Читать книгу Вяртанне Ліліт - Юлія Шарова - Страница 27

Частка І. Сукуб
25

Оглавление

Радыкс: Ліліт у 1 доме на асцэндэнце, Сатурн у 7 доме на дэсцэндэнце, Нептун у 12 доме

Мужчыны рэдка бываюць святымі, а вось дэманаў сярод іх процьма – гэта Ліліт ведала ад моманту стварэння Сусвету. У Д’ябла ёсць нямала служак, а праз тое, што ніякага кодэксу гонару ён не мае, то і служкі ягоныя перыядычна ачмурваюць гаспадара. Рана ці позна Д’ябал пра гэта даведваецца і тады карае здрадніка – праганяе яго на зямлю, да людзей.

Трапляючы ў высланне, дэманы апаноўваюць хлопчыкаў і мужчын ды існуюць у іхных целах, пакуль жыве носьбіт. Па смерці носьбіта дэман вяртаецца ў Апраметную, прыхапіўшы з сабой душу мужчыны.

Адрозна ад Ліліт, якая займала целы, пакінутыя неўміручымі душамі, і захоўвала свае звышздольнасці, дэманы ў целе свайго носьбіта былі не здольныя ні на якія дзівосы. Адзінае, чым яны могуць надзяляць носьбітаў, – бязмежная любоў да сябе і перакананасць, што ўвесь свет павінны круціцца вакол іх. Нечуванае нахабства мацнейшае за чары.

Носьбіт не ведае, што ім кіруе дэман. Часам душа носьбіта выяўляецца занадта моцнай, і тады дэман змушаны пакінуць гэтае цела. Такі сцэнар для дэманаў непрымальны, бо па вяртанні ў пекла яны назаўсёды робяцца чэляддзю Апраметнай.

На зямлі звычайныя дэманы не маглі яе адчуваць, але яна не сумнявалася, што Мамон яе знойдзе, як і паабяцаў вуснамі носьбіта. Так і атрымалася.

Стась аб’явіўся недзе праз тыдзень. Калі дзяўчына была ў «Кароне», то ёсць імавернасць, што яна там з’явіцца яшчэ. Калі ты маеш грошы, ты заўсёды пасябруеш з аховай, якая паводле запісаў з камераў адсочыць пакупніцу з такім кідкім выглядам і спавясціць пра гэта замоўцу. Калі твой офіс за пару крокаў ад «Кароны», ты падскочыш туды.

Ён быў перакананы, што грошы вырашаюць усё. У яго так найчасцей і адбывалася. І яшчэ ён адразу запаўняў сабой усю прастору. Як і тады, колькі тысяч гадоў таму, Мілана адчувала нябачную руку ў сябе на горле, калі бачыла Стася.

Ён штодня дасылаў сваёй спадабанцы ружы з абцятымі шыпамі. Дакранаючыся да іх, Мілана адчувала боль, быццам ейныя пальцы наскрозь працінала голкамі.

Праз Мамона яна і парвала з Апраметнай, бо там была ўмова: знайсці сабе ўладара і скарыцца яму. Бо не можа жанчына існаваць без мужчыны, а мужчына не можа стаяць ніжэй за яе. Усё як у Бога.

Мамон і дапамог выкрасці яе дзеля падпісання тае ўгоды.

Мілана ўцякала са спатканняў адразу пасля любошчаў, якія падаваліся горшымі за катаванні. Мамон-Стась умеў абслініць словам і абсмактаць позіркам. Шторазу яна ішла да яго, як на ламанне колам.

Калі ад яго не пазбавіцца, ён сам не адчэпіцца.

Стась быў апантаны досыць дарослым, і ягоная душа не сталася кволай, іначай да яго не прычапіўся б такі магутны дэман, якім быў Мамон. Мілана магла праглядаць і носьбіта, таму яна бачыла нейкую дзяўчыну, крыху, можа быць, падобную да яе рысамі твару. Потым бачыла вусцішную аўтакатастрофу, пасля якой хлопца збіралі па кавалках у лякарні. І вось тут яго і падлавіў ліхі дух.

Напачатку ён схіліў носьбіта да думкі, што дзяўчына не прыме яго такім, потым – што яна яму здраджвае, потым была яшчэ нейкая лухта, якую мог нашаптаць дэман.

Цяпер яна адна. То бок пры ёй дзіця ад іншага мужчыны, за якім яна нейкі час была замужам. Яна згадвае Стася, а Стась згадвае яе, але нічога не можа з сабой зрабіць, бо ім кіруе Мамон. Жанчыны ў яго замест наркотыкаў.

«Дарэчы… Дужа светлая думка, – згадзіўся аднойчы Мурмур, добра знаёмы з парадкамі ў Апраметнай. – Наркотыкі…»

Аднаго вераснёўскага вечара яна сядзела ў машыне Стася на пярэднім сядзенні. Ён вёз сваю дзяўчыну дадому і дарогаю вырашыў заехаць на запраўку, хоць і меў паўбака бензіну.

Як толькі Стась выйшаў з машыны, каб заправіць бак, Мілана хутка дастала з торбачкі мяшэчак з белым рэчывам і кінула яго ў бардачок. Прыхавала за паперамі, пачкам цыгарэт і прэзерватывамі.

Раб казаў, што гэтага хопіць на пяць гадоў калоніі.

Урэшце Стась вярнуўся ў машыну і сеў за стырно. Палез у бардачок… дастаў цыгарэты.

Праз пятнаццаць хвілінаў яна выйшла ля свайго пад’езда і скінула смс на патрэбны нумар: «Ён гатовы».

Яшчэ праз дваццаць хвілінаў Стась ляжаў тварам на капоце свайго «лексуса», а двое дужых амапаўцаў чаплялі на яго кайданкі. Адмыслова навучаны сабака ўзвіўся і кінуўся з гучным брэхам да машыны, замалаціў лапай па бардачку і пачаў тыцкацца ў яго пысай.

– О… Багатая здабыча! – толькі і сказаў адзін з аператыўнікаў.

Стась няхутка выйдзе на волю. Для моцнай душы вязніца – як цяжкі вірус для цела: калі перахварэеш, то станешся яшчэ мацнейшым. Гарантыяў няма, але спадзеў застаецца.

Вяртанне Ліліт

Подняться наверх