Читать книгу Мае дзевяностыя - Альгерд Бахаревич, Ольгерд Бахаревич - Страница 18

ШКОЛА
Настаўнікі

Оглавление

Збольшага настаўнікі нас любілі. Нягледзячы на ўсе нашыя дзівацтвы, выклік у паводзінах і штодзённую настроенасьць на бурлівы пратэст. Не любіць нас было немагчыма: мы не дазвалялі сабе хамства, больш-менш добра вучыліся, шмат чыталі, увесь час імкнуліся абагнаць праграму – і спрабавалі да ўсяго паставіцца крытычна, а дзеля гэтага шчыра стараліся зразумець тое, што нам удзёўбвалі на ўроках. Як дыплямаваны пэдагог кажу: вучняў, якім мала школьнай праграмы, трэба песьціць. У пераносным, вядома, сэньсе.

Асабліва нас любіла настаўніца расейскай мовы і літаратуры – Ніна Сяргееўна Філіпенка, якая захоплена расказвала нам пра Булгакава, наноў адкрытага Зошчанку, Ахматаву, Хармса і «абэрыутаў», «Дзяцей Арбату», пра ўсіх тых, пра каго ў школе тады гаварыць было нельга, хоць ужо афіцыйна і не забаронена. Тая самая Ніна Сяргееўна, зь якой мы спрачаліся пра мараль у Дастаеўскага і містыку ў Гогаля і якая заляпіла мне «два» толькі аднойчы: калі я на ўсю клясу назваў пэрсанажа «Ціхага Дону» «бальшавіцкай сволаччу» і адмовіўся пісаць пра яго сачыненьне.

Які ж палітычны гэта быў час! Прыходзіш у школу: усе абмяркоўваюць паседжаньні Вярхоўнага Савету – школьнікі, настаўнікі, вахцёрка з кухаркай, завучы, дырэктар. Ідзеш у краму – і там тое самае. І паўсюль пырскае сьліна, лятуць маланкі з вачэй, грукаюць кулакі – народ чыхвосьціць усіх, камуністаў, дэмакратаў, нацыяналістаў, нікому рот не заткнеш, усе маюць права на «мненіе». Фразачкі з учорашніх тэлетрансьляцый на раніцу робяцца мэмамі: «Шаноўныя грамадзяне, асвабадзіце задні праход». Лаўрэнцій парадыруе кагосьці, здаецца, Дземянцея: «Шаноўныя дэпутаты, у нас дэмакратыя, кожнаму па тры мінуты!» Па Шабанах ходзяць анэкдоты пра Пазьняка – спачувальныя, К. з нашае клясы шэпча мне на ўроку: «Беларусь ад Атлянтыкі да Ўралу!», анэкдоты пра Леніна ўжо нікому не цікавыя.

Мае дзевяностыя

Подняться наверх