Читать книгу Вяртанне Ліліт - Юлія Шарова - Страница 2

Прадмова

Оглавление

Пры шырокім круглым стале з белага мармуру сядзелі трое – Бог, Д’ябал і высокая хударлявая жанчына са смаліста-чорнымі доўгімі валасамі. Жанчына была ў смарагдавага колеру строі. Рукі яна трымала на стале. Ейныя запясці сціскаў ланцуг, але яна не выглядала скоранай. Яна глядзела ў вочы то Богу, то Д’яблу.

Ні Бог, ні Д’ябал не вытрымлівалі ейнага позірку.

Бог ніяк не называў гэтую жанчыну, а калі яна пакінула ягонае валадарства, то наагул паспрабаваў зацерці ўсялякую памяць пра яе.

Д’ябал даў ёй імя Ліліт, а калі яна пакінула і ягонае валадарства, то ўгневаўся яшчэ болей за Бога.

– Трэба дамаўляцца, – урэшце пачаў Бог, намагаючыся не глядзець на Ліліт. – Ты, мусіць, ведаеш, што Бясконцае намі незадаволенае. Усімі намі.

– Бясконцае мяркуе, што ты не можаш існаваць як вольны дух, – вёў далей Д’ябал. – А калі ты не хочаш быць ні з ім, ні са мной, то мы мусім знайсці кампраміс. Таму будзем дамаўляцца.

– Са звязанымі рукамі? – здзекліва прамовіла Ліліт.

Ланцугі ўмомант разваліліся на кавалачкі і за хвілі ператварыліся ў пыл.

– Зразумей нас правільна. Бясконцае намі незадаволенае, і калі б мы не прывялі цябе на перамовы, яно б занялося намі.

– Пакуль ты не падпішаш угоду, ты адсюль не выйдзеш.

Не выйдзе. Ногі таксама скутыя ланцугамі ад костак да каленяў. Якая ж любата – выкрадаць некага на падпісанне ўгоды! Бясконцае ніколі не адказвала ёй, калі Ліліт да Яго звярталася, а гэтым двум зрабіла такую ласку.

– Калі Бясконцае нагэтулькі зацікаўленае ва ўгодзе, чаму Яно не тут? – запыталася жанчына, хоць адказ для яе быў відавочны.

– Бясконцае задаволіцца дакументам за тваім подпісам. Яму няма калі нас траіх выслухоўваць.

– А калі я не падпішу?

– Ты падпішаш… – сказаў Бог.

– Якія ўмовы?

Д’ябал пстрыкнуў пальцамі левай рукі – на стале з’явіліся пергамент і гусінае пяро, якое само сабой спрытна забегала па аркушы, выводзячы слова за словам.

1. Ліліт, першая жонка Адама, пасля – дэман ночы, пагаджаецца жыць на зямлі сярод людзей.

2. Ліліт зможа заняць цела зямной жанчыны, з якога толькі што адляцела неўміручая душа. Такая жанчына будзе звацца носьбіткай.

3. Носьбіткай можа стаць цела жанчыны, якая ніколі не была замужам і не мела дзяцей. Момант уцелаўлення павінны прыпадаць роўна на вяртанне Чорнага Месяца ў гараскопе носьбіткі.

4. Асоба носьбіткі знікае ў момант адлёту яе неўміручай душы, а цела цалкам пераходзіць пад кантроль Ліліт. Разам з новым целам Ліліт атрымлівае ўсе ўспаміны носьбіткі і ўсе ейныя фізічныя і псіхічныя адметнасці.

5. Носьбітка, цела якой зойме Ліліт, застаецца смяротнай жанчынай. Па надыходзе яе смерці Ліліт мае права заняць цела іншай жанчыны, калі ўмовы адпавядаюць укладзенай угодзе.

6. Пры ўцелаўленні ў маладую носьбітку Ліліт абавязваецца чыніць паслугі Д’яблу да трэцяга вяртання Чорнага Месяца. Падрабязней глядзі дадатак да ўгоды.

– Я хачу паглядзець дадатак, – сказала Ліліт.

Пяро спынілася. Д’ябал незадаволена прыкусіў губу і засоп.

– Ты была сукубам, і ты ім будзеш, калі ўцелаўленне адбудзецца раней за трэцяе вяртанне Чорнага Месяца. Пазней ад жанчыны ўсё адно ніякага толку, хто на такое паквапіцца?

Ліліт разумела, чаму Д’ябла так непакоіць той пункт дамовы: у ягоным свеце жанчыны не ведалі пра ўласную моц і спрабавалі чэрпаць яе праз мужчын.

Некалі, яшчэ ў Раі, яна сустрэла Еву ля Дрэва Пазнання, наіўную Еву, гэтаксама падманутую Богам, якому раптам закарцела, каб у пары быў той, хто кіруе, і той, хто слухаецца. Ліліт, ператвораная ў змяю за свой бунт супраць Божага парадку, размаўляла з Евай. «Калі жанчыны пачнуць падаваць руку адна адной, яны атрымаюць вялікую моц», – сказала яна тады.

Але гэта было не ў інтарэсах Бога. Еву ствараў ён сам, без непасрэднага ўдзелу Бясконцага, таму ўклаў у ейнае сэрца віну, а пасля выкінуў разам з Адамам са свайго валадарства.

Так Ева і жыла з віной за здзейсненае, а ўсю сваю моц аддавала Адаму – як плату за грэх.

Пяро зноў забегала па пергаменце:

7. Ліліт можа абіраць сабе носьбітку, калі смерць папярэдняй наступіла на маладым Месяцы. Калі гэта адбылося на поўню ці на старым Месяцы, абіраць носьбітку будуць Бог і Д’ябал.

8. Ліліт пакідае сабе бальшыню здольнасцяў, якія мела да падпісання ўгоды, але зможа імі карыстацца толькі ад заходу да ўзыходу сонца. Без прывязвання да часу Ліліт можа выкарыстоўваць сваю здольнасць празорлівасці і наслання. Усе здольнасці і ўмовы іхнага ўжывання пазначаныя ў дадатку да ўгоды.

9. Ліліт не мае права выходзіць замуж.

10. Носьбіткі пасля ўцелаўлення ў іх страчваюць здольнасць да зачацця.

11. Ліліт не мае права дапамагаць жанчынам нават пры пагрозе іхнаму жыццю і здароўю. Вынятак складаюць дзяўчынкі да першага вяртання Чорнага Месяца. Такія дзяўчынкі могуць атрымліваць ад Ліліт здольнасць празорлівасці і наслання.

12. Ліліт не мае права раскрываць сваю таямніцу і даваць уратаваным дзяўчынкам здольнасцяў болей, чым вызначана ўгодай.

13. Ліліт мае права ратаваць дзяўчынак у адной і той самай краіне толькі раз на стагоддзе.

14. Парушэнне ўгоды вядзе да пакарання Ліліт вечным зняволеннем пад наглядам Бога і Д’ябла.

– Трэ падпісваць, часу няма, – сказаў Бог. – Ад нас вымагаюць дакумента!

– Я нічога не буду падпісваць, – сказала Ліліт.

– Думаеш, ты мацнейшая за нас двух і ад цябе тут хоць нешта залежыць? – з пагардай перапытаў Д’ябал.

І яны паглядзелі ёй у вочы. Ліліт магла б вытрываць позірк аднаго з іх, але разам яны былі занадта рашучыя ў выкананні свайго плана. Іх прышпорвалі страх перад Бясконцым і прага ўлады, а жанчына ў смарагдавага колеру строі ўсё псавала.

У той момант яна зразумела, хто перадаў зямным мужчынам такую зацятасць у змаганні за ўладу. Бог і Д’ябал у гэтым былі падобныя як браты-блізнюкі.

Ліліт супраціўлялася. Левая рука бялела і дрыжэла, але цягнулася да пергаменту насуперак ейнай волі. Пяро, якое імкнулася ўкласціся ёй у пальцы, зламалася – апошняе, што яна магла зрабіць у сваю абарону. Далонь, як нежывая, упала на пергамент. Скуру нешта апякло. Ліліт ускрыкнула і заўважыла, што на тыльным баку далоні з’явіўся моцны апёк, а на пергаменце пад угодай стаіць чорны значак – позні сход Месяца з крыжам унізе.

– Так нават і лепей, – сказаў Бог і выцер пот з ілба. – Вось і дакумент – Бясконцае будзе не ў прэтэнзіі.

– Так ці іначай, але красуню чакае вечнасць, – гігікнуў Д’ябал. – Вечная змена носьбітак або вечная і страшная вязніца. Гэта мы з табой добра прыдумалі. А цяпер выправім яе да зямных людзей. Акурат поўня, наш ход. Можаш быць упэўненая, мы цябе без прыгодаў не пакінем!

Хто б сумняваўся.

Ліліт зняможана апусціла твар на рукі, што ляжалі на белым мармуровым стале. Яна цяпер не верыла ў Бясконцае, бо калі яно дапускае падпісанне ўгоды, падобнай да прысуду, дык на што можна спадзявацца.

Яна хацела падаць руку Еве, але загубіла і яе, і сябе.

Цэлая вечнасць у няволі наперадзе.

Цэлая вечнасць.

Вяртанне Ліліт

Подняться наверх