Читать книгу Брыгадны генерал (зборнік) - Кастусь Травень - Страница 13

Пад зорным небам Айчыны
Апавяданне
ІV

Оглавление

Пачало цямнець, калі ён нарэшце выйшаў на апошняю дарогу дня. Дзесьці праз чатыры-пяць кіламетраў, казалі жанчыны, што ішлі на ферму, будзе вёска Сяліба, дзе Веня планаваў прыпынак. Ён хацеў дабрацца менавіта да гэтай вёскі, у якой ён запланаваў яшчэ ў Менску прыпынак на ноч. Калі ён не дойдзе да Сялібы сёння, тады яму прыйдзецца ісці дадому яшчэ два дні. Гэтая думка зараз выклікала ў яго жах.

Раптам Веня заўважыў, што стала зусім цёмна. Навокал не было бачна ніводнага агеньчыка, які сведчыў аб чалавечым жытле. Дарога, прыбітая санямі, цягнулася кудысьці ў цемру. Аднекуль збоку дзьмуў халодны пранізлівы вецер. Ён бег і бег па дарозе, бо дзесьці наперадзе павінна быць вёска. Але яе ўсё не было. І ён стаў адчуваць, як унутры яго нараджаецца страх, які пераходзіць у адчай. Страх, якога ён ніколі не ведаў, і нельга было спыніцца, легчы і перачакаць гэты няўтульны, змрочны час. Упершыню ён сам павінен быў рухацца ў жыцці, каб некуды прыйсьці. Там, дома ці ў інстытуце, усё было ясна і зразумела. Калі надвор’е рабілася снежаньскім, няўтульным, змрочным і ціснула на псіхіку, можна было перачакаць яго, лежачы на ложку альбо пайсці ў кіно ці выпіць піва. І тады сам час, бегучы наперад, забіраў з сабой яго ў больш гасціннае і вясёлае жыццё. Зараз усё зрабілася іншым: холад, змрок, самота, невядомасьць – усё гэта разам ўтварала ў Вені пачуццё сваёй неабароненасьці. Трэба было нешта рабіць, яму здавалася, што ён прабег па дарозе гэтыя пяць кіламетраў, што там, у гэтай цемры, сярод палёў і хаваецца маленькая вёсачка з людзьмі і чалавечым жытлом, без якога ён цяпер проста не мог існаваць.

Ён звярнуў з дарогі і, правальваючыся іртамі ў сумётах снегу, доўга ішоў полем, покуль не ўзбіўся на нізіну, дзе-нідзе зарослую хмызняком і з цёмным стажком сена. Ён нейкі час адпачываў, прытуліўшыся да стажка спіной, затым зняў лыжы і скінуў на снег заплечнік. Зацята наскуб бярэма сена і кінуў яго на снег, сеў і абпёрся спіной аб стажок. У двух кроках цяпер нічога не было бачна. Вецер ціха завываў, кідаючы ў твар калючы снег.

У кніжках Веня шмат разоў чытаў аб праявах мужнасьці, як патрэбна трымаць сябе ў гэткім становішчы. Магчыма, будучы на Поўначы, ён адчуваў бы сябе героем і здолеў бы змагацца, але тут, у цэнтры Еўропы, ён канчаткова знямог духам. Яму здавалася, што час прыпыніўся і зрабіўся вечнасцю. Адно імгненне перацякала ў наступнае і нічога не адбывалася. Сусвет не змяняўся, заставаўся, як і раней, чужым, незразумелым, халодным і варожым. Яго абкружала цемра, вецер, снег, бязлюдныя заснежаныя прасторы з чэзлым хмызняком.

Веня добра ведаў, што недзе там, вельмі далёка ад гэтага месца, пра якое забыўся Бог, павінны быць вялікія залітыя электрычным святлом гарады, такія самыя, у якім жыў ён. Ён разумеў гэта, але гаспадаром тут цяпер была Цемра. Яна ўладарыла сярод гэтых заснежаных прастораў. Яна дыктавала яму сваю волю. Тыя маленькія сумненні, скруха, туга, якія жылі ў ім, зараз, пры панаванні Цемры імгненна выраслі ў гмахі адчаю. Цемра праглынула Веневу душу. Ніякага чалавецтва не існавала! Не было вялікіх гарадоў, залітых электрычным святлом, дзяўчыны з бурштынавымі вачыма, тралейбусаў, якія рабілі жыццё простым, тэлевізараў, футбола, піва, касмічных караблёў, – нічога гэтага не было! Змрок быў сапраўдным гаспадаром зямной кулі. І гэты Сусвет існаваў заўсёды! Тысячу год назад! І сто мільёнаў год назад! Чалавечае жыццё не мела сэнсу.

Веня дайшоў да апошняй прыступкі адчаю. Ніжэй было дно. Дно, у якім можна было выкапаць магілу. Дно. дно. цвёрдае дно, ад якога можна было адштурхнуцца. Ён паспрабаваў сабраць думкі ў ланцужок і некалькі доўгіх імгненняў напружана прыслухоўваўся да наваколля. Веня не адчуў варожасці навакольнага асяродзя, якое не ставіла мэту загубіць яго. Змрок прыйшоў і выконваў свой абавязак, а паміраць або жыць далей было асабістай справай чалавека. Веня ўзняўся і стаў хутка хадзіць каля стажка.

«Трэба аказаць супраціў», – прыйшлі яму ў галаву чутыя некалі словы. Ён сеў, затым узняўся і зноў пачаў хадзіць, грузнучы ў гурбах снегу, і думаць, думаць, думаць… Мэта была не ў тым, каб нешта пераадолець у сабе і зламаць, а ў тым, каб стварыць тое, чаго ў ім не было. Ён, які заўсёды шукаў падтрымкі ў іншых, зараз павінен быў збудаваць гэты падмурак унутры самога сябе. Веня адчуваў, што нейкім чынам усё, што адбываецца з ім цяпер, звязана з Ліпай. Калі ён не зразумее нешта галоўнае, ён страціць Ліпу назаўсёды. Важна было ня толькі не загінуць, але і зразумець нейкую важкую ісціну, якая вырашыць усе паўсталыя перад ім цяжкасьці.

«Змрок прыходзіў і існаваў. Ён уздзейнічаў. Быў сілай, якая існавала заўсёды. Цемра валадарыла над тымі, хто сам не быў сілай, і таму не мог процідзейнічаць! Калі не весьці барацьбу з цемрай, тугой, роспаччу і ўрэшце памерці ля гэтага стажка з сенам – значыць, скарыцца перад Цемрай. Але чалавек – гэта сіла розуму, і параза гэтай сілы і ёсьць несправядлівасьць з пункту гледжання чалавецтва. Ягонае «Я» – не проста маленькі камячок свядомай пратаплазмы, эгаізму, себялюбства, але вынік дзеяння ўсяго чалавецтва, што на працягу доўгіх тысячагодзяў вяло барацьбу з Цемрай! Загінуць зараз – значыць здрадзіць чалавецтву, праявіць несправядлівасьць да чалавецтва як касмічнай сілы! Урэшце ў дачыненні да чалавечай цывілізацыі кожны індывід павінен проста выконваць свой абавязак.»

«А Ліпа?» Ён пытаўся і нехта мудры і празорлівы адказваў на гэтыя вечныя пытанні быцця.

«Усе роўныя. І Ліпа, і Вова Ігнацюк, і Анатоль Кавалевіч, і Веня. А калі роўныя, значыць, маем роўныя правы.» Гэтая думка яснай і простай формулай бліснула ў свядомасьці.

Веня замацаваў ірты на чаравіках, абтрос ад снегу і закінуў заплечнік на спіну і нетаропка пайшоў назад па пракладзеным следу да дарогі. Ён ішоў павольна, асэнсоўваючы знойдзеныя ісціны, што адкрыліся перад ім. Ён адчуваў сябе незвычайна моцным адтаго, што быў з’яднаны з усім чалавецтвам. І таму ён ужо нічога не баяўся.

Вецер, разагнаўшы хмары, сціх. У марознай цішыні чуўся толькі рып чаравікаў і шоргат лыж па снезе. Сярод ночы ўверсе ва ўсёй прыгажосьці ўладарна панаваў цудоўны галактычны кілім Млечнага Шляху. Незвычайна буйныя зоркі склаліся ў дзівосна прыгожыя сузор’і, і ўвесь гэты казачны Сусвет нібы салютаваў Веню…

Ён прыпыніўся і з удзячнасьцю доўга глядзеў на маўклівую бязмежнасьць Галактыкі. Ён думаў, які нязначны яго шлях у прасторы… Паляцець бы туды, да зорак…

Змерзнуўшы, ён рушыў далей, да дарогі, пракладзенай людзьмі, узрушана пазіраючы час ад часу на чароўнае зорнае неба. Цяпер Веня ўжо нікуды не спяшаўся.

Брыгадны генерал (зборнік)

Подняться наверх