Читать книгу Мае дзевяностыя - Альгерд Бахаревич, Ольгерд Бахаревич - Страница 7
2018
Ножыкі
ОглавлениеДзевяностыя былі даўно. Дзевяностыя былі нядаўна. Некаторыя рэчы ўжо ніколі ня вернуцца. Некаторыя адгукаюцца самым нечаканым чынам. Гомельшчына. Мы ідзем за дачкой па лесе, жонка зьбірае грыбы. У нас у руках пакеты і кухонныя, востра, па-вясковаму наточаныя нажы. Я кідаю свой нож наперад – і ён утыркаецца ў сырую зямлю лясной сьцежкі. Забытае, дзіўна прыемнае адчуваньне. Менавіта так мы гулялі ў ножыкі ў хмызах каля школьнага стадыёна. Утыркнуўся, увайшоў усім целам свайго прыгожага ляза – падыходзіш, абводзіш вакол яго кола, можаш рухацца далей. А калі нож з тупым гукам пляснуўся на зямлю – саступаеш ход суперніку. Ножыкі… А былі яшчэ ножыкі-«танчыкі». Наколькі я памятаю, там усё залежала ад таго, як кінуць нож: мудрагелістыя кідкі прыносілі больш перавагаў. Напрыклад, з-за сьпіны. Або паміж расстаўленых ног. А яшчэ была гульня ў краіны, у земляныя імпэрыі: дзе ножык утыркнуўся – там твая тэрыторыя…
Я спрабую расказаць пра гэта дачцэ. Здаецца, яна ня надта разумее. Хлопчыкі з нажамі на школьным двары – яе, жыхарку Гамбургу, гэта крыху палохае. Ці яна проста робіць выгляд?
Часам ножыкі з тых школьных гадоў лятуць даўжэй і трапляюць не туды. Вось нехта толькі што напісаў у мэсэнджэр. Ого, стары знаёмы, мы ня бачыліся 20 гадоў. Мы ўяўляем адзін аднаго – і перад нашымі вачыма тыя, маладыя твары, і ў вушах тыя, маладыя галасы. Адказваць – ці не? Мы належым нашым дзевяностым – або яны нам? Ці змаглі мы іх пераадолець у сабе, вырасьці зь іх, навучыцца ў іх нечаму? Ці гэта проста ўмоўнасьць? Час, які быў, мінуў, прамільгнуў, сышоў?..
Тое, чаго я больш за ўсё баюся ў такіх размовах з прывідамі 90-х, – гэта настальгія. Непазьбежныя параўнаньні і высновы: тады мы былі лепшыя, жылі весялей, і наогул там засталося ўсё шчасьлівае, сьветлае і жывое. Ня тое, што цяпер: работа, дом, клопаты, будзённасьць, грошы. «А памятаеш, як ты?.. А памятаеш Таньку?.. А Лаўрыка?.. А памятаеш, як мы?.. »
Ну, памятаю. І што?
Сярод дзесяці запаветаў мне не хапае аднаго. Навучыся забываць.