Читать книгу Вяртанне Ліліт - Юлія Шарова - Страница 8
Частка І. Сукуб
6
ОглавлениеРадыкс: Сонца ў Стральцы ў злучэнні з Юпітэрам і Нептунам у апазіцыі да Месяца ў Блізнятах
«Беларускі Гавэл ідзе ў прэзідэнты».
«Ці займее Беларусь свайго Вацлава Гаўла?»
«Новае слова ў беларускай палітыцы: пісьменнік сабраўся на выбары».
«Пісьменнік напіша новую старонку ў гісторыі беларускай палітыкі».
Апошняе ўжо занадта. Дый папярэднія тры таксама не айс, а ў галаву болей нічога не лезе. Крызіс жанру. Пара ў адпачынак, пакуль гэтая сраная перадвыбарчая кампанія не запрацавала на ўсе застаўкі.
Юрась Карповіч, спецыяльны карэспандэнт газеты «Наша Нядоля», уважаўся за вялікага майстра прыдумляць кідкія загалоўкі да сваіх і чужых матэрыялаў. Калі ён дзяжурыў на сайце, то слова ў слова запазычаныя артыкулы збіралі праглядаў болей за арыгіналы, а ўсё праз небанальныя, свежыя назвы. Але сёння здарыўся ступар: дэдлайны даўно мінулі, пра заяву «беларускага Гаўла», які пажадаў стацца прэзідэнтам, ужо даўно напісалі ўсе, нават «КП», а на сайце «Нашай Нядолі» не было хоць якой навіны пра знакавую для беларускай палітыкі падзею.
Ішла трэцяя гадзіна ночы. Юрась адарваўся ад ноўтбука і пашкандыбаў на кухню запарваць яшчэ адзін кубак кавы. Кава не дзейнічала. Цытрамон не дзейнічаў. Аспірын таксама. Юрасю балела галава і пякло сумленне, бо апрача няздадзенага матэрыялу была за ім яшчэ адна хіба, думкі пра якую ён гнаў ад сябе, а яны лезлі, як тыя нахабныя мухі.
Гавэл Беларускі абвясціў пра сваё рашэнне ісці на выбары досыць нечакана: ён наняў сядзібу кіламетраў за сотню ад Мінска, склікаў туды журналістаў нібыта дзеля прэзентацыі сваёй чарговай кніжкі, а там і зрабіў гучную заяву. Справа была ўвечары, гадзіне а сёмай, калі ўсе нармальныя людзі ўжо адпісаліся і з асалодай сёрбаюць піва ў «Цэнтральным», але менавіта сёння журналісцкая грамада канспектавала праграмную прамову Гаўла Беларускага і злюцела пстрыкала фотакамерамі.
Гавэл Беларускі зрабіў усё дзеля камфорту рэпарцёраў: сядзіба трапляла ў «яміну», дзе знікала мабільная сувязь, а ўжо сеціва і пагатоў не бралася. Да таго ж бальшыня рэпарцёраў прыбыла на месца сваімі аўто, а падчас фуршэту на стол выставілі зусім не піва «нулёвачку».
Юрась у думках абклаў нецэнзурнымі выразамі Гаўла Беларускага і перадвыбарчы штаб ягоны і каля дзявятай вечара выехаў з тае сядзібы – шукаць найбліжэйшай соты, дзе будуць працаваць і тэлефон, і 3G-мадэм. Рэпарцёрскі запал змушаў дваццацішасцігадовага карэспандэнта працаваць шпарчэй за Reuters і Associated Press. Ён запаркаваўся ля прыдарожнай кавярні, дзе сувязь была збольшага нармальнай, і там пачаў шрайбаваць артыкул пра Гаўла Беларускага – з бэкграўндам, з гіперспасылкамі па тэме, як і мае быць. І ён набліжаўся да апошняга абзаца, калі ў шыбу ягонага «опеля» далікатна пастукаліся.
Прыгожая, вельмі прыгожая.
Усё сэксуальнае жыццё Юрася складаў небагаты ўрыўкавы досвед з аднакурсніцамі, а потым з’явілася Вераніка, і вось ужо чатыры гады ён мог здраджваць сваёй дзяўчыне толькі з працай і са стойкай «Цэнтральнага». Але тут яго перамкнула.
Красуня папрасілася пасядзець у салоне, пакуль не скончыцца дождж, то бок не дождж, а сапраўдная залева з навальніцай. Камп’ютар давялося выключыць, і праца так ці іначай стала. Затым, калі дождж крыху сцішыўся і перастала грымець, Юрась вырашыў ехаць у горад, бо ўсё адно не паспяваў адпісацца аператыўна. Гадзіннік паказваў дваццаць хвілінаў па дзясятай.
Далейшае ён не памятаў нават у агульных рысах, але з нейкай незразумелай нагоды ён збочыў з трасы ў адзін з прыдарожных гайкоў і там, проста ў ягонай машыне, адбылося нешта салодка-непрыстойнае, пасля чаго хістальнік Юрасёвых перажыванняў завагаўся паміж «вой, што ж я нарабіў» і «ўга, як я магу».
Калі ён ачомаўся, была цёмная ноч, а красуня знікла, нібы ў паветры распусцілася. Галава балела, як пасля абмывання дыплома. Юрась думаў пра Вераніку і вяселле, якое ў іх мусіла адбыцца неўзабаве. Пра артыкул журналіст згадаў толькі калі прыехаў дадому.
І вось тут яго чакала катастрофа – ён нейкім вусцішным чынам не захаваў тэкст з бэкграўндам і гіперспасылкамі па тэме. Юрась пачаў аднаўляць у памяці ўсю структуру матэрыялу, але атрымлівалася нейкая лухта.
Урэшце а чацвёртай ночы ён неяк даў рады артыкулу і абазваў яго так арыгінальна, як ніхто б не даўмеўся:
«Беларускі Гавэл закруціў раман з прэзідэнцкімі выбарамі».
Ён сам апублікаваў тэкст на сайце і пад раніцу лёг спаць з пачуццём выкананага абавязку. Хай сабе адпісаўся апошнім, але ж які загаловак!