Читать книгу Мае дзевяностыя - Альгерд Бахаревич, Ольгерд Бахаревич - Страница 21
ШКОЛА
Жаба
ОглавлениеНастаўніцу беларускай мовы і літаратуры ў школе называлі Жаба. Яна і праўда была крыху падобная да сумнай і замучанай нелюдзямі жабы – няшчасная жанчына, якая цягнула перад маладымі прыдуркамі воз нікому не патрэбнай літаратуры, а яны кідалі ў яе мокрымі анучкамі, стралялі насьліненымі шарыкамі з асадак… Не, мы зь сябрамі яе Жабаю не называлі – але і выступаць супраць клясы і абараняць настаўніцу нам не хацелася, бо сымпатыі яна не выклікала. Ёй я пісаў зусім іншыя сачыненьні – больш падобныя да артыкулаў у газэце «Навіны БНФ». Задавалі Купалу – я адгукаўся антыкамуністычнымі агіткамі, кляў паганых маскалёў і заклікаў да паўстаньня і незалежнасьці. І падпісваў усё гэта так: Вінцук Магілка.
Настаўнікі ня ведалі, што з гэтым рабіць, – бо тую самую рыторыку можна было пачуць і па тэлевізары, ад дэпутатаў БНФ. Беларускую мову я тады ўжо ўспрымаў сваёй, пачынаў публічна размаўляць, вывучыў тарашкевіцу – усе мае дыктоўкі, заданьні і практыкаваньні я выконваў клясычным правапісам, што вельмі злавала і так хворую і даведзеную да адчаю беларусіцу.
Калі мы скончылі школу, яна памерла.
Расейская і беларуская мовы і літаратуры, гісторыя, нямецкая мова, геаграфія – з гэтымі прадметамі ў мяне ніколі не было праблем, я заўжды быў сярод найлепшых. Зразумела, што, прагна чытаючы ўсё, што траплялася пад руку, я ведаў часам значна больш за настаўнікаў. А вось матэматыка, фізыка, хімія… Тут я вучыўся на тройку-чацьвёрку. Ніякай цікавасьці да дакладных навук або тэхнікі я не адчуваў. Праўда, настаўнікі ставіліся да гэтага з разуменьнем і надта ня ціснулі. Сапраўдныя праблемы былі зь іншымі прадметамі – тымі, дзе патрэбныя былі дысцыпліна, грубая сіла і абсалютная паслухмянасьць. Фізкультура, праца і – самае ненавіснае: пачатковая вайсковая падрыхтоўка.