Читать книгу Мае дзевяностыя - Альгерд Бахаревич, Ольгерд Бахаревич - Страница 14
ШКОЛА
Wind of Changes
ОглавлениеМы ведалі, што сьвет не канчаецца ў Шабанах, але езьдзілі «ў горад» нячаста. Гета ёсьць гета. Я ведаў, што «дзявятка» ідзе ў Sierra Branca, Серабранку, 21-ы – на Трактарны завод, дзе пачыналася мэтро, 98-ы – на плошчу Леніна і далей, на амаль мітычны ў маім уяўленьні Захад, 55-ы – ва Ўручча, 93-ы – у аэрапорт.
Яшчэ нядаўна адсюль наогул хадзілі толькі «дзявятка» і дзевяноста трэці. Але 90-я няўхільна ўцягвалі колішні пасёлак Шабаны ў менскую мэтраполію. У сярэдзіне 90-х тут зьявіўся Цэнтар дзяцей і моладзі, фізкультурна-аздараўленчы комплекс з лазьняй і більярдам… Але калі я вучыўся ў школе, у Шабанах не было нічога. У кіно шабаноўскія езьдзілі або на Енісейскую, у «Родзіну», або на Шарыкі, у «Камсамолец». У паліклініку, пакуль паблізу ад майго дому не ўзьвялі жоўтую 36-ю, нас цягалі на варожую Ангарскую. У канцы 80-х у Шабанах адчыніўся першы відэасалён, дзе паказвалі заходнія баевікі, эротыку і хорар. Я туды так і не патрапіў – па-першае, быў яшчэ малы, па-другое, там сядзелі мясцовыя аўтарытэты са сваімі дзеўкамі, па-трэцяе, дорага. Але зь відэа праблемы не было – бацька, усё жыцьцё захоплены тэхнікай, адным зь першых у Шабанах купіў патрыманы відэамагнітафон. А мне ў 90-м годзе – мой першы касэтны магнітафон, чырвоны, невялікі, зусім просты – я запісваў на яго з тэлевізара песьні з «Праграмы А» і беларускага «Кроку» (часам там паказвалі «Мрою»). Музыкі выглядалі на экране жахліва: быў відаць увесь грым, сіня-шэрыя твары ільсьніліся, БТ ужо тады валодала дарам ператварыць любога чалавека ў зомбі, прынамсі, вонкава…
У якой жа клясе я тады вучыўся? І зь якога году весьці адлік 90-х? З 91-га? Ну, недзе так; значыць, гэта дзявятая і адзінаццатая кляса, бо тады якраз была рэформа і трэба было пераскочыць праз адну ступень. Час для Беларусі быў легендарны: усё навокал віравала, ад тэлевізара было не адарвацца, Савецкі Саюз падыхаў на вачах, кожны дзень прыносіў нейкія навіны, і на школьным быцьці гэта не магло не адбівацца. Цяпер я разумею, што сымбалем і жывым увасабленьнем гэтых пераменаў для нашай школы, для Шабаноў і для нашых перапалоханых імклівасьцю часу бацькоў была менавіта нашая дзіўная кумпанія. Кожны з нас увабраў у сябе дух свабоды, як ніхто іншы ў гэтых сумных мясьцінах.