Читать книгу Вяртанне Ліліт - Юлія Шарова - Страница 31

Частка І. Сукуб
29

Оглавление

Абудзі ў сабе Багіню (Блог Галі Плавінскай)

Вы думаеце, гэта вельмі лёгка – быць блогерам? Мала хто разумее, як шмат мне даводзіцца працаваць. Блогеру трэба рана прачнуцца, недзе а дзявятай. Мой мужчына ўжо на працы, таму снедаю я асобна. Я іду на кухню, стаўляю імбрык і раблю сабе каву. Пакуль яна запарваецца ў маім улюбёным кубку, выштукаваным сяброўкай, майстрыхай Мар’янай, я хуценька бягу ў душ.

Найсмачнейшая ў свеце кава з набытым учора круасанам – што можа быць лепшым! Я смакую боскі напой, седзячы пры французскім акне ў нашай гасцёўні, і гляджу на велічныя і адначасова ўтульныя сталінкі нашага квартала. Мне добра ў фатэлі пад пледам, але разнявольвацца нельга, бо мяне чакаюць справы.

Напачатку я павінная адведаць свайго асабістага майстра па манікюры. Пасля – перакусіць у кавярні ў Верхнім горадзе. Затым у мяне падзея, пра якую я буду пісаць у сваім блогу, – мяне запрасілі на адкрыццё прыватнай цукерні. Адтуль я сыходжу ў гуморы і з пакецікам эклераў, якімі выдатна пад’ем. Тады ў мяне вечарына ў Культавай Кнігарні, праўдзівей кажучы, вечарына не ў мяне, а ў найлепшай беларускай пісьменніцы – пра гэта таксама пазней у маім блогу.

Пасля вечарыны я вяртаюся дадому, дзе мяне ўжо чакае мой мужчына. Я буду валіцца з ног, але стану ля пліты і звару для яго сапраўдную італьянскую пасту (прынесла пачак з рэстарацыі, куды хадзіла на прэзентацыю). Абавязкова дадам туды кетчуп. Памятаеце, я хадзіла на прэзентацыю новага кетчупу вытворчасці фабрыкі «Бальшавіцкая слава»? Дык вось, яны даслалі мне цэлую скрыню з прадукцыяй іхнага новага брэнду Italiano vero.

Перад сном я выкраю гадзінку на працу над сваім блогам, пасля чаго ўрэшце ўпаду ў ложак і засну.

Посуд я памыю заўтра. Галаву таксама.

Вяртанне Ліліт

Подняться наверх