Читать книгу Вяртанне Ліліт - Юлія Шарова - Страница 15

Частка І. Сукуб
13

Оглавление

Радыкс: Сонца ў Шалях, Венера ў Скарпіёне ў злучэнні з Плутонам

Авантура на мяжы магчымасцяў, дзеля якой трэба набрацца моцы. Вялікай моцы.

Мужчыны, ад якіх сілкуецца носьбітка, пасля маюць праблемы з галавой – ад мігрэні да поўнага псіхічнага разладжвання. Гэта не лекуецца. Таму аб’ектаў на сілкаванне трэба абіраць такіх, каб без жалю ўшкодзіць іхныя мазгі. Дальнабояў, якім фантазіі стане адно на зліў паліва. Або журналістаў «Нашай Нядолі».

Мілана апошнім часам амаль штоночы вылятала са сваёй кватэры ў вобразе кугакаўкі, дабіралася да найбліжэйшай трасы, дзе ператваралася ў жанчыну. І абавязкова знаходзіўся разява, якія спыняў машыну, калі бачыў абсалютна аголеную дзяўчыну.

Калі-нікалі яна яшчэ да прыцемкаў лавіла спадарожныя і ехала далей ад Мінска, а пасля заходу сонца распачынала паляванне. Потым зноў лавіла спадарожныя і дабіралася дадому: насланнё працавала круглыя суткі, таму дамовіцца на падвоз было нескладана. Скрадзеныя грошы сталіся прыемным бонусам за начныя «камандзіроўкі». Але пасля такіх экспедыцыяў абвастраўся болевы сіндром, і Мілана вымушаная была піць моцныя лекі, каб шыю «адпусціла».

За содні перад задуманай авантурай Мілана пастанавіла даць сабе адпачынак. Яна прабавіла ноч у сваім ложку, а ўдзень пайшла гуляць па горадзе.

Няпраўда, што заможныя каханкі ловяцца ў кампаніях вядомых і знакамітых – Мілана натрапіла на такога ў «Кароне», куды зазірнула адвячоркам набыць прадуктаў і пашукаць у тутэйшых крамах адпаведную падзеі сукенку.

– Я Стась! – сказаў ён. – А калі я вас некуды запрашу?

І тут на яе накаціла да болю знаёмае адчуванне – перацяла подых, быццам паблізу распылілі атрутны газ. Адчуванне дыму і смуроду. Пацямненне ў вачах. Халодны пот на скронях. Мілана яго пазнала, а ён яе – не. Яна пакаціла свой вазок з прадуктамі да касы, дзе стаяла зусім невялікая чарга. Досыць хутка разлічылася і рушыла прэч з той «Кароны».

– Я вас усё адно знайду! – гукнуў Стась.

Яна прыспешыла хаду і змяшалася з натоўпам пакупнікоў, што выходзілі з гандлёвага цэнтра. Сукенку Мілана знайшла ў іншым месцы. Калі ж вярнулася дадому, то сказала Мурмуру:

– Я сёння сустрэла Мамона. І мне ад яго нікуды не падзецца, на жаль.

Вяртанне Ліліт

Подняться наверх