Читать книгу Мае дзевяностыя - Альгерд Бахаревич, Ольгерд Бахаревич - Страница 16

ШКОЛА
Пад’ездны рок

Оглавление

У кожнага з нас быў свой пад’езд, а ў ім сваё месца, дзе ўсе зьбіраліся ажно пакуль не пакінулі назаўжды бацькоўскі дом. У Лёхі – лесьвіца паміж паверхамі, у мяне – пляцоўка каля сьмецьцеправоду, зь вялікімі, нязьменна бруднымі вокнамі, празь якія я глядзеў у той час на сьвет. У Макса і Лаўрэнція, якія жылі ў адным доме, такім месцам быў куфар, з тых, якімі і цяпер застаўленыя ўсе лесьвічныя пляцоўкі шматпавярховікаў: там перахоўваюць бульбу і моркву, розны гаспадарчы інвэнтар, старыя рэчы, санкі, закаткі, усялякі рыштунак… У Славы мы зьбіраліся радзей – магчыма, таму, што ў яго былі занадта неталерантныя суседзі.

Макс быў першым, хто пачаў сур’ёзна займацца музыкай і вывучыўся граць на гітары. А яшчэ ён хадзіў у школу ў швэдры – а мы ў школьнай форме. Здаецца, у той час Макс быў у захапленьні ад БГ – значная частка дзевяностых прайшла пад песьні «Акварыюму». А яшчэ «Заапарку», а яшчэ «The Doors», і «T. Rex», і Джэніс Джоплін… І процьмы іншых, пра якіх цяпер мала хто ўжо й памятае. Усе Шабаны слухалі найбрыдчэйшую папсу або мэталістаў: ад «Мэталікі», «Мanowar» і ACDC да «Арыі» і «Черного кофе» і гулялі ў «ты валніст ці мэталіст?». А мы ўжо ў школе слухалі «Pink Floyd», Джыма Морысана, Боўі, Ігі Попа, «Led Zeppelinn», «The Cure», любілі бітлоў, перапісвалі на касэты розны new wave і чыталі пра беларускі, расейскі і ўкраінскі рок у «Крыніцы», «Піянэры», «Бярозцы» і першых самвыдатаўскіх часопісах. І адчайна хацелі быць падобнымі да рок-зорак.

Ясна, як да нас ставіліся. Як да фрыкаў: «хіпаны», «бітлы», «валасатыя» – гэта былі самыя бяскрыўдныя мянушкі. Часта даходзіла да агрэсіі – такім, як мы, у Шабанах было нялёгка, тут усе мусілі гуляць па правілах. Гэтыя турэмныя правілы – тое, што мы ненавідзелі ўсёй душой… Правілы – і гопнікаў. Бо мы, безумоўна, жылі ў самым гопніцкім раёне сталіцы. Усе васьмідзясятыя я і іншыя «хлопчыкі з кніжкамі» былі для іх ідэальнай мішэньню – але як толькі мы ўсе зрабіліся старшаклясьнікамі, уся тая гапата села ў турмы, пайшла працаваць і абзавялася сем’ямі.

Новую гапату мы мала цікавілі, ёй патрэбная была маладая здабыча. Гопнік ёсьць гопнік, ён заўжды лузер, нават калі яго выбіраюць у прэзыдэнты: тая гапата лічыла, што мы засвоілі ўрок, хоць усё было наадварот – досьвед паказвае, што з кожным нападам на яе свабода робіцца ўсё мацнейшай. Так ці інакш, у 1990—91-м да нас чапляліся ўжо значна радзей. Хоць чалавеку зь іншага раёну ў Шабанах лепш было не зьяўляцца. А нам – на Ангары ці ў Чыжоўцы. Але тут, на раёне, мы былі сваімі – сваімі «чудзікамі».

Слава, сувязь зь якім я даўно страціў (здаецца, ён зьехаў у Лёндан), быў у нас знаўцам заходняе музыкі – самай сучаснай і самай моднай. Сачыў за тэндэнцыямі і павевамі, выпісваў, перапісваўся, запісваў, усё як паложана. І сам сьпяваў, як Эліс Купэр. Макс і Слава мелі сапраўдны хаер – больш ці менш доўгі, я то адпускаў валасы, то стрыгся, Лёха і Лаўрэнцій хадзілі з чалавечымі фрызурамі – але ўсіх нас аб’ядноўвала прага нечым вылучацца з натоўпу. Быць такім, як усе, лічылася пошлым. Памятаю, як я выглядаў на сваёй першай у жыцьці дыскатэцы: рваныя джынсы, цяльняшка, дэрматынавая куртка, булаўкі, піянэрскія кеды. Мне здавалася, што круцей апрануцца немагчыма. Ведаў бы я, наколькі сьмела пачну апранацца праз пару гадоў… А першай маёй аплявухай грамадзтву быў надпіс «Так нельзя»: я вышыў яго зялёнымі ніткамі на пінжаку і хадзіў так, пакуль мама яго не спарола. Мне падабалася быць блазнам.

Засталося расказаць крыху пра Лаўрэнція, чалавека зь бясспрэчнымі акторскімі здольнасьцямі і выключным пачуцьцём гумару. Збоку магло б падацца, што ён і ёсьць душа нашай кумпаніі, але душаў у яе было ўсё ж пяць – герархіяў мы не любілі. Ён заўжды насіў маску іранічнага дэндзі, так што калі мы пасталелі, гэта пачало нам усім надакучваць. Чаму яго звалі Лаўрэнцій, я ўжо ня памятаю. Мабыць таму, што ўдала пераймаў грузінскі акцэнт; тады паўсюль іранізавалі: Сталін, Бэрыя, ГУЛАГ, усе гаварылі пра рэпрэсіі 30-х, але збольшага ў кантэксьце ўсяго СССР, пра Курапаты я тады ня чуў… Сталінская тэма пранікла нават у «Ералаш». Аднойчы ў школе на перапынку мае сябрукі разьмеркавалі ролі: хто з нас Сталін, хто Молатаў, хто Бэрыя, хто Малянкоў… Пасьмяяліся і забылі. А да Лаўрэнція, «в міру» Сяргея – мянушка прыліпла. Мы сябравалі да 2001-га. Дзе ён цяпер – хто ведае.

Мае дзевяностыя

Подняться наверх