Читать книгу Мае дзевяностыя - Альгерд Бахаревич, Ольгерд Бахаревич - Страница 4
2018
Скрыпка беларуская
ОглавлениеАле маладосьць не выбіраюць: маё дарослае жыцьцё пачалося акурат тады, калі заслона абрынулася. Толькі я атрымаў савецкі пашпарт, як вялікі сьвет раптам адчыніўся: свабода! А я быў яшчэ занадта малады, каб туды выправіцца, – маёй місіяй было пакаштаваць свабоду на смак менавіта тут. Першае пакаленьне вольных беларускіх студэнтаў мусіла застацца дома і прыняць на сябе ўвесь шок, усю навізну і ўсю асалоду.
Мы мусілі пражыць гэтыя 90-я на радзіме – і на свае вочы пабачыць, як у нас яе крадуць. Мы былі занадта маладыя, каб нас нехта паслухаў. І занадта дурныя, каб прадугадаць наступствы.
Калі дзяцінства амаль для кожнага чалавека (якім бы яно ні было) – гэта страчаны рай, дык маладосьць – выгнаньне з раю. Рай – стан. Прыгожая нота, якая ўсё цягнецца і цягнецца. Рай задуманы так, што ты ня бачыш канца. Выгнаньне – гэта хутчэй працэс, дзеяньне, у якім цябе круцяць, торгаюць, б’юць па галаве, хапаюць за рукі і штурхаюць у сьпіну. Выгнаньне – кашэчы канцэрт у паўцемры. Выгнаньне нагадвае табе пра тваю канцовасьць і сьмяротнасьць. Выгнаньне – так грае скрыпка, пакутуючы і распавядаючы сваю гісторыю кожным выгінам, кожнай струною…
Выгнаньне – гэта я разумею. У 90-я мяне наогул часта выганялі. Зь лекцый. З шэрагаў. З унівэру. З паседжаньняў. З храмаў культуры. З кабінэтаў. З рэпэтыцыйных кропак. З мастацтва. З Дому літаратара. Са сваіх жыцьцяў. З працы. З мовы. Пакуль у 2007-м я сам сябе ня выгнаў за мяжу. Але гэта было значна пазьней. Празь сямнаццаць гадоў пасьля таго, як у маім жыцьці раптам надышлі яны – дзевяностыя.
Рай, пекла, запаветы… Бог… Што гэта я такое вярзу, каго пераймаю? Я хутчэй агностык, чым атэіст. У дзяцінстве мяне так і не пахрысьцілі – баяліся за маміну кар’еру. У 90-я хрысьціцца я ўжо й сам не захацеў: як увайшоў у іх бязбожнікам, гэтак і выйшаў. Так і жыву – бяз бога.