Читать книгу Вяртанне Ліліт - Юлія Шарова - Страница 4

Частка І. Сукуб
2

Оглавление

Транзітны Сатурн у злучэнні з натальным Плутонам; транзітны Плутон у злучэнні з натальным Сонцам; транзітны Месяц у злучэнні з натальным Юпітэрам

Гісторыя мужчыны, Ісаева В., чыё цела з прастрэленай галавой кінулі ў яміну, досыць банальная: нябедны маскоўскі бізнесовец, любіў гуляць на мяжы фолу не толькі з дзяржавай і канкурэнтамі, але і з тымі, хто ўважаў яго за партнёра. Дужа любіў блытаць фінансавыя плыні, цішком ліквідуючы адны фірмы і рэгіструючы іншыя. Партнёры ў выніку гублялі немалыя грошы, але нічога не маглі выставіць Ісаеву. Той знаходзіў новых партнёраў, і гісторыя паўтаралася.

Але ўсё мае свой канец.

Бізнесоўца сустрэлі ў аэрапорце Дамадзедава, адкуль ён ляцеў у Егіпет са сваёй спадарожніцай, зусім не жонкай. Ціха і без залішняга галасу вывелі на вуліцу, пасадзілі ў мінівэн і завезлі ў гэты лясок, дарогаю пусціўшы яму кулю ў лоб.

Ісаеву было сорак гадоў, ён пакінуў па сабе жонку, двух дзяцей і трох каханак, кожнай з якіх уладзіў кватэру ў спальным раёне Масквы, каб не здагадваліся пра існаванне адна адной (лепей тры ў спальных раёнах, чым адна на дарагой Рублёўцы). У асабістым жыцці ён таксама любіў замятаць сляды. Дарэчы, ён яшчэ пакінуў кватэру ў Мінску, якую набыў, каб не траціцца на гатэлі, бо часцяком ездзіў у «правінцыю» па пытаннях спраўных і прыватных – да прыкладу, пагуляць у казіно і атрымаць незабыўны сэкс з дзяўчынай, да якой меў асаблівы сантымент, бо тая нагадвала першае каханне. Праўда, той дзяўчыне ён адно зняў кватэру на працяглы тэрмін – яна ж у яго закахалася, а калі так, то навошта лішнія выдаткі?

І вось ён ляжыць мёртвы ў старой яміне з-пад бомбы часоў вайны, а побач з ім – цалкам сабе жывая Мілана, якая цяпер усяго толькі носьбітка. Нічога, апрача пагарды, яна не адчувае і адно думае, як вызваліцца ад скотча, якім сцягнутыя запясці.

Урэшце яна вызваляецца, разлеплівае рот, раскручвае ногі, таксама звязаныя. Пачырванелыя запясці смыляць, шыя і галава баляць – цалкам нармальна пасля такога экстрэмальнага ўцелаўлення.

Мілана выбіраецца з яміны і шукае дзе схавацца. На дварэ смажыць перад дажджом, але яе калоціць – нервы. Карціць у ванну і пад плед, але калі тое яшчэ будзе. Наперадзе доўгае і цяжкое падарожжа.

У Мінску ёсць кватэра, аплачаная на год наперад. Там у шуфлядзе камоды ляжыць сабраная на чорны дзень тысяча даляраў. Носьбітцы паводле пашпарта ўсяго дзевятнаццаць гадоў. Сірата, выдраная з сям’і вясковых п’янюгаў, якія нават не зарэгістравалі дзіця і жылі так не адзін год. У дзетдоме ўзрост вызначалі прыблізна і цалкам выпадкова прыпісалі ёй лішнія паўтара года, а насамрэч Мілане яшчэ не споўнілася і васямнаццаці. Ёсць вялікі фізічны рэсурс, каб пражыць у атрыманым целе сама меней паўстагоддзя. Добры варыянт уцелаўлення.

Мілана, моцна хістаючыся, пайшла ў найбліжэйшы хмызняк і легла на зямлю, скруціўшыся рогам. Лінуў цёплы і шчодры чэрвеньскі дождж. За хвілінаў дзесяць вопратка змокла наскрозь, але што з таго – у пералёце яна не спатрэбіцца.

Вяртанне Ліліт

Подняться наверх