Читать книгу Мае дзевяностыя - Альгерд Бахаревич, Ольгерд Бахаревич - Страница 19
ШКОЛА
«Пісацелем будзет»
ОглавлениеПачуўшы ад Ніны Сяргееўны пра футурыстаў, пачуўшы верш Бурлюка пра «беременного мужчину» («как он хорош у памятника ПушкИну»), я і сам пачаў пісаць усялякую «футурыстычную» графаманію пра розных «уклюжих медведей». А потым замест абавязковых сачыненьняў стаў здаваць настаўніцы сюррэалістычныя тэксты, за зьмест якіх яна ставіла нязьменнае «пяць» (дый з артаграфіяй і пунктуацыяй у мяне ўсё было ОК). Скажам, задае яна нам напісаць сачыненьне па карціне Шышкіна і атрымлівае ад мяне абсурдны опус пад назвай «Синие шарики на зеленом столе», поўны наркаманскіх вобразаў, якія ня маюць да жывапісу Шышкіна ніякага дачыненьня, тэкст, створаны з дапамогай аўтаматычнага пісьма, ды яшчэ з элемэнтамі «плыні сьвядомасьці». І ставіць мне 5. «Ён так адчувае», казала настаўніца. «Я стаўлю 5 за стыль. Мне здаецца, у яго літаратурны талент». Сачыненьні мае чыталі перад усёй клясай – і цяпер я разумею, што гэта быў першы мой досьвед публічнага прызнаньня. Кляса рэагавала па-рознаму: адны казалі, што з Бахарэвічам усё ясна – «писателем будет», іншыя шматзначна стукалі пальцамі па лбах і круцілі пальцам ля скроні; выдатніцы, якія добрасумленна перапісвалі ўсё з падручніка, крыўдавалі, мае сябры, якія і самі пісалі самастойна і цікава, сьмяяліся, а большасьці было да дупы, што я там панапісваў: літаратура падавалася ім абсалютна бессэнсоўным заняткам. І ў нечым яны мелі рацыю.