Читать книгу Мае дзевяностыя - Альгерд Бахаревич, Ольгерд Бахаревич - Страница 3
2018
Скаргі і ўцёкі
ОглавлениеПадаецца, вось ён, шанец нечага дасягнуць, не хітруючы і нікуды не ўцякаючы. Застацца. Дзе там. Мы засталіся – і зайздросьцім тым, хто зьехаў. А яны – нам. Усё як раней.
І ўсё ж лепш такая эмігранцкая нябачнасьць, чым лёс усходняга эўрапейца, які дагэтуль марыць пра Эўропу, седзячы ў сябе дома. Дома мала што зьмянілася. Галоўным талентам Усходняй Эўропы дагэтуль застаецца талент своечасова адсюль уцячы. Мне сорак тры – і людзі наўкола мяне заўжды або марылі пра тое, каб зьехаць, або зьбіраліся, або проста зьяжджалі.
Я зайздрошчу тым, хто нарадзіўся раней за мяне. Яны маглі паскардзіцца сьвету на нешта канкрэтнае – а значыць, ім было пра што пісаць. На адным болю, на адной несвабодзе, як на адным крыле, можна было ляцець доўга… А цяпер? Ня скардзіцца ж на тое, што табе проста задушліва тут жыць. На тое, што ты нарадзіўся ў 1975-м. Сам вінаваты. Ты сам вінаваты, што твае дзевяностыя прайшлі ў Менску.
Цяпер ніхто ня хоча ад нас скаргаў. Ад нас хочуць пераменаў. «Ну, нешта ж зьмяняецца…» – мармычам мы. Праўда? Ну і добра.
Усходняя Эўропа – гэта больш не цікава.
Калі толькі там, вядома, не ідзе вайна. Калі б я нарадзіўся раней, я быў бы ўдзельнікам вайны. Ужо адно толькі паводле паходжаньня. Салдатам вялікай прапагандысцкай бітвы. Вэтэранам, ахвярай, маленькім жаўнерыкам «халоднай» вайны. Вайна – добрая інфармацыйная нагода, вайна – самы прадаваны трэнд, вайна робіць любую літаратуру бачнай. Нават кепскую. І пісьменьнікаў робіць бачнымі, а іхныя дзіўныя мовы – чутнымі…
«Халодная» вайна – не выключэньне.
Чытаючы кнігі, знаёмячыся з рознымі людзьмі, з прагнай цікавасьцю шукаючы сьведчаньні і ўспаміны, я разумею, што, пэўне, у нечым яно так і выглядала: некалі савецкі пашпарт быў гарантыяй таго, што ты маеш права на паратунак і бачнасьць. Што табе ёсьць ад чаго ўцякаць. Што ты – беглы раб у пошуках свабоды. Прывід у пошуках цялеснае абалонкі.