Читать книгу Брыгадны генерал (зборнік) - Кастусь Травень - Страница 10
Пад зорным небам Айчыны
Апавяданне
І
ОглавлениеЧырвоны дыск сонца ўладарна ўздымаўся над небакраем, над вясковымі краявідамі – белай заснежанай прасторай, цёмна-шэрай пасмай шашы, што ўзбягала на ўзгорак і цягнулася да чыгуначнай станцыі – над усёй гэтай гістарычна дробнай і часовай чалавечай марнасьцю.
Ранішнюю цішыню наваколля парушалі вясёлыя галасы і смех юнакоў і дзяўчат, што ішлі шыхтам па шашы. Дзесьці ў канцы шыхта Вова Ігнацюк граў на баяне і спяваў: «Ты куды мяне клічаш, паслухай? Завіруха, мяцель-завіруха…»
Веня Давідовіч як зачарованы глядзеў на непахісны рух зоркі. «Вось так некалі валадарна сонца ўздымалася над рымскімі легіёнамі Цэзара, фалангамі Аляксандра Македонскага, арміямі Банапарта, партызанскімі атрадамі і вайсковымі групоўкамі другой сусветнай вайны… І ўсё мінула, як і не было ніколі. Гэтаксама праляціць ягонае маладое жыццё: хутка, імкліва і незваротна. Жыццёвы час разыйдзецца на нейкія драбноты. Застануцца толькі ўспаміны…»
Веня адвёў позірк ад сонца і, выдыхаючы пару ў марознае паветра, глянуў па юначы шчымліва на Ліпу.
– Ты пайшоў? Навошта? Не разумею, – зялёна-бурштынавыя вочы Ліпы Бакуніч пяшчотна глядзелі на Веню. – Чаму ты не такі, як усе? Будзь прасцейшы. Ідзі па дарозе. Яны для таго і створаны, каб па іх хадзіць.
– Разам з усімі! – адказаў Веня, каб хоць нешта сказаць. Ён трымаў руку Ліпы ў блакітнай рукавічцы, глядзеў у яе дзіўныя вочы і бянтэжыўся ад рою пачуццяў і думак. Сэнс выказаных Бакуніч слоў не кранаў ягоную свядомасьць. Побач ішлі таварышы па вандроўцы ў брызянтовых штармоўках, з заплечнікамі і звязанымі іртамі[18] на плячах. Яны жартавалі, смяяліся, гаварылі аб чымсьці сваім, а праходзячы вобак, звярталі ўвагу на Веню і Ліпу, падначкі і падбухторванні ляцелі ў іх бок.
Ліпа Бакуніч – прыгожая і дасціпная, яе ведаў увесь фізіка-матэматычны факультэт, і маленькі, нічым непрыкметны, сарамлівы Веня Давідовіч, якому аднакурснікі з факультэта прыродазнаўства далі мянушку «шчаўлік». Яны стаялі трымаючыся за рукі на вачах усяго вандроўнага гурта. Веня адчуваў сябе няёмка, бо гэта было нязвыкла: ён і яна разам.
Імгненні іх развітання імкліва меншалі. Хвост шыхта няўмольна набліжаўся да іх.
– Да пабачэння, Веня. Жадаю табе ўдачы. – Ліпа зняла рукавічку і паціснула яму руку.
Веню вельмі хацелася ўзяць гэтую маленькую пяшчотную дзявочую далонь і пацалаваць яе.
Бакуніч уважліва глядзела, запамінаючы яго аблічча. У гэтай зорнай вандроўцы ёй спадабаўся гэты шчыры і таму цікавы хлопец. У яго былі жывыя сінія вочы і выгляд далікатнага дзецюка, здольнага саромецца і чырванець. Веня быў такі эмацыянальны і чуллівы, што ўсе думкі і пачуцці адлюстроўваліся на яго твары. Ён нагадваў ёй мілае пухнатае кацяня, якое хочацца пагладзіць. Веня істотна адрозніваўся ад іншых хлопцаў – упэўненых, дасціпных і нават грубых. Хлопцы заўсёды ведалі, чаго яны хочуць у цяперашніх варунках жыцця. Веня быў спадкаемцам іншай эпохі, той, што даўно адыйшла, гераічнай і прывабнай, у якой некалі жылі ветлівыя і мужныя шляхетныя рыцары, па якіх яшчэ мроілі пяшчотныя дзявочыя душы.
– Бакуніч, а ты помніш, што мы рабілі летась пасля вяртання ў Менск з вандроўкі, калі ўбачылі тралейбус? – запытаў, падыйшоўшы ў канцы шыхта Вова Ігнацюк.
– Убачыўшы тралік, мы закрычалі ура! – засмяялася Ліпа, і падхапіўшы лыжы на плячо, пайшла побач з Ігнацюком. Вова нешта гаварыў ёй, потым павесіў за плечы баян і забраў ірты ў Ліпы. Яны адыходзілі, а Веня застаўся і цяпер глядзеў ім услед.
Імгненне назад часцінка гэтага жыцця, яно ўжо не належала яму і, гледзячы на тых, хто пайшоў, ён зайздросціў і ўжо вагаўся. Да Вені вярнуліся яго мінулыя сумненні і два супрацьлеглыя жаданні: пайсьці ці застацца? Вярнуцца ізноў да гурта! Зрабіць усяго два крокі – і шыхт ізноў прыме яго ў свае шэрагі, ён ізноў будзе з гэтай бестурботнай і вясёлай тусоўкай. Яны дойдуць да Горацкага чыгуначнага вакзала, сядуць у цягнік і паедуць у Менск. Ён ўявіў сабе гэты момант, нібы ўжо сядзеў у вагоне цягніка. Там будзе цёпла і весела, і ніякія сумненні не будуць мітрэнжыць яго душу.
Альбо паслухацца тога ледзь чутнага адчування, што клікала яго: звярнуць на прасёлкаваю дарогу, ізноў апынуцца ў гэтым снежна-белым сусвеце палёў, лясоў і вёсак?
Ягоны бацькоўскі дом знаходзіўся за добрую сотню кіламетраў ад Горак, і ён вырашыў на лыжах дабірацца дадому самастойна. Некалі Амундсен, знакаміты нарвежскі даследчык Арктыкі і Антарктыкі, у юнацтве таксама рабіў свае першыя вандроўкі на іртах па снежных плато Нарвегіі. Чаму ён, Веня Давідовіч, ня можа зрабіць тое самае? Прабегчы ад Горак да Старога Быхава нейкую сотню кіламетраў?
Ён адчуваў, што павінен зараз павярнуць і пайсьці адзін сваёю сцяжынай. У гэтым бестурботным асяродку хлопцаў і дзяўчат ён вычарпаў сябе і нічога новага сцвердзіць ня здолее. Больш адважныя, моцныя, рухавыя дамінантныя самцы затруць яго, зусім не вагаючыся пры гэтым. Яны ўжо сталі адціраць яго на ўзбочыну, яшчэ крыху – і гэтая дзяўчына з зялёна-бурштынавымі вачыма расчаруецца ў ім. Тады, калі ён бег уперадзе гурта, пракладаў лыжню, ён прыносіў карысьць, хоць неяк вызначаў сябе сярод іншых. Але гэтае працяглае свята, дасягнутая мэта пачынала непакоіць яго. Зноў яны будуць весяліцца, спяваць, жартаваць, граць на гітары і баяне – і тым самым запалоньваць прастору і час, пакінуўшы яму месца гледача. Плынь гэтага жыцця прыцягвала і не пакідала часу для самастойных роздумаў ці пошуку ўласных алгарытмаў.
Веня належаў да прыхаванага і шматлікага пласта няўпэўненых людзей. Ён штосьці ведаў, але нічога не ўмеў. Гэта няўменне і нараджала няўпэўненасьць. Веды былі чужым і таму невядомым досьведам. А свайго досьведу, пражыўшы 19 год на зямной кулі, ён ня меў. Веня ня ўмеў прыгожа танчыць і спяваць, добра граць на гітары, не ўмеў цалавацца, не ўмеў заляцацца да дзяўчат. Ён не ўмеў пры неабходнасьці пастаяць за сябе, даць па чужым твары, не ўмеў тысячы іншых патрэбных і карысных для маладога чалавека спраў. Яго мінулае не давала ніякіх падстаў моцна верыць у сябе, у свой розум, свой характар, што ў любой жыццёвай сытуацыіі ён знойдзе неабходнае рашэнне, дасягне поспеху, стане пераможцам.
Панятак «пераможца» быў яму невядомы. Дабрыня і справядлівасьць здаваліся вышэйшымі каштоўнасцямі жыцця і выключалі магчымасьць існавання «пераможцы», бо калі існуе «пераможца» – гэта значыць, што ёсьць той, хто атрымаў «паразу». Верагоднасьць існавання «прайграўшага» было несправядліва, бо аўтаматычна дазваляла магчымасьць існавання «зла». Веня верыў, што справядлівасьць дасягнула канчатковай і поўнай перамогі.
Усё папярэдняе жыццё яго свядомасьць назапашвала абстрактныя, ідэалагізаваныя чужыя паняткі, покуль лёс не паставіў яго на прасёлкавую дарогу, якую ён цяпер павінен быў прайсьці самастойна.
Шыхт лыжнікаў адыходзіў усё далей і далей. Асобныя постаці ўжо нельга было разгледзець, яны зліваліся ў адну цёмную пляму. Веня канчаткова застаўся адзін. Суполка лёгка адпусціла яго, і яму зараз было неяк крыўдна ад таго, што ніхто асабліва не ўгаворваў яго застацца. І гэта сведчыла, што ён нічога не значыў для іх. Маленькі, дробны чалавечак, што блытаецца перад іншымі і толькі перашкаджае мэтанакіраваным і адэкватным. Маладзёна ўзяла такая маркота, што яму хацелася плакаць. «Ці мог Амундсен плакаць у адзіноце на снежным плато Нарвегіі?» Веня стаяў на ўзбочыне шашы і палкай ад ірт механічна дзёўб лёд на ўкатанай зімовай дарозе.
Учора ён праводзіў Ліпу пасля канцэрта і пасаромеўся пацалаваць яе на вачах закаханага ў Бакуніч настойлівага фізматаўца Анатоля Кавалевіча. Той разам з іншымі студэнтамі нахабна ішоў за імі да самай хаты, дзе ўладкаваліся на начлег Ліпа Бакуніч і Алёна Косцень. Ён пасаромеўся, а сёння ўвечары яе праводзіць Вова Ігнацюк ці Анатоль – яны, канешне, не збянтэжацца.
Як жывая, стаяла перад вачыма Бакуніч, якой яна была ў той дзіўны вечар.
18
Ірты – лыжы. Згодна беларуска-расейскага слоўніка д-ра Яна Станкевіча і расейска-беларускага слоўніка Вацлава Ластоўскага ад 1924 года.