Читать книгу Вяртанне Ліліт - Юлія Шарова - Страница 7
Частка І. Сукуб
5
ОглавлениеТранзіты: Месяц уваходзіць у Стральца; трынаццатыя месяцовыя содні
Прачнулася Мілана ажно ўвечары, калі сонца ішло долу, таму не адразу зразумела, дзе знаходзіцца, а пагатоў не ўцяміла, што падарожжа скончылася і ёй болей не трэба нікуды спяшацца.
Сон асвяжыў яе, і цяпер яна хацела простых радасцяў – людскай ванны і людскай ежы. Пакуль яна была савой, ёй давялося паляваць проста ў паветры. Ад успамінаў пра такую дыету рабілася млосна.
Адзіная турбота – балела шыя: відаць, хрыбеткі і нервы зрасліся няўдала.
Пасля ванны яна даволі доўга круцілася перад люстэркам, разглядаючы сваё новае цела з розных ракурсаў, і кожны ракурс быў дасканалы – нездарма ж гэтую дзяўчынку бралі ў мадэлькі. Такі сабе актуальна-модны выгляд – рост пад метр восемдзесят, ногі ад вушэй, далікатныя рукі, усе абрысы цела – як у точанай статуэткі. І доўгія цёмныя валасы ў спалучэнні з пранізліва-зялёнымі вачыма.
Ну што сказаць, з сілкаваннем праблемаў не будзе, а сілкаванне ёй патрэбнае – гэта таксама частка ўгоды, якую трэба выконваць амаль да дваццаці сямі гадоў, то бок да трэцяга вяртання Ліліт.
Падсушыўшы валасы, яна дастала з шафы старэнькія і зручныя джынсы, утульную байку, апранулася і пайшла з дому. Дублікат ключоў ёсць, але замкі ўсё адно давядзецца памяняць. Заўтра ж пайсці ў міліцыю і напісаць заяву пра скрадзены пашпарт. І выклікаць цесляра, каб паставіў новую шыбу. Жыць у гэтай хаце яна доўга не будзе і, напэўна, неўзабаве зоймецца вырашэннем кватэрнага пытання.
Беларускіх грошай яна не мела: давялося прагуляцца ажно да «Кароны», каб памяняць прыхаваныя даляры. Мілана прайшлася па краме і накупляла паўфабрыкатаў, а тады з поўным пакетам рушыла дадому. Назад яна вярталася ціхай зялёнай вулачкай Грыбаедава. З цемры на яе зірнуў Арфей на ганку музвучэльні. Яна абышла будынак і рушыла паўз старыя двухпавярховыя інтэрнаты.
– Мяўўўў… оўўўўў… – даляцеў да яе далікатны, але настойлівы покліч.
Мілана зірнула пад ногі і пабачыла ў святле ліхтара вялікага чорна-белага ката, якога можна было б назваць увасабленнем кацінай элегантнасці. Бліскучая чорная спіна і бакі, падобныя да фрака, беласнежнае пышнае жабо, белыя пальчаткі на пярэдніх лапах і белае галіфэ на задніх. Асіметрычнае афарбаванне надавала кацінай пысцы характарнасці – з аднаго боку верхняя вусна белая, з іншага – чорная. Ад пераносся да ілба ішоў вузкі белы клін, скіраваны крыху ўбок, таму кот выглядаў пагрозліва. Ён прысеў на камень пры сцежцы, прыняўшы грацыёзную паставу і паводзячы раскошнымі белымі вусамі.
«Якая сустрэча! Вітаю шаноўную!» – пачула Мілана голас з мяккай хрыпкай.
Голас гучаў як быццам у ейнай галаве.
Тэлепатыя.
– Мурмур?.. – няўпэўнена прамовіла дзяўчына.
«Вашэця не памыляецца, – адказаў кот. – Не варта здзіўляцца: я ў выгнанні, але мне шчыра не хацелася далучацца да тых мярзотнікаў, якія ўвасобіліся ў целах зямных мужчын. Я вырашыў, што стану звычайным хатнім катом, але буду цалкам усведамляць, хто я такі».
– Ты маеш куды ісці?
Зямныя прыгоды ката Мурмура, які насамрэч быў хатнім духам (фамільярам), выявіліся досыць тыповымі для хатніх жывёлак: яго кацянём узялі ў прыстойную сям’ю, два гады песцілі-галубілі, а потым з’ехалі за мяжу і нічога лепшага не прыдумалі, апрача як выкінуць прыгажуна на двор. Вось ужо два тыдні, як ён бадзяецца ў пошуку новых гаспадароў. Несумненна, ён знойдзе сабе дом, але Мурмура ўшчэнт заелі блохі, дый сабакі таксама бываюць небяспечныя.
– Хадзем! – сказала Мілана, і кот пабег за ёй, задраўшы дагары доўгі і пышны хвост.
«А ці будзе вашэця адпускаць мяне раз-пораз на вольны шпацыр? Я мушу слухаць жывую музыку! Я знайшоў патаемны лаз у філармонію!»
– Ты невылечны! – засмяялася Мілана і нахілілася, каб пачухаць дзіва-ката па спіне.
Ён задаволена муркнуў – гэтым разам цалкам сабе па-кацінаму.