока ў падсвядомасць, цяпер выйшла вонкі, не раўнуючы джын з лямпы.

– Супакойся, гэта ўсяго толькі на два гады, – спрабаваў яе суцешыць муж – ды ішоў пісаць свой вар’яцкі раман.

Калі-нікалі ён кажа, што хоча дзяцей. А маці і свякруха кажуць, што хочуць унукаў.

А яна нікому не хоча нараджаць ні дзяцей, ні ўнукаў. Яна часта разглядае сваё цела, якое ўважае за малапрывабнае, і не можа ўявіць, што ў ім паселіцца нейкі чарвячок і будзе выцягваць з яе сокі, пакуль не вырасце. А потым гэтае нешта палезе з яе, раздзіраючы ў кроў скуру і цягліцы.

Вераніка не ведала, з кім можна паразмаўляць пра сваю нянавісць да дзяцей, да прымусовай працы, накінутай ажно на два гады, і да мужа з ягоным раманам пра Уладара.

Увечары яна марыла прачнуцца з высокай тэмпературай. А раніцай градуснік зноў паказваў 36,6.

Вяртанне Ліліт

Подняться наверх