Читать книгу Мае дзевяностыя - Альгерд Бахаревич, Ольгерд Бахаревич - Страница 20
ШКОЛА
Пад дзікай валасьнёй
ОглавлениеА вось беларускую літаратуру я адразу ўспрыняў як нешта абсалютна ідэалягічнае – усе гэтыя нудныя, падхалімскія, бяздарныя тэксты пра вайну і вёску падаваліся мне наўмысна створанымі дзеля таго, каб ператвараць нас у паслухмяных жывёлаў. Не было ніводнага пісьменьніка ці паэта, які б зацікавіў мяне ці маіх сяброў (калі якая-небудзь дробная дзяўчынка з нашай клясы пакорліва дэклямавала ля дошкі «Я мужык-беларус», мы ўгаралі так, што лезьлі пад парты). Ні пра якога Мрыя, Разанава або Стральцова мы ня чулі і чуць не маглі, Караткевіча чыталі па-расейску, ды яго і не вывучалі ў школе як сьлед. Маўра – таксама па-расейску, у сэрыі «Библиотека приключений і фантастики».
Лаўрэнцій неяк адкапаў выпадковы верш Панчанкі пра хіпі:
«Гэй, хіпі, хіпі, хіпі, махнатыя пратэсты,
а сьвет ня толькі гібель, а сьвет яшчэ братэрства,
а сьвет яшчэ змаганьне зь няпраўдаю, з багамі,
дык трэба быць з мазгамі
пад дзікай валасьнёй».
Усе палічылі, што гэта найлепшы ўзор беларускай паэзіі: словы «мазгі» і «валасьня» патыхалі нейкім панкам. Крыху лепш за астатніх успрымаўся Танк – адчуваўся ў ягоных вэрлібрах пэўны выклік. Але збольшага белліт асацыяваўся найперш з такім, дэбільна-жалезабэтонным, гнілым, пазаўчорашнім:
«Я хачу, каб называўся камуністам
Сын мой, а таксама сынаў сын!»
Такая паэзія ў той час ужо ня мела ніякіх шанцаў.