Читать книгу Мае дзевяностыя - Альгерд Бахаревич, Ольгерд Бахаревич - Страница 6
2018
Тут, тут, тут
ОглавлениеЯ пражыў усе свае 90-я ў Менску – горадзе, што імкліва зьнікае, пакідаючы сям і там дзіўныя «месцы памяці», якія я называю магічнымі брамамі. Я піў партвэйн, хаваючыся за руінамі старасьвецкіх дамоў, – там, дзе цяпер буяе прылізаная Зыбіцкая, і гарэлку на Панікоўцы, і піва ля Фэлікса, я спраўляў малую патрэбу пасярод плошчы Незалежнасьці, атрымліваў у пысу ў дзікім, вусьцішным і поўным асацыяльных элемэнтаў парку Горкага, бадзяўся па Чэрвенскім рынку і прадаваў сабакаў на Старажоўскім, граў панк-рок у даўно ня існых клюбах, купляў траўку на стадыёне «Дынама», пісаў вершы на старым чыгуначным вакзале і чытаў іх у падземных пераходах…
Што тут засталося ад таго Менску? Хіба піражкі зь мясам – дый яны ўжо ня тыя. Хіба людзі – але і зь імі, як высьветлілася, праблема. Людзі занятыя, яны будуюць свае жыцьці і кватэры ў крэдыт. Дзяржава будуе новы горад на месцы старога. Прагрэсіўныя грамадзкія колы выбудоўваюць стратэгіі змаганьня. Ідзеш па гэтай бяскрайняй будаўнічай пляцоўцы і адчуваеш раптам, як унутры нібыта загараецца лямпачка: тут, тут, тут. Тут ты жыў. Вось тут, памятаеш: тут табе было страшна. А цяпер на месцы страху – будыніна. Будучыня. Быццам колішнія страхі выкарчаваў «Зелянбуд». Менск зрабіўся месцам падманлівага спакою, узьведзенай у абсалют бясьпекі, узорам паліцэйскай працы. Гвалт і жах схаваліся за сьцены высокіх дамоў. Ніхто ня бачыць, ня чуе, не крычыць. Толькі той псыхічна хворы хлопчык, што часам ходзіць вуліцай, на якой мы цяпер жывем, раптам як залямантуе на хаду:
«Ы-ы-ы!»
Ён ідзе пад нашым бальконам, уздоўж Асмалоўкі ў бок плошчы Перамогі, і пранізьліва енчыць: працягла, роспачна, балюча.
«Ы-ы-ы!!!» І здаецца, што гэта крык гораду прарваўся нарэшце вонкі скрозь забудаваную прастору. Крык паступова заціхае. Людзі зачыняюць за сабой вокны. Зіма.