Читать книгу Мае дзевяностыя - Альгерд Бахаревич, Ольгерд Бахаревич - Страница 15
ШКОЛА
Макс. Слава. Лаўрэнцій. Лёха. Я
ОглавлениеТак, нас было пяцёра сяброў – амаль усе мы вучыліся ў адной клясе, толькі Лёха потым перавёўся ў іншую школу, у Новых Шабанах. Зь Лёхам мы сябравалі найдаўжэй – зь пятае клясы ажно да пачатку цяперашняй вайны ва Ўкраіне. Прызнаньня, на чыім ён баку ў гэтым супрацьстаяньні, нашае сяброўства ня вытрымала. Шкада. Лёха любіў песьні Віктара Цоя і баявыя мастацтвы, добра вучыўся, качаўся, меў строгіх бацькоў і заўжды быў дужа, нават празьмерна галянтным кавалерам. І пры гэтым ён увесь час рабіў дзіўныя ўчынкі: напрыклад, часта хадзіў па Шабанах, аглушальна б’ючы ў далоні, і рэха стаяла па ўсіх дварах. Была ў яго нейкая жарсьць да гучнасьці: увесь сьвет мусіў ведаць, што ён існуе… Што ж, пачатку 90-х зь іхнымі лавінамі інфармацыі гэта пасавала. Гэта ён напалохаў неяк маю маму: пазваніў у дзьверы, думаючы, што адчыню я, – выключыў сьвятло на пляцоўцы, накінуў капюшон, закаціў вочы і запаліў сьвечку, трымаючы перад самым тварам… У той час, калі мы ўсе асвойвалі першыя гітарныя акорды, ён казаў, што хоча навучыцца граць на барабанах, – і нашыя першыя «альбомы», запісаныя на магнітафон, поўныя ягонага грукату: па скрынках, ночвах і місках. Што праўда, граць ён так і ня вывучыўся. У ягоным пад’езьдзе мы часта зьбіраліся цягам усіх дзевяностых: там і дагэтуль на сьцяне сьляды ад цыгарэтаў, якімі мы выпальвалі розныя надпісы, нібы пячорныя людзі, – хто ведае, навошта.