Читать книгу Вяртанне Ліліт - Юлія Шарова - Страница 16

Частка І. Сукуб
14

Оглавление

Сінастрыя: Сатурн мужчыны ў апазіцыі да Сонца жанчыны, квадрат Сонцаў, рэтра-Венера мужчыны ў сэкстылі да рэтра-Венеры жанчыны

Пакуль Мілана рыхтавалася да значнай для сябе ночы, Таня сядзела дома пры сваім старэнькім камп’ютары і душылася плачам. Дзяніс посціў у «Аднакласніках» фоткі з адпачынку, дзе ён быў у кампаніі нейкай двухметровай кабеціны гадоў пад сорак.

А раней казаў, што любіць маладых і крамяных, каб маленькія рукі і ступакі.

Тані было дваццаць пяць і яна насіла трыццаць шосты памер абутку. «А калі б трыццаць чацвёрты, было б наагул крута», – сказаў ёй аднойчы Дзяніс.

І вось ён жмякае арыйскага выгляду бландзінку з магутнымі плячыма і зусім не Папялушку.

За сценкай мама зарыпела старой тахтой. Таня куляй паляцела ў лазенку, каб толькі не распачаліся допыты наконт прычыны слёз. Мама ўмее выбіваць праўду, а Тані ні ў якім разе нельга прызнавацца, што Дзяніс ніколі не заходзіў далей за флірт і ў якасці зяця ў іхную хату не прыйдзе – гэта ўжо напэўна.

Такая раптоўная думка выглядала жудаснай, і Таня схаладзела ад таго, што ці не ўпершыню сказала праўду самой сабе. У лазенцы яна ўмылася і, крадучыся, выйшла на гаўбец. Мама ўключыла свой улюбёны серыял, а значыць на найбліжэйшыя хвілінаў дзесяць, да рэкламнай паўзы, зрабілася бясшкоднай. Дзяўчына схапілася за тэлефон і знайшла ў кантактах нумар Міланы. Ёй тэрмінова трэба паваражыць на Дзяніса і двухметровую кабеціну (карова каровай!), але Мілана недасяжная.

Таня дасылала смс, але Мілана не адказвала. Праз паўгадзіны тое самае. І праз гадзіну.

Папяровы Райдэр – Уэйт здзекаваўся з Тані з асаблівым цынізмам, выдаючы то Блазна, то Суд. Яна ведала, што ў яе з Дзянісам кармічна абцяжараныя стасункі, але ёй не трэба цяпер нічога глабальнага: што ў яго з той кабецінай?!

Іншых папяровых талляў яна не мела, таму пастанавіла пашукаць праўды ў сеціве на эзатэрычных сайтах, дзе ёсць варажба анлайн. Яна абрала Таро Казановы і выклала на ім адну карту. Д’ябал. Тады яна змяніла таллю на Сакрэты, такія, як у Міланы, – і зноў выпаў Д’ябал у таварыстве Блазна і 5 манет. Урэшце яна спынілася на Таро Цмокаў, але і тут выпаў Д’ябал.

Таня вымкнула камп’ютар і зноў выйшла на гаўбец. Яна пашкадавала, што не ўмее курыць – вось было б дарэчы. Але стоп – Дзяніс казаў, што не любіць жанчын-курцоў і сваю жонку ён бы адвучыў. Навошта ёй цыгарэты, яна і так занадта недасканалая.

Вяртанне Ліліт

Подняться наверх