Читать книгу Вяртанне Ліліт - Юлія Шарова - Страница 18

Частка І. Сукуб
16

Оглавление

Радыкс: Ліліт у 5 доме, Месяц у злучэнні з Нептунам у Скарпіёне ў квадратуры да Юпітэра ў 8 доме

Маскоўскі прадпрымальнік Сяргей Іванавіч Караваеў ужо не мог дакладна прыгадаць, калі ён упершыню ўвайшоў у дзверы казіно і як згуляла ягоная самая першая стаўка. Ён улазіў у рызыкоўныя фінансавыя аферы, адна з якіх ледзь не скончылася лавай падсудных. Ён перасяліў сваю сям’ю з новых пяціпакаёвых апартаментаў у трохпакаёўку перыяду савецкага застою. Калі б не добры «дах», атрыманы ад даўняга сябра, прадпрымальніка буйнейшага калібру, Караваева даўно б з’елі расійскія бізнес-піранні. Ён толькі для выгляду нечым там гандляваў, а насамрэч адмываў сяброўскія грошы.

Але гэтага прынамсі ставала на ахвяры, якія ён прыносіў еўрапейскай рулетцы.

Калі год таму ў Маскве пазачынялі ўсе казіно, Караваеў у апошнюю ноч з гора прайграў тысяч дваццаць, не меней. Але бедаваў ён нядоўга: ездзіць у Мінск аказалася не так ужо і дорага. Таму раз на колькі месяцаў расійскі госць наведваўся ў беларускую сталіцу і адпачываў тут душою.

Трэба сказаць, у Мінску, ва ўлюбёным «Коле фартуны», Караваеву шанцавала часцей, чым дома. Апошнія два ваяжы былі нават у плюс. Прынамсі, ён цалкам вяртаў выдаткі на цягнік, гатэль, выпіўку і дзявуляў (а як без гэтага?).

Вось і сёння, у апошні дзень чарговай мінскай вандроўкі, удача была з ім. Караваеў, дарэчы, верыў у спрыяльныя дні і нават выбудоўваў уласную стратэгію гульні. Напрыклад, ён заўважыў, што ў першую дэкаду месяца яму шанцуе болей, чым у другую ці трэцюю. А сёння акурат ноч з другога на трэцяга жніўня, таму ён чакаў багатага прыходу. Караваеў пакуль не рабіў рызыкоўных ставак і гуляў у нуль. Наручны гадзіннік эканом-класа паказваў трэцюю ночы, у галаве шумела спажытае брэндзі – можна і спыніцца. І ён сапраўды развітаўся з іншымі гульцамі і хацеў папрасіць адміністратара, каб яму выклікалі таксоўку, але тут здарылася нечаканае.

Ля гульнявога стала раптам з’явілася высокая мадэльнагнуткая брунетка ў чорнай дэкальтаванай сукенцы. У галаве ўсплыло нешта пра «дыша духами и туманами, она садится у окна» – тое нешматлікае, што Караваеў памятаў з прыстойнай паэзіі.

– Я яшчэ згуляю! – раптам выгукнуў расеец.

Ён чамусьці ведаў, што абавязкова прайграе і што Незнаёмка таксама прайграе. Затое будзе нагода выпіць разам.

Але дзе ён бачыў гэтую дзяўчыну?

Караваеў сцярогся рызыкаваць і паставіў на цотныя. Незнаёмка, наадварот, рызыкавала, бо ставіла на адну лічбу – пятнаццаць. Кола фартуны закруцілася, шарык пабег па ім, як маленькая жвавая вавёрка. Вось ён пачаў запавольвацца… і маскоўскі госць пабачыў, як шарык зручна ўладкоўваецца ў сектары з чорнай лічбай 15. Гульцы, якія ставілі на тузін, на чорныя ці няцотныя, уздыхнулі з палёгкай. Незнаёмка толькі загадкава ўсміхнулася. Яна атрымае ў трыццаць пяць разоў болей, чым паставіла!

Наступным разам Караваеў вырашыў ставіць на чырвоныя. Незнаёмка ж ізноў паставіла на пятнаццаць – і ейная стаўка выйграла! Простае супадзенне, намаўляў сябе бізнесовец, простае супадзенне. Выпадковасць. Дзяўчо, падобна, упершыню ў жыцці ў казіно, а новенькім зазвычай шэнціць. Тады ён паставіў на тузін, ад аднаго да дванаццаці. Азарт імкліва расцякаўся ў ягонай крыві цяжкім наркотыкам. Дзве стаўкі запар прайгралі – і што з таго? Паводле тэорыі імавернасці, чым болей спробаў, тым болей шанцаў.

Незнаёмка нязменна ставіла на пятнаццаць або на групу лічбаў, куды ўваходзіць пятнаццаць, ставіла драбязу і нязменна выйгравала. Іншыя гульцы, якім шэнціла болей, чым расейцу, таксама ставілі на пятнаццаць, на чорныя або на шэраг лічбаў, у які трапляў гэты зачараваны квадрацік. А Караваеў упарта рабіў іншыя стаўкі, быццам хацеў давесці, што масавая істэрыя некалі скончыцца ўсеагульным фіяска.

Дзяўчына часцяком пацірала левай рукой патыліцу і крыху паварочвала сюды-туды галаву.

– Не здзіўляйцеся. Рэч у тым, што я – чорт, – раптам пачуў ён урывак размовы Незнаёмкі з іншым гульцом, які, відаць, спрабаваў фліртаваць.

Гулец засмяяўся, а Караваеў пачаў закіпаць: яшчэ адна гульня – і дзявуля выкуліцца з казіно з мілым ліхам.

Але пятнаццаць выйгравала!!!

Скораны маскоўскі лудаман урэшце адважыўся паставіць на містычную лічбу. Караваеў сачыў, як шарык бяжыць па коле фартуны, а рух рулеткі спакваля запавольваецца. Зараз будзе пятнаццаць, думаў ён.

Шарык трапіў на зэро.

Караваеву раптам падалося, што гожая Незнаёмка ператварылася ў старэнькую карліцу ў блазанскай шапцы са званочкамі. І вось яна стаіць і гнюсна гігікае. Ён накінуўся на паскудную маленькую бабцю і з нецэнзурнымі выгукамі пачаў яе душыць. Бабця запішчэла, замахала маленькімі ручкамі. Караваеў схапіў яе за куртатыя ножкі і хацеў штомоцы бразнуць аб стол…

Потым была міліцыя, нейкая нясвежая бландзінка сярэдняга веку ўсхліпвала і паказвала сінякі на руках і твары. На Караваева начапілі кайданкі.

– Старая блазанка сапраўды чорт! – раптам выгукнуў затрыманы расеец.

– Ну ўсё, годзе, паехалі, – скамандаваў міліцыянт, які скончыў апытанне сведак.

– А можа, у Навінкі? – флегматычна запытаўся сек’юрыці.

– На Акрэсціна! Там яму глузды на месца паставяць, – адпрэчыў міліцыянт і павёў Караваева на двор, дзе ўжо чакала міліцэйская машына.

Вяртанне Ліліт

Подняться наверх